Заява Рады БНР да 80-х угодкаў далучэньня Заходняй Беларусі да СССР

У гэты дзень 80 гадоў таму, праз два з паловай тыдні пасьля нападу гітлераўскай Нямеччыны на Польшчу і пачатку Другой Сусьветнай вайны, савецкія войскі перайшлі мяжу з Польшчай і пачалі свой наступ на Захад насустрач нямецкім войскам. За два тыдні саветы акупавалі значную тэрыторыю. 28 верасьня СССР і гітлераўская Нямеччына падпісалі Дамову аб сяброўстве і мяжы, у якой зафіксавалі падзел тэрыторыі рэгіёна пасьля сумеснай расправы над польскай дзяржавай.

У выніку гэтых падзеяў амаль уся тэрыторыя Беларусі апынулася ў складзе таталітарнай савецкай дзяржавы. Гэты факт дазваляў савецкай прапагандзе сьвяткаваць 17 верасьня як «Дзень узьяднаньня» Заходняй Беларусі з БССР.

Рада БНР канстатуе, што падзел тэрыторыі Беларускай Народнай Рэспублікі, вырашаны паміж РСФСР і Польшчай у 1921 годзе, адбыўся насуперак волі беларускага народу і ў парушэньне права беларускага народу на самавызначэньне.

Рада БНР канстатуе, што аўтарытарны рэжым у міжваеннай Польшчы груба парушаў нацыянальныя правы беларусаў і ажыцьцяўляў дыскрымінацыю беларусаў па нацыянальнай прыкмеце, адмаўляючы беларусам у праве на аўтаномію, абмяжуючы магчымасьці для беларускай адукацыі і грамадзка-палітычнай дзейнасьці, чынячы палітычны перасьлед беларускіх грамадзкіх дзеячоў. Сваімі дзеяньнямі польскія ўлады парушалі як свае агульнапрызнаныя міжнародныя абавязальніцтвы, так і дамоўленасьці зь беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі, дасягнутыя ў пачатку дваццатых гадоў.

Разам з тым, Рада БНР адзначае, што дыскрымінацыя беларусаў у СССР мела нашмат больш жорсткі характар, чым у Польшчы. Ва ўмовах савецкага таталітарнага рэжыму беларусы ня мелі магчымасьці адкрыта выказваць нязгоду з уладамі, фармаваць альтэрнатыўныя камуністычнай партыі палітычныя рухі, карыстацца свабодай слова. Дзясяткі тысячаў беларусаў у дваццатыя і трыццатыя гады мінулага стагодзьдзя сталі ахвярамі палітычнага тэрору і дэпартацый. Усходнебеларускай культурніцкай і грамадзкай эліце быў нанесены непапраўны ўдар у час сталінскіх рэпрэсій, калі савецкай уладай былі забітыя сотні выбітных беларускіх інтэлектуалаў і дзеячоў культуры.

Рада БНР заяўляе, што далучэньне Заходняй Беларусі да СССР аб’яднала большую частку этнаграфічнай Беларусі пад уладай зьнешняй дзяржавы, якая акупавала Беларусь насуперак воле беларускага народа і зьдзяйсьняла палітыку, варожую ў адносінах да беларусаў і да Беларусі як незалежнай дзяржавы. Савецкая агрэсія супраць Польшчы мела на мэце не ўзьяднаньне беларускага народу, а захоп новых тэрыторыяў, распаўсюд камуністычнае дыктатуры на заходнюю частку этнаграфічнае Беларусі і ў тым ліку зьнішчэньне альтэрнатыўных несавецкіх цэнтраў беларускага грамадзка-палітычнага жыцьця, што існавалі ў Заходняй Беларусі, нягледзячы на ціск польскіх уладаў.

Рада БНР адзначае, што пасьля анэксіі Заходняй Беларусі сталінскі рэжым у палітычных мэтах, з паказальным ігнараваньнем нават фальшывага ранейшага “волевыяўленьня” заходніх беларусаў аб далучэнні да СССР, перадаў тэрыторыі зь беларускім насельніцтвам і гарадамі Вільняй, Беластокам і іншымі ў склад суседніх дзяржаваў.

Рада БНР адзначае, што за анэксіяй Заходняй Беларусі пасьледвала хваля тэрору супраць заходнебеларускіх палітычных актывістаў, у тым ліку тых, хто раней вітаў далучэньне Заходняй Беларусі да СССР, а таксама супраць шырокіх катэгорыяў грамадзянаў паводле сацыяльных і эканамічных прыкметаў.

Рада БНР паўторна выказвае сваё асуджэньне таталітарных рэжымаў дваццатага стагодзьдзя, выказанае ў Заяве да 80-годзьдзя Пакту Молатава-Рыбэнтропа (23.08.2019) і іншых дакумэнтах Рады.

Рада БНР заяўляе пра неабходнасьць прымірэньня па гістарычных пытаньнях і выпрацоўкі супольнага бачаньня гісторыі дваццатага стагодзьдзя, у тым ліку яе неадназначных старонак, як далучэньне Заходняй Беларусі да СССР, паміж Беларусьсю, Польшчай, Расеяй і іншымі краінамі нашага рэгіёна.

You may also like...