Tag Archives: Савецкая акупацыя Беларусі

Заява Рады БНР да 80-х угодкаў далучэньня Заходняй Беларусі да СССР

У гэта дзень 80 гадоў таму, праз два з паловай тыдні пасьля нападу гітлераўскай Нямеччыны на Польшчу і пачатку Другой Сусьветнай вайны, савецкія войскі перайшлі мяжу з Польшчай і пачалі свой наступ на Захад насустрач нямецкім войскам. За два тыдні саветы акупавалі значную тэрыторыю. 28 верасьня СССР і гітлераўская Нямеччына падпісалі Дамову аб сяброўстве і мяжы, у якой зафіксавалі падзел тэрыторыі рэгіёна пасьля сумеснай расправы над польскай дзяржавай.

У выніку гэтых падзеяў амаль уся тэрыторыя Беларусі апынулася ў складзе таталітарнай савецкай дзяржавы. Гэты факт дазваляў савецкай прапагандзе сьвяткаваць 17 верасьня як «Дзень узьяднаньня» Заходняй Беларусі з БССР.

Рада БНР канстатуе, што падзел тэрыторыі Беларускай Народнай Рэспублікі, вырашаны паміж РСФСР і Польшчай у 1921 годзе, адбыўся насуперак волі беларускага народу і ў парушэньне права беларускага народу на самавызначэньне.

Рада БНР канстатуе, што аўтарытарны рэжым у міжваеннай Польшчы груба парушаў нацыянальныя правы беларусаў і ажыцьцяўляў дыскрымінацыю беларусаў па нацыянальнай прыкмеце, адмаўляючы беларусам у праве на аўтаномію, абмяжуючы магчымасьці для беларускай адукацыі і грамадзка-палітычнай дзейнасьці, чынячы палітычны перасьлед беларускіх грамадзкіх дзеячоў. Сваімі дзеяньнямі польскія ўлады парушалі як свае агульнапрызнаныя міжнародныя абавязальніцтвы, так і дамоўленасьці зь беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі, дасягнутыя ў пачатку дваццатых гадоў.

Continue reading Заява Рады БНР да 80-х угодкаў далучэньня Заходняй Беларусі да СССР

Заява Рады БНР да 80-х угодкаў Пакта Молатава-Рыбэнтропа

Пакт Молатава-Рыбэнтропа сымбалізуе трагедыю нашага рэгіёна ў дваццатым стагодзьдзі. Мільёны ўсходнеэўрапейцаў былі зьнішчаныя нацыстамі і камуністамі за свае палітычныя погляды, этнічнае ці сацыяльнае паходжаньне. Мільёны загінулі ў Другой сусьветнай вайне, адказнасьць за разьвязаньне якой нясуць таталітарныя рэжымы ў Нямеччыне і СССР.

У гэты дзень 80 гадоў таму Савецкі Саюз і гітлераўская Нямеччына падпісалі пагадненьне аб ненападзе, сакрэтная частка якога прадугледжвала падзел Усходняй Эўропы паміж гэтымі дзьвюма таталітарнымі дзяржавамі. Заходняя Беларусь, якая ў той час знаходзілася пад польскім кантролем, апынулася ў сфэры ўплыву СССР, які на той момант ужо кантраляваў усходнюю частку Беларусі.

Праз тыдзень пасьля падпісаньня пагадненьня Нямеччына напала на Польшчу, што сталася пачаткам Другой сусьветнай вайны.

Двума тыднямі пазьней да Гітлера далучыўся Савецкі Саюз, напаўшы на Польшчу з усходу і дэ-факта ўступіўшы ў Другую сусьветную вайну на баку нацыстоўскай Нямеччыны. У 1939-1941 годзе СССР захапіў Заходнюю Беларусь, Заходнюю Ўкраіну, Бэсарабію і краіны Балтыі. Толькі Фінляндыя здолела абараніць сваю незалежнасьць у няроўнай вайне супраць савецкай ваеннай машыны.

Continue reading Заява Рады БНР да 80-х угодкаў Пакта Молатава-Рыбэнтропа

Другая хваля дэпартацыяў з Заходняй Беларусі: 13 красавіка 1940 г.

13 красавіка 1940 году пачалася другая хваля дэпартацыяў з Заходняй Беларусі.

У гэты дзень акупацыйныя савецкія ўлады выслалі 24 тысячы жыхароў Заходняй Беларусі ў Сыбір, Карэлію і іншыя аддаленыя раёны СССР.

За некалькі месяцаў перад гэтым Заходняя Беларусь была акупаваная і пазьней анэксіяваная Савецкім Саюзам пасьля сумеснага савецка-нацыстоўскага нападу на Польшчу.

Большасьць дэпартаваных склалі жанчыны, дзеці і асобы сталага ўзросту. Многія паміралі ў дарозе ці на новых месцах рассяленьня.

Першая хваля дэпартацыі з Заходняй Беларусі пасьля яе ўзьяднаньня з Усходняй Беларусьсю пад савецкай акупацыяй адбылася ў лютым 1940 году. Тады з рэгіёну было дэпартавана больш за 50 тысячаў чалавек.

Трэцяя хваля дэпартацыі адбылася 29 чэрвеня 1940 году (22 879 асобаў), чацьвёртая – у чэрвені 1941 г. (22 353 асобаў).

Такім чынам, агулам за 1940-1941 гады зь Беларусі ў аддаленыя, часта мала прыдатныя для жыцьця, раёны СССР, было дэпартавана ня менш за 120 тысяч чалавек. Прыкладна столькі ж складае агульная колькасьць дэпартаваных, расстраляных і прызваных у войска па ўсіх краінах Балтыі за той жа самы час.

Чытай таксама:

 

Зьніклая паэзія: фільм пра беларускіх паэтаў, рэпрэсаваных у БССР

1 жніўня 1937 году супрацоўнікі НКВД БССР спалілі дзясяткі тысячаў рукапісаў беларускіх пісьменьнікаў, якія не прайшлі савецкую цэнзуру.

Пра тое, як жыла багема ў акупаванай СССР Усходняй Беларусі да трагічнага 1937-га, глядзіце фільм «Зьніклая паэзія», зьняты пры падрыманьні тэлеканалу «Белсат».

Фільм адзначаны дыплёмам кінафэстывалю «Лістапад», які праходзіў у Менску з 3 па 10 лістапада 2018 г.

Барысаўскі галодны бунт – 7.04.1932

7 красавіка 1932 г. у Барысаве пачаўся галодны бунт, выкліканы савецкай сельскагаспадарчай палітыкай. Гэта быў адзін з найбольш яскравых эпізодаў Галадамору ў Беларусі.

Continue reading Барысаўскі галодны бунт – 7.04.1932

Уладзімер Тэраўскі

23 лістапада 1871 г. у Слуцкім павеце нарадзіўся Ўладзімер Тэраўскі, дырыжор, кампазытар, аўтар музыкі «Ваяцкага марша» – гімна БНР.

Continue reading Уладзімер Тэраўскі

Палітычныя рэпрэсіі застаюцца фактам жыцьця сучаснай Беларусі – Заява Рады БНР да Дзядоў-2017

З нагоды Дзядоў, якія ад канца 1980-х гадоў сталі ня толькі народным днём ушанаваньня продкаў, але і днём памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заклікае ўсіх беларусаў шанаваць памяць соцен тысячаў нашых землякоў, якія сталіся ахвярамі палітычных рэпрэсій і сацыяльных экспэрымэнтаў таталітарнага акупацыйнага савецкага рэжыму, што панаваў на Беларусі большую частку XX стагодзьдзя.

Савецкі тэрор супраць беларусаў не абмяжоўваецца падзеямі 1937 году, які быў пікам гэтай шматгадовай злачыннай палітыкі. Рэпрэсіі супраць беларускіх палітыкаў і актывістаў, сялянаў, вернікаў і любых нязгодных з камуністычным рэжымам пачаліся адразу пасьля ўсталяваньня савецкай акупацыі Беларусі ў 1919 годзе. З той ці іншай інтэнсіўнасьцю рэпрэсіі працягваліся да аднаўленьня незалежнасьці Беларусі ў 1991 годзе.

Савецкая палітыка ў дачыненьні да Беларусі насіла характар зьнешняй акупацыі. Дзеяньні савецкай улады былі скіраваныя на асыміляцыю самастойнай беларускай нацыі, эксплюатацыю Беларусі, яе прыродных і чалавечых рэсурсаў для мэтаў агрэсіўнай савецкай імпэрыі, падаўленьне любога пратэсту супраць савецкай эканамічнай, культурніцкай, міжнароднай палітыкі камуністычнага рэжыму.

Пасьля аднаўленьня незалежнасьці савецкі рэпрэсіўны апарат так і ня быў зьнішчаны. Ён быў неўзабаве выкарыстаны аўтарытарным рэжымам прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, які ўсталяваўся ў 1995-1996 гг. у выніку дзяржаўнага перавароту.

Continue reading Палітычныя рэпрэсіі застаюцца фактам жыцьця сучаснай Беларусі – Заява Рады БНР да Дзядоў-2017

Вялікая расстрэльная ноч 1937 г.

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 г. савецкія ўлады расстралялі некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў грамадзкай, навуковай і культурніцкай эліты Ўсходняй Беларусі. Гэтыя падзеі сталіся апагеем камуністычнага тэрора ў Беларусі, які працягваўся з 1918 г. па сярэдзіну 1950-х гг.

Сьпіс асуджаных быў падпісаны 7 верасьня 1937 году І. Сталінам, В. Молатавам, Л. Кагановічам, К. Варашылавам, Н. Ежовам і ўключаў навукоўцаў, літаратараў, высокапастаўленых супрацоўнікаў дзяржаўных установаў БССР.

Расстрэлы 29-30 кастрычніка 1937 г. адбываліся ўва ўнутранай турме КГБ ў цэнтры Менску (так званая “Амэрыканка”). Гэтая турма да сёньняшняга дня выкарыстоўваецца рэжымам Лукашэнкі, у тым ліку для ўтрыманьня палітычных зьняволеных.

Архівы КГБ БССР таксама дагэтуль застаюцца збольшага недаступнымі для дасьледчыкаў.

Continue reading Вялікая расстрэльная ноч 1937 г.

Супольны пратэст БНР і Заходне-Ўкраінскай Рэспублікі супраць польска-савецкай змовы

8 кастрычніка 1920 г. Беларусь і Заходне-Ўкраінская Народная Рэспубліка выдалі сумесную заяву адносна савецка-польскай Рыскай змовы, якая дзяліла Беларусь і Ўкраіну надвое.

Да ўсіх:

Супольны пратэст Дэлегацыі Беларускай і Ўсходне-Галіцкай проці імпэрыялістычнага захвату іхных зямель на аснове рыскай прэлімінарнай умовы.

У Рызе падпісваецца сягоньня прэлімінарная ўмова між Польшчай і Расеяй, якая ня толькі не ўлагодзіць адносін на Ўсходзе Эўропы, але яшчэ болей разьятрыць міжнародную барацьбу. Вынікам гэтай умовы яўляецца самаўпраўнае прыгвалчэньне волі цэлых народаў, спаконвечныя землі каторых ператарговывалі, як прыватную ўласнасьць адпаведна да хаценьня зазнаўшагася імпэрыялізму. Жэртвамі гэтага торгу палі перш за ўсё Беларусь, тэрыторыю каторай самапраўна разарвалі на карысьць Польшчы і Расеі, ды Ўсходняя Галіччына, каторую цалкам кінулі на зьежу Польшчы, а таксама іншыя старыя ўкраінскія землі: Холмшчыну, Валынь і Падольле. А незадоўга пачуюць вынікі гэтага торгу Літва і іншыя прыбалтыцкія дзяржавы.

Continue reading Супольны пратэст БНР і Заходне-Ўкраінскай Рэспублікі супраць польска-савецкай змовы

Канчатковае зьнішчэньне праваслаўнай царквы ў БССР – 1937 г.

У ноч 29 ліпеня 1937 г. савецкія акупацыйныя ўлады арыштавалі пагалоўна ўсё ацалелае праваслаўнае духавенства Менску, іншых гарадоў і вясковых прыходаў на тэрыторыі БССР, якая тады ахоплівала ўсходнюю частку Беларусі. Усе праваслаўныя цэрквы былі зачыненыя, маёмасьць духавенства была канфіскаваная.

Праваслаўныя Біскуп Бабруйскі Філарэт, Біскуп Слуцкі Мікалай памерлі ў турме. Біскуп Мазырскі Іван быў дэпартаваны ў канцэнтрацыйны лягер, дзе памёр. Падобны лёс спаткаў многіх прадстаўнікоў духавенства і вернікаў, арыштаваных у тую ноч.

Акцыя 29 ліпеня 1937 сталася пікам савецкага тэрору супраць праваслаўнай царквы ва Ўсходняй Беларусі.

Continue reading Канчатковае зьнішчэньне праваслаўнай царквы ў БССР – 1937 г.