Усебеларуская палітычная канфэрэнцыя ў Празе, 1921 г.

25-28 верасьня 1921 г. у Празе адбылася Ўсебеларуская палітычная канфэрэнцыя, якая пацьвердзіла вернасьць Трэцяй Устаўнай грамаце Рады БНР і заявіла, што адзіным заканадаўчым органам Беларусі зьяўляецца Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама пацьвердзіла прынцып незалежнасьці й непадзельнасьці Беларусі.

Канфэрэнцыя аб’яднала прадстаўнікоў асноўных беларускіх палітычных арганізацый і партый за межамі БССР. Прысутнічалі ўдзельнікі з Заходняй Беларусі, Нямеччыны, Латвіі, Летувы, Польшчы і Чэхаславаччыны.

Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянэраў прадстаўлялі С. Баран, К. Дуж-Душэўскі, Л. Заяц, А. Карабач, В. Ластоўскі, Я. Мамонька, М. Шыла;

Беларускую партыю сацыялістаў-фэдэралістаў — В. Захарка, К. Езавітаў, П. Крачэўскі, А. Цьвікевіч;

Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю — Б. Тарашкевіч.

Канфэрэнцыя пацьвердзіла вернасьць Трэцяй Устаўнай грамаце Рады БНР і заявіла, што адзіным заканадаўчым органам Беларусі зьяўляецца Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама пацьвердзіла прынцып незалежнасьці й непадзельнасьці Беларусі.

Прадстаўнікі дыпляматычных місій БНР, 1921 г., падчас Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі ў Празе.

Прадстаўнікі дыпляматычных місій БНР, 1921 г., падчас Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі ў Празе. Зьлева направа: Лявон Вітан-Дубейкаўскі, Мікола Вяршынін, Аляксандар Галавінскі, Аляксандар Цьвікевіч, Бруна Мілер

Дэлегацыя Партыі Сацыялістаў-Рэвалюцыянэраў на Ўсебеларускай палітычнай канфэрэнцыі, Прага, 25-28 верасьня 1921 г.

Дэлегацыя Партыі Сацыялістаў-Рэвалюцыянэраў на Ўсебеларускай палітычнай канфэрэнцыі, Прага, 25-28 верасьня 1921 г.

Рэзалюцыя, прынятая на канфэрэнцыі ў Празе

I. Рэзалюцыя аб Рыжскім Трактаце

Стоячы на грунце граматы Беларускай Народнай Рэспублікі ад 25 сакавіка 1918 г., апавесьціўшай незалежнасьць Беларусі ў межах лічэбнай перавагі беларускага народу, Беларуская нацыянальна-палітычная нарада ў Празе, зложаная з прадстаўнікоў беларускіх палітычных партыяў і нацыянальных арганізацый з-пад усіх цяперашніх акупацый Беларусі, сабраўшыся ў Прагу, аднагалосна заяўляе:

1.Беларускі народ вёў, вядзе й будзе весьці барацьбу за незалежнасьць і непадзельнасьць Беларусі.

2.Што ўсе ранейшыя пратэсты беларускіх палітычных і нацыянальных арганізацый, у свой час заяўленыя супраць Рыжскага Трактату, дзеля чаго Беларусь паміж Расеяй і Польшчай, нарадай аднагалосна пацьвярджаюцца.

3.Беларуская нацыянальна-палітычная нарада ў Празе заклікае ўсе актыўныя беларускія сілы да самай рашучай рэвалюцыйнай барацьбы ўсякімі, маючыміся ў іх распараджэньні спосабамі супраць падзелу Беларусі й заклікае лічыць ворагамі беларускага народу кожнага таго, хто згадзіўся б прызнаць Рыжскі мірны трактат. (Падпісалі: Старшыня нарады А. Цьвікевіч, Віцэ-старшыня В. Захарка й сакратар С. Баран).

II. Палажэньне беларускага народу пад акупацыямі

Беларуская Нацыянальна-Палітычная Нарада ў Празе, разважыўшы палажэньне беларускага народу пад расійскай і польскай акупацыямі, сьцьверджае, што:

1) пад расійскай акупацыяй у гэты момант знаходзіцца больш як 206.000 кв.кл. беларускай тэрыторыі, зь ліку якой расійскі савецкі ўрад 153.000 кв.кл. далучыў беспасярэдна да Расіі, а на 53.000 кв.кл. утварыў фікцыю савецкай Беларусі. На тэрыторыі савецкай Беларусі расійскі савецкі ўрад устанавіў уладу, зложаную з чужых беларускаму народу элемэнтаў, каторымі кіруе цэнтральны савецкі ўрад з Масквы. Шырока рэклямаваная талерантнасьць савецкай улады да беларускага адраджэнскага руху ў савецкай Беларусі дагэтуль ня выйшла з чыста дэкляратыўных рамак; для нацыянальна-культурнага адраджэнскага руху ў савецкай Беларусі дагэтуль нічога ня зроблена.

На беларускай тэрыторыі, далучанай беспасярэдна да Расіі, беларускае насяленьне падлягае самай натужанай русыфікацыі і пазбаўленае ўсіх як палітычных, так і нацыянальна-культурных правоў: урадавай мовай зьяўляецца мова расійская, беларускія газэты забароненыя, беларуская адраджэнская праца тлуміцца турмой і расстрэламі;

2) пад польскай акупацыяй знаходзіцца больш як 100.000 кв.кл. беларускай зямлі; на захопленых польскім імпэрыялізмам гэтых тэрыторыях бушуе цяпер нічым не агранічаны польскі шавінізм і нечуваны нацыянальны ўціск і зьдзек над беларускім народам. З мэтай задушыць беларускі вызвалечы рух палякі нішчаць беларускую культуру і інтэлігенцыю, кіруючыся да поўнага зьнішчэньня на гэтых землях беларускага племені. ЗЕмлі беларускіх уцекачоў польскі ўрад раздае салдатам – ураджэнцам Польшчы. Сьвядомае беларускае сялянства польскі ўрад гноіць па турмах і канцэнтрацыйных табарах, ён зачыняе культурныя, нацыянальныя і эканамічныя арганізацыі, забараняе друк, беларускую школу і мову.

Беларуская Нацыянальна-Палітычная Нарада, у імя справядлівасьці і захаваньня беларускай нацыі і культуры, вымагае ад Лігі Нацый м ўсіх народаў сьвету адкінуць агідны польскі шавінізм і імпэрыялізм у яго этнаграфічныя межы за Буг і Нарэў.

Прага-Чэская, 28 верасьня 1921 г.

You may also like...