Міраслаў Лазоўскі пасьмяротна прыняты ў кавалеры Ордэну Жалезнага рыцара

Рада Беларускае Народнае Рэспублікі абвяшчае пра ўганараваньне Міраслава Лазоўскага тытулам кавалера Ордэну Жалезнага рыцара.

Ордэн Жалезнага рыцара – найвышэйшая вайсковая ўзнагарода Беларускае Народнае Рэспублікі. Паводле свайго статуту, Ордэн зьяўляецца аб’яднаньнем кавалераў, адзначаных беларускаю дзяржавай “за выбітнае пасьпяховае кіраваньне войскам ці атрадам альбо за асабісты гераічны вайсковы ўчынак”.

Ордэн быў заснаваны ў 1949 годзе дэкрэтам Старшыні Рады БНР Мікалая Абрамчыка. Вядома пра шэсьць ранейшых узнагароджаных, сярод якіх Міхал Вітушка, адзін з камандэраў беларускіх партызанаў, якія супрацьстаялі савецкім акупантам пасьля Другой Сусьветнай вайны. Ордэн Жалезнага рыцара трактуецца Радай БНР як беларускі пераемнік ордэну Virtuti Militari, заснаванага ў апошнія гады Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, кавалерам якога ў той час стаў Тадэвуш Касьцюшка.

Гэта першае вядомае прысуджэньне тытулу кавалера Ордэну Жалезнага рыцара з 1952 г.

Міраслаў Лазоўскі – герой і баявы камандэр, які вучыў і натхняў беларускіх байцоў, вёў іх у бой супраць расейскіх захопнікаў, нашых агульных з Украінаю ворагаў. За адвагу на полі боя ў сакавіку 2023 г. Міраслаў разам з 21 іншым пабрацімам з Палку Каліноўскага атрымаў Мэдаль БНР за баявыя заслугі. Акрамя гэтага, ён быў узнагароджаны мэдалём украінскай ваеннай выведкі “За мужнасьць пры выкананьні спэцзаданьняў” (“За мужність при виконанні спецзавдань”).

16 траўня 2023 году ён загінуў падчас цяжкай бітвы за Бахмут, выратаваўшы некалькіх пабрацімаў коштам свайго жыцьця.

Мужнасьць, кампэтэнтнасьць, каштоўны вопыт, мудрасьць і любоў да Беларусі – гэта якасьці, якія вызначалі Міраслава Лазоўскага. Перад тым, як адправіцца на вайну за свабоду Ўкраіны і Беларусі, ён цягам трох дзесяцігодзьдзяў быў актыўным удзельнікам беларускага грамадзкага жыцьця. Міраслаў быў сярод удзельнікаў Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў і адным з заснавальнікаў і лідараў “Белага легіёну”. Ва ўмовах каляніяльнага лукашэнкаўскага рэжыму ён шмат гадоў займаўся асьветніцтвам і падрыхтоўкай патрыятычных незалежніцкіх кадраў для беларускага войска.

Гібель Міраслава стала вялікай стратай для войска свабоднай Беларусі, якое куецца сёньня ва Ўкраіне, і для ўсяго беларускага незалежніцкага руху.

Пакаленьне ваяроў і беларускіх патрыётаў, выхаваных і натхнёных Міраславам Лазоўскім, мае заняць ягонае месца. Гэтае пакаленьне мае дасягнуць перамогі над сіламі зла і прыгнёту, дасягнуць вызваленьня Беларусі ад тыраніі і замежнага панаваньня, чаму Міраслаў прысьвяціў сваё жыцьцё.

Кавалерскі крыж Ордэна Жалезнага рыцара будзе перададзены блізкім Міраслава Лазоўскага.

You may also like...