Браніслаў Тарашкевіч

20 студзеня 1892 г. у Віленскім павеце нарадзіўся Браніслаў Тарашкевіч, выбітны беларускі мовазнаўца і акадэмік, член Сэйму міжваеннай Польшчы, палітычны вязень у Польшчы і СССР.

Тарашкевіч нарадзіўся ў засьценку Мацюлішкі Віленскага павету ў сялянскай сям’і.

У 1911 г. скончыў з 2-ю Віленскую гімназію з срэбным мэдалём. У 1916 годзе скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Петраградзкага ўнівэрсытэту й быў пакінуты там пры катэдры расейскай мовы й літаратуры. Працаваў таксама як прыват-дацэнт старажытнагрэцкай і лацінскай моваў. Падчас жыцьця ў Пэтэрбургу актыўна ўдзельнічаў у жыцьці беларускае дыяспары горада.

У 1917 вяртаецца на Беларусь, становіцца актыўным удзельнікам і адным зь лідэраў Беларускай сацыялістычнай грамады.

Знаходзіцца ў Менску падчас абвяшчэньня БНР, актыўна супрацоўнічае з уладамі Рэспублікі. У 1919 годзе — выкладчык беларускай і старажытнагрэцкай моваў у Менскім пэдагагічным інстытуце. З наступленьнем бальшавікоў на Менск зьяжджае ў Вільню.

У 1920 годзе — загадчык беларускага сэктара дэпартамэнту асьветы Рэспублікі Сярэдняй Літвы. З 1921 году — дырэктар Віленскай беларускай гімназіі. Адзін з кіраўнікоў і заснавальнікаў Таварыства беларускай школы.

З 1921 па 1922 году быў абраны паслом у польскі Сэйм, у 1922—1924 гадах быў старшынёю Беларускага пасольскага клюбу. Пасьля 1924 г. зблізіўся зь левым крылом БПК, быў адным з сузаснавальнікаў і кіраўніком Беларускай Сялянска-Работніцкае Грамады, масавай беларускай незалежніцкай палітычнай партыі. У той жа час шчыльна зблізіўся зь лідэрамі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі і ў студзені 1926 году быў прыняты ў партыю. Таемна ўдзельнічаў у III канфэрэнцыі КПЗБ (студзень 1926 году).

У студзені 1927 году разам зь іншымі лідэрамі вызваленча-рэвалюцыйнага руху быў арыштаваны польскай дэфэнзывай, у траўні 1928 году засуджаны на 12 гадоў зьняволеньня па абвінавачаньні ў спробе дзяржаўнага перавароту з мэтай далучэньня Заходняй Беларусі да Савецкага Саюзу. У 1929 тэрмін зьняволеньня быў зьменшаны да 8 гадоў, а ў траўні 1930 году Тарашкевіч паводле распараджэньня прэзыдэнта Польшчы быў датэрмінова выпушчаны з астрогу.

Пасьля вызваленьня актыўна далучыўся да камуністычнай выбарчай кампаніі ў польскі парлямэнт, узначальваў пракамуністычны выбарчы камітэт Беларускага сялянска-работніцкага пасольскага клюбу “Змаганьне”. Жыў у Гданьску.

У лютым 1931 году арыштаваны польскімі ўладамі пры спробе праехаць праз польскую тэрыторыю з Гданьску ў Бэрлін. У лістападзе 1932 году зноў асуджаны на 8 гадоў катаржнай турмы.

Зь верасьня 1933 году ў абмен на арыштаванага савецкай уладай Францішка Аляхновіча пераехаў у СССР. Працаваў загадчыкам аддзелу Польшчы й Прыбалтыкі ў Міжнародным аграрным інстытуце (Масква).

6 траўня 1937 году арыштаваны па абвінавачаньні ў сфабрыкаванай справе так званага “Беларускага нацыянальнага цэнтру”. 5 студзеня 1938 “двойкай” НКВД і Пракуратурай СССР прыгавораны да расстрэлу. Як сьцьвярджае афіцыйная вэрсія, быў расстраляны. Дасьледчык Леанід Маракоў выказваў меркаваньне, што Браніслаў Тарашкевіч загінуў падчас катаваньняў, якія доўжыліся дзевяць месяцаў.

“Браніслаў Тарашкевіч”: фільм тэлеканалу “Белсат” з цыклю “Гісторыя пад знакам Пагоні”:

You may also like...