Мэмарыял БНР да Парыскай мірнай канфэрэнцыі (1919)

Парыж, мірная канфэрэнцыя 1919 г. Падпісаньне Вэрсальскага міру прадстаўнікамі Нямеччыны

У 1919 і 1920 гг. у Парыжы адбылася мірпная канфэрэнцыя, на якой падводзіліся вынікі Першай сусьветнай вайны і вызначаліся ўмовы пасьляваеннага міжнароднага парадку.

Рада БНР таксама накіравала сваю дэлегацыю на чале з Антонам Луцкевічам для ўдзелу ў канфэрэнцыі з мэтай дасягнуць прызнаньня незалежнасьці Беларусі з боку міжнароднай супольнасьці. Па дарозе ў Парыж дэлегацыя наведала Чэхаславаччыну, дзе была прынятая прэзыдэнтам Томашам Масарыкам. У Парыжы дэлегацыя мела сустрэчу з замежным міністрам расейскага калчакаўскага ўраду Аляксандрам Сазонавым і з польскім прам’ер-міністрам Ігнацыям Янам Падэрэўскім.

Для ўдзельнікаў Парыскай канфэрэнцыі Антонам Луцкевічам і Лявонам Зайцам быў падрыхтаваны мэмарыял, тэкст якога прадстаўляем вашай увазе.

Мэмарыял Беларускага Ўраду
Пану Старшыні Міравой Канфэрэнцыі ў Парыжы

г. Гродна, 22 студзеня 1919 г.

Пад той час, як прынцып самаазначаньня нацыянальнасьцей сьвяткуе пабеду на ўсенькім сьвеці, – дванадцацімільённы Беларускі народ, некалі вольны і незалежны, а пасьля паняволены суседзямі і толькі цяпер паўстаўшый дзеля адбудовы сваёй нацыянальнай культуры і дзяржаўнасьці, стаіць перад пагрозай новага паняволеньня – яшчэ горшага за колішняе, бо яно суліць яму ў дадатку разрыў жывога нацыянальнага арганізму на некалькі часьцін. У гэткі мамэнт ядынае законнае прадстаўніцтва Беларускага народу, Народнае Міністэрства, прызванае да жыцьця народнай воляй, лічыць сваёй павіннасьцю зьвярнуцца да вялікіх дзяржаў, апавесьціўшых прынцып нацыянальнага самаазначаньня, з просьбай аб зашчыту апіраючыся не на сілу аружжа, а на сваё права на жыцьцё і свабоду.

Праз нейкую дзіуную іронію долі культурны сьвет ведае аб рожных дробных і слабых народах і паддзержывае іх дзяржаўнасьць,- але аб дванаццацімільённым Беларускім народзе, бацькаўшчына катарага ў дадатку страшэнна зруйнавана вайной, ня ведае і ня рупіцца ніхто…

Гранічучы на заходзі з Польшчай, на паўночным заходзі з Літвой і Латвіей, на поўначы і ўсходзі з Маскоўшчынай і на паўдня з Украінай, абшар Беларусі, даходзячы 300 000 квадратных кіломэтраў, абнімае быўшыя расейскія губэрні Віленскую, Гродзенскую, Менскую, Вітэбскую, Магілёўскую, палову Смаленскай, часьць Чарнігаўскай і сумежныя паветы Сувальскай, Ковенскай, Курляндзкай і іншых губэрняў.

Згруба гранічная мяжа Беларусі йдзе гэтак: ад Дзьвінску на поўнач ламанай лініей да станцыі пры чыгунцы Корсаўка, адтуль на ўсход да Ржэва на Волзе блізка зусім простай лініей, ад Ржэва граніца йдзе ў паўднёва-заходнім кірунку на Бранск і далей па Дзесьне, адтуль на заход крывой лініей на Грамяч, Ноўгарад-Северск, Гарадню, усьце Прыпяці і далей уздоўж балот Прыпяці (на паўдня ад іх) Буга і Нарэва да Беластоку. Акружаючы з заходу Беласток і Хорошч, якія знаходзяцца на Беларускай зямлі, граніца паднімаецца на поўнач, захоплівае места Аўгустоў і далей ламанай лініей ідзе цераз Друскенікі, Эйшышкі, Новыя Трокі, Мусьнікі, Сьвенцяны – да Дзьвінску. Места Вільня стаіць на Беларускай зямлі, і літоўская граніца акружае яго паўкругам радзіусу 20-60 вёрст. На ўсім паказаным абшары беларусы становяць каля 75% насяленьня, жыды становяць тут каля 12%, а рэшта – палякі, вялікарусы, украінцы, літвіны, татары і інш.

Беларусы вядуць свой род ад старых славянскіх плямёнаў Крывічоў, Дрыгвічоў і інш., каторыя ўжо у IX сталецьці зрабілі пачатак сваёй дзяржаўнасьці. Ад IX да XIII ст. гісторыя Беларусі – гэта час цяжкой барацьбы за незалежнасьць з суседнімі рускімі князьствамі, барацьбы за вольны доступ да Балтыцкага мора, з каторым Беларусь зьвязывалі водныя тарговыя дарогі – Дзьвіна і Нёман. Гэная барацьба прымусіла беларускія плямёны крэпка еднацца паміж сабой і зрабіць хаўрус з Літвой. Ад XIII да другой паловы XVI ст. беларусы разам з літоўскім народам збудавалі магутную дзяржаву, якая найбольш вядома пад імем Вялікага Князьства Літоўскага. Дзякуючы сваей культурнасьці і высокаму разьвіцьцю грамадзкага жыцьця, беларусы здабылі тутака пануючае палажэньне. Беларуская мова сталася дзяржаўнай мовай па ўсенькім В. Князьстве Літоўскім, сталася мовай культурных людзей, пакінуўшы па сабе сьляды ў вечных памятніках – нялічаным множстве актаў дзяржаўных і цывільнага права, у вядомым на ўсю Эўропу зборніку законаў В. Кн. Літоўскага – “Літоўскім Статуце”, які быў напісаны па-беларуску і сьпярша друкаваўся толькі ў гэтай мове. Ужо ў 1518 г. беларусы мелі друкаваную Біблію у роднай мове.

У 1569 г. на сойме ў Любліне Літоўска-Беларускае гаспадарства падпісала акт дзяржаўнае уніі (еднасьці) з Польшчай. Паводлуг Люблінскай умовы злучыліся яны ў адну фэдэрацыю на аснове поўнай роўнасьці: кожная з іх захавала права мець сваю асобную армію, свае законы, фінансы, суды і мясцовае ўпраўленьне, а еднасьць выяўлялася толькі ў супольным сойме.

У канцы XVIII ст. злучаная Беларуска-Літоўска-Польская дзяржава была разьдзелена паміж трох суседак: Аўстрыяй, Прусамі і Расеей. Беларусь была цэлком прылучана да Расеі ў 1793 г. паводлуг умовы, падпісанай у Гародні. Гэная ўмова павінна была забаспечыць Беларусі магчымасьць свабоднага і самабытнага разьвіцьця і тварэньня свёй нацыянальнай культуры. На жаль, яна ня была споўнена: расейская дзяржаўная палітыка пайшла па даразе гвалтаў і нялічанымі агранічэньнямі і рэпрэсіямі: зачыняючы вышэйшыя школы, уціскаючы веру, забараняючы друкаваць кніжкі па-беларуску (у 1865 г.), ужываць народную мову ў школе і цэркві (1839 г.) і т.д.- старалася забіць у беларусаў нацыянальнае пачуцьцё і абярнуць іх у маскалёў. На Беларусь углядаліся, як на некалькі губэрняў, аднастайных з маскоўскімі, якімі упраўлялі маскоўскім абычаем – з тэй толькі рожніцай, што тут не дапускалі ані ценю самаўпраўленьня, заведзенага ў вялікарускіх губэрнях у 1864 г. Толькі наперадодні сусьветнае вайны ў часьці Беларусі было заведзена земскае самаўпраўленьне, а Віленшчына і Гродзеншчына і тагды асталіся бяз яго.

Жывучы ў страшэнна цяжкіх варунках, пазбаўлевыя нацыянальнай школы і цэрквы, беларусы блізка зусім утрацілі сваю інтэлігенцыю. Аднак за ўвесь час маскоўскага панаваньня рабіліся спробы пачаць работу дзеля нацыянальнага адраджэньня беларусаў, робленыя нацыянальна-сьвядомымі сынамі Беларускае зямлі. Спробы гэныя зыходзіліся з мамэнтамі ўзросту дэмакратычнага руху у Расеі і заграніцай: яны станавілі адгалосак Вялікай Францускай Рэвалюцыі, узмацовываліся ў 1830 і 1848 гадох, выяўляліся ў часе паўстаньня 1863 году, разьвіцьця «народнічества» ў Расеі у 1880-х гадох і ўрэшці абярнуліся ў шырокі масавы народны рух у часе рэвалюцыі 1905 г. У зусім кароткі час беларусы стварылі сваю арыгінальную літэратуру, даўшы багата імёнаў слаўных паэтаў, стварылі сваю народную прэсу, много культурна-прасьветных, грамадзкіх і палітычных арганізацый і т.д. Цэнтрам беларускай нацыянальнай работы была адвечная сталіца краю – Вільня. Найвышэйшай праявай беларускай нацыянальнай работы была праца над будоўляй сваёй незалежнай дэмакратычнай нацыянальнай дзяржавы. Яна разьвярнулася ў першыя ж дні рэвалюцыі ў лютым 1917 году. У марцы ў Менску адбыўся людны зьезд беларускіх грамадзскіх працаўнікоў, на якім быў заснованы “Беларускі Нацыянальны Камітэт”. Месца апошняга пасьля заняла “Цэнтральная Рада Беларускіх Арганізацый і Партый”, каторая адгэтуль гуртавала каля сябе і кіравала ўсю беларускую нацыянальную работу. За шэсць месяцаў рэвалюцыі ідэя адраджэньня і палітычнага самаазначаньня Беларусі ўсё ўзмацоўвалася і разьвівалася на чысьленых зьездах, мітынгах і сходках. Пасьля трэйцяе сэсіі “Цэнтральнае Рады Беларускіх Арганізацый і Партый” у кастрыніку 1917 г. ясна выявілася патрэба стварыць дзяржаўнапраўную ўстанову, якая ўзяла-бы ў свае рукі ўласьць, і палажыў аснову Беларускай Народнай Рэспубліцэ. Дзеля гэтага былі скліканы армейскія зьезды на ўсіх франтах: Заходнім у Менску (18-24 кастрычніка), Паўночным у Вітэбску (15-20 лістапада), Румынскім у Одэсі (3-8 сьнежня), Палудзенна-заходнім у Kіеві; два зьезды беларусаў-бежанцаў у Маскве і адзін у Менску; зьезды вучыцялёў і розных грамадзкіх арганізацый у Смаленску, Вітэбску, Полацку і іншых местох. Рэзультатам гэтых зьездаў было заснаваньне “Вялікай Беларускай Рады” і “Беларускай Цэнтральнай Вайсковай Рады”, а такжа скліканьне ўсебеларускага Зьезду з устаноўчымі функцыямі ў Менску 18 сьнежня 1917 году.

Усебеларускі Зьезд быў найбольш поўным і сур’ёзным выяўленьнем волі Беларускага народу, раўнуючы да такага-ж выяўленьня волі другімі народамі быўшае Расеі. На зьезд прыехалі дэпутаты ад валасных (сялянскіх) земств, і камітэтаў з усяе этнаграфічнае Беларусі, ад павятовых і губэрнскіх земств, мястовых самаўпраўленьняў, работніцкіх арганізацый, ваенных з усіх фронтаў і тылу арміі, бежанскіх саюзаў і камітэтаў, коопэратываў, прафэсіянальных і іншых саюзаў Беларусі, усіх палітычных партый, – разам 1167 дэпутатаў с правам пастанаўляючага голасу і 705 дарадчага. Зьезд, выяўляючы сувэрэнную волю Беларускага народу, пастановай 31 сьнежня 1917 года ўстанавіў рэспубліканскі дэмакратычны лад у этнаграфічных межах Беларускае зямлі і выбраў найвышэйшую уладу Беларусі: Раду Ўсебеларускага зьезду, якая у свой чарод пасьля аддала спаўняючую ўласьць у старонцы Радзе Народных Міністраў. Пасьля прыняцьця гэтых пастаноў прадстаўнікі большэвіцкай уласьці у Менску, карыстаючы з таго, што пад той час тамака ня было беларускага войска, аружнай сілай разагналі Зьезд. Нягледзячы на гэта, Рада прыступіла да выпаўненьня узложаных на яе абавязкаў і, паміж іншым, паслала дэлегатаў ад Беларусі на мірныя перагаворы ў Бярэсьце, куды яны афіцыяльна дапушчаны ня былі.

Лінія ваеннага фронту, якая устанавілася на ўсходзі ў верасьні 1915 году, разьдзяліла Беларусь на дзьве часьці. Пры гэтым у межах окупацыі апынулася ўся Гродзеншчына, вялікшая частка Віленшчыны і невялікі кусочак Меншчыны. Тут Беларускі рух выявіўся перш за ўсё у шырокай культурнай рабоці, ладзючы сець беларускіх народных школ замест эвакуіраваных расейскіх, адкрываючы вучыцельскія сэмінарыі, друкуючы беларускія кніжкі для навукі ў школах, арганізовываючы беларускія культурныя ўстановы і таварыствы. Разам з тым, нягледзячы на суровыя забароны нямецкае ўласьці, разьвівалася і беларуская палітычная работа, на якой зыходзіліся дэмакратычныя групы ўсіх нацыянальнасьцей краю, – галоўным чынам у старым гістарычным цэнтры краю – Вільні. 25-26 студзеня 1918 году беларусам зь вялікім трудом удалося склікаць у Вільні нацыянальную канфэрэнцыю, на якой былі прадстаўнікі акупіраванай у 1915 гаду часьці Беларусі (Віленшчыны, Гродзеншчыны і часьці Меншчыны). Канфэрэнцыя высказалася за адбудову незалежнай фэдэрацыйнай Беларуска-Літоўскай дзяржавы, аб’яднанай зь незалежнай Латвіей, прызываючы да еднасьці і заакопную усходнюю Беларусь, аб долі і палажэньні каторай нямецкія ўласьці не прапускалі ў Вільню ніякіх вестак. Конфэрэнцыя выбрала такжа найвышэйшую беларускую нацыянальную ўстанову для зямель старой нямецкай акупацыі – Беларускую Раду, каторай наказала супольна зь літоўскім нацыянальным прадстаўніцтвам і нацыянальнымі меншасьцямі падгатаваць скліканьне ўстаноўчага сойму.

Гэтак у абедзьвюх часьцях разрэзанай ваенным фронтам Беларусі адначасна разьвівалася і ўзмацовывалася ідэя стварэньня незалежнае дзяржавы. А пад той жа час нямецкія прадстаўнікі ўмаўляліся у Бярэсьці з прадстаўнікамі расейскага савецкага ўраду аб паняволеньні і разьдзелі паміж ваюючымі старонкамі абрабаванай і зруйнаванай вайной Беларускай зямлі…

Паводлуг Берасьцейскае ўмовы Беларусь, катарая мае доступ да мора глаўным чынам цераз Лібаўскі порт, бо з ім яна ад вякоў зьвязана сыстэмай дарог, аказалася зусім адрэзанай ад марскога ўзьбярэжжа, што павінна было ў самой аснове забіць яе самабытнае эканаміцкае жыцьцё, аддаўшы Беларусь у поўную эканаміцкую залежнасьць ад Вялікарасеі. Яшчэ раней умова, зробленая паміж Нямеччынай і Ўкраінай, аддала апошняй дзесяць беларускіх палудзенных паветаў (Магілёўскай, Чарнігаўскай, Менскай і Градзенекай губэрній). Калі ж нямецкая акупацыя пасунупася далей на ўсход, дык і Ўсходняя Беларусь аказалася яшчэ раз разрэзанай, бо ўсходнія акраіны яе асталіся у руках Расеі, а цэнтральнай часьці яе было суджана карміць вялізарную нямецкую армію, якая вывозіла з занятых зямель усё, што мела якую-колечы цану, – агулам на многа мільёнаў рублёў.

Заняцьце нямецкім войскам Менску, дзе знаходзіліся цэнтральная установа беларускай дзяржаўнай уласьці, прыняўшай пад той час імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, дало магчымасьць беларусам старой і новай акупацыі зыйсьціся разам і згаварыцца пасьля трохгадовага перарыву ўсялякіх зносін. У канцы марца 1918 году ў Менск прыехала дэлегацыя Беларускае Рады зь Вільні, якая і прыняла ўчасьце ў гістарычным засяданьні Рады Рэспублікі 24-25 марца. Рэзультатам злучэньня прадстаўніцтва ўсходняй і заходняй Беларусі было апавешчаньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі і выданьне акту, у каторым паміж іншым гаварылася:

“Мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці, якое гвалтам накінулі расейскія цары на наш вольны і незалежны край.

Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржавай. Самі народы Беларусі у асобе свайго устаноўчага Сойму пастановяць аб будучых дзяржаўных зьвязях Беларусі.

На моцы гэтага трацяць сілу усе старыя дзяржаўныя зьвязі, якія далі магчымасьць чужому ўраду падпісаць і за Беларусь трактат у Бярэсьці, што забівае на сьмерць Беларускі народ, дзелючы зямлю яго на часткі. На моцы гэтага ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі мае ўвайсьці у адносіны з зацікаўленымі старонамі, прапануючы ім перагледзіць тую часьціну Берасьцейскага трактату, якая датычыць Беларусі, і падпісаць міравую ўмову з усімі ваяваўшымі дзяржавамі.

Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічэбную перавагу Беларускі народ, а ласьне: Магілёўшчыну, беларускія часьці Меншчыны, Гродзеншчыны, (з Горадняй, Беластокам і інш.), Віленшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежныя часьці суседніх губэрній, засялёныя беларусамі.

Беларуская Народная Рэспубліка пацьверджывае ўсе тыя правы і вольнасьці грамадзян і народа ў Беларусі, якія абвешчаны Устаўной Граматай ад 9 сакавіка 1918 году.

Абвяшчаючы аб незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада яе пакладае свае надзеі на тое, што ўсе любячыя волю народы дапамогуць Беларускаму народу
ў поўнай меры зьдзейсьніць яго палітычна-дзяржаўныя ідэалы”.

Гэты акт быў разасланы ўрадам усіх вялікіх дзяржаў; аднак варункі, у якіх прыходзілася жыць беларусам пад нямецкай акупацыяй, не даюць пэўнасьці, што ён дайшоў да ўсіх. Справа ў тым, што акупанты ў адносінах да беларускага дзяржаўнага будаўніцтва занялі ад першых дзён акупацыі зусім варожае становішча. Пасьля ўваходу да Менску акупацыйныя ўласьці аружнай сілай захапілі беларускія дзяржаўныя грошы і гэтыя грошы назад не вярнулі. Калі ж акт 25 марца быў пададзен нямецкаму ураду, апошні ў афіцыяльным адказе заявіў, што, згодна з Берасьцейскай умовай, пытаньне аб Беларусі ён лічыць унутранай справай Расеі і радзіць беларускаму ўраду дайсьці ўгоды з большэвіцкім урадам. Сваю ляяльнасьць у адносінах да савецкага ўраду Расеі нямецкі урад давёў да таго, што за 9 месяцаў акупацыі зусім не даваў беларускаму ўраду арганізовываць край, не дапускаючы свабоды руху, не даючы карыстацца поштай, тэлеграфам, тэлефонамі і т.д., арыштовываючы камісараў, якія памыкаліся арганізовываць народныя беларускія аружныя сілы. Усё упраўленьне Беларусьсю аставалася у нямецкіх руках. Калі ж нямецкія войскі былі прымушаны пакінуць Беларусь, яны ня толькі адмовіліся аддаць цывільнае ўпраўленьне краем у рукі краёвых арганізацый, але і не дапусьцілі арганізацыі краёвай міліцыі дзеля абароны народу ад анархіі, нямінучай у мамэнт адходу акупантаў пры поўнай неарганізованасьці насяленьня.

Тое, што было зроблена немцамі ў Усходняй Беларусі і ў Менску, паўтарылася і ў заходняй часьці яе – за лініяй старога фронту. Немцы і тут не далі арганізаваць беларускіх аружных сіл – апоры ўсялякае ўласьці. А ў тым жа самым часе яны падгатаўлялі захват беларускіх зямель з Вільняй, Горадняй, Беластокам суседняй Польшчай: зусім адкрыта, бяз ніякіх перашкод з нямецкага боку, арганізовываліся і зброіліся па ўсім краю польскія легіоны, замяніўшыя нямецкую акупацыю і тэрорызуючыя тутэйшае насяленьне.

Наагул, з боку Польшчы беларусам грозіць самая сур’ёзная небясьпека. Справа ў тым, што “вышэйшыя” станы ў Беларусі – паны земляўласьнікі і мястовая буржуазія – даўно зусім спольшчаны. Вось, гэныя элементы, здрадзіўшыя свой народ, карыстаючы з паддзержкі пераважнай часьці каталіцкага духавенства, усемі сіламі стараюцца прылучыць Беларусь да Польшчы. Дзеля гэтага, не саромячыся нават духаўнага гвалту ў касьцёлі, яны стараюцца спольшчыць беларускіх сялян, – глаўным чынам беларусаў-каталікоў, чысло каторых даходзіць больш чым 2 мільёнаў. Каталіцкі касьцёл у Беларусі аб’яўлены польскім нацыянальным касьцёлам, а ўсе каталікі – палякамі. Каталіцкае духавенства прамаўляе да народу з амбоны бадай выключна па-польску. Ксяндзы адмаўляюцца спавядаць і вучыць беларускіх дзяцей асноў веры ў іх роднай мове беларускай. Яны грозяць касьцёльнымі карамі бацьком, дзеці каторых будуць вучыцца ў беларускіх школах. Такая работа йдзе глаўным чынам у заходняй Беларусі, гдзе каталікоў больш, асабліва ж па мястох – у Вільні, Горадні, Беластоку і інш. Даводзячы сваіх правоў на захаднюю Беларусь, палякі пазываюцца на статыстыку, каторая рабілася пад той час, калі вялікшая частка беларускага праваслаўнага насяленьня гродзеншчыны і віленшчыны лікам больш за мільён душ знаходзілася ў цэнтральнай Расеі, куды яе былі гвалтам высялялі пры адходзе расейскіх войск у 1915 гаду, а астаўшыяся на месцы беларусы-каталікі пераварачываліся ксяндзамі ў палякоў.

Гэткае палажэньне злажылася для Беларусі і Беларускага народу за час нямецкай акупацыі. Край зусім неарганізаваны. Мясцовыя сілы, прынімаўшыя чыннае ўчасьце ў дзяржаўным будаўніцтве, былі прымушаны пакінуць родныкрай з прычыны прыходу большэвікоў. Культурна-нацыянальнае жыцьцё зруйнована. А прыход большэвіцкае ўласьці, чужой для беларуса ў і па нацыянальнасьці, і па духу, суліць новую руіну, эканаміцкі развал і голад…

3 прычыны незалежных ад яго акалічнасьцей Беларускі народ ня меў магчымасьці аружнай сілай абараніць сваю незалежнасьць. Дзеля гэтага беларусы ўсе свае надзеі ўскладаюць не на сілу, а на свае права і зварочываюцца да Мірнай Конфэрэнцыі, заклікаючы яе паддзяржаць зусім законнае жаданьне Беларускага народу здабыць дзяржаўную незалежнасьць.

Нават Савецкі Урад быў прымушаны аб’явіць незалежнасьць Беларусі пасьля яе заняцьця: маніфэстам з 1 студзеня 1919 году, выданым савецкай уладай, Беларусь аб’яўлена незалежнай Савецкай Рэспублікай у фэдэрацыйнай сувязі з Савецкай Расеей. Аднак, аднабокая разьвязка пытаньня аб прымусовасьці фэдэрацыі Беларусі з Расейскай Савецкай Рэспублікай і завядзеньне ў межах Беларускай Народнай Рэспублікі савецкай сыстэмы ўпраўленьня па прыказу з Масквы раўназнаны нарушэньню сувэрэнных правоў Беларускага народу. Справа аб долі дванадцацімільённага Беларускага народу, зусім ясна выявіўшага сваё жаданьне незалежнасьці, ня можа быць аддадзена на разьвязку Маскоўскаму ураду, ня можа лічыцца ўнутранай справай Расеі. Дзеля забясьпечаньня Беларускаму народу незалежнасьці патрэбны міжнародныя гарантыі. 3 гэтае прычыны Беларускі ўрад у асобе Рады Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі просіць разьвязаць на Мірнай Канфэрэнцыі беларускае пытаньне ва ўсёй яго шырыні і даць Беларускаму народу помач у яго дзяржаўным будаўніцтве ў этнаграфічна-гістарычных межах, а такжа дапусьціць на Канфэрэнцыю дэлегатаў Беларускай Народнай Рэспублікі дзеля абароны інтарэсаў Беларускага народу і дачы патрэбных інфармацый.

Старшыня Рады Міністраў і Міністэр Загранічных Спраў Ант. Луцкевіч

Дзяржаўны Пісар Лявон Заяц

Паводле: Знешняя палітыка Беларусі: Зборнік дакументаў і матэрыялаў. Т.1 (1917-1922 гг.) (Пастаянная камісія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржауны універсітэт, Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы). Мн.: БелНДІДАС, 1997

You may also like...