Мэдаль да стагодзьдзя БНР уручаны дысыдэнту Міхасю Кукабаку
Мэдаль да стагодзьдзя БНР уручаны Міхасю Кукабаку, беларускаму дысыдэнту, публіцысту, шматгадоваму палітычнаму вязьню ў СССР. Уручэньне адбылося ў Маскве перад помнікам Янку Купалу.
Міхась Кукабака пачаў сваю грамадзкую дзейнасьць у 1968 годзе, калі ён быў прызваны ў савецкае войска з рэзэрву і публічна адмовіўся ўдзельнічаць у падаўленьні дэмакратычных пратэстаў у Чэхаславаччыне.
За наступныя 30 гадоў перад падзеньнем савецкага рэжыму Кукабака стаў вядомы як актыўны публіцыст і крытык савецкага таталітарнага рэжыму. Ягоныя артыкулы гучалі ў этэры антысавецкіх радыёстанцый і выходзілі ў нелегальным друку. За гэта Кукабака правёў агулам 17 гадоў у савецкіх лягерах і турмах.
Цяпер Міхась Кукабака жыве у Маскве. Ён неаднаразова ўдзельнічаў у акцыях пратэсту супраць рэжыма Лукашэнкі, а да нядаўняга часу быў актывістам у расейскім дэмакратычным руху.
Міхась Кукабака стаіць у адным шэрагу з такімі знакавымі фігурамі дысыдэнцкага руху ў СССР, як Пэтро Грыгарэнка, Уладзімір Букоўскі ці Валерыя Навадворская. У самыя безнадзейныя застойныя гады Кукабака стаў голасам мільёнаў прыгнечаных людзей. Ён заплаціў вялікую цану за гэта, але дыктатура так і ня здолела яго зламаць.