Мэдаль БНР за баявыя заслугі
Мэдаль за баявыя заслугі – баявая ўзнагарода Беларускай Народнай Рэспублікі, заснаваная Дэкрэтам Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы ад 21 студзеня 2023 г.
Падставы для ўзнагароджаньня
Мэдаль надаецца за асабістую адвагу, праяўленую ў абставінах, зьвязаных з рызыкай для жыцьця і з абаронай свабоды, сувэрэнітэту й дэмакратычнага канстытуцыйнага ладу Беларусі на грунце ідэалаў 25 сакавіка, у прыватнасьці, пры выкананьні вайсковага і службовага абавязку, у баях і пры выкананьні спэцыяльных заданьняў у нацыянальных інтарэсах Беларусі.
Мэдаль можа ўручацца:
- Удзельнікам беларускіх збройных сілаў і службаў, прыроўненых да вайсковых, у тым ліку беларускіх партызанскіх аддзелаў і беларускіх вайсковых аддзелаў у складзе замежных войскаў,
- Беларусам (як беларускім грамадзянам, так і асобам, якія належаць да беларускага народу, ня будучы беларускімі грамадзянамі), якія ў асабістай якасьці ваююць у шэрагах замежных войскаў і службаў па-за межамі беларускіх вайсковых аддзелаў,
- Замежным вайскоўцам, якія адпавядаюць крытэрам, вызначаным у статуце Мэдаля, і якія істотна спрыялі выкананьню вайскоўцамі-беларусамі збройнае місіі ў адпаведнасьці з крытэрамі, вызначанымі ў статуце Мэдаля,
- Цывільным асобам-некамбатантам, якія адпавядаюць умовам Статуту мэдаля.
Мэдаль надаецца Дэкрэтам Старшыні Рады БНР на аснове прадстаўленьняў камандэраў адпаведных вайсковых частак або ўласнай інфармацыі Рады БНР.
Старэйшаю ўзнагародай адносна Мэдаля зьяўляецца тытул кавалера (дамы) Ордэну Жалезнага рыцара. Мэдаль носіцца на левым баку грудзі, пасьля ордэнскіх знакаў.
Гістарычныя карані
Паводле свайго статуту, мэдаль мае пераемнасьць ад ордэну Virtuti Militari, які быў заснаваны ў 1792 годзе і зьяўляецца найстарэйшай гістарычнай вайсковай узнагародаю беларускае дзяржавы, зважаючы на статус Беларусі як адной з краінаў-пераемніц Рэчы Паспалітай і Вялікага княства Літоўскага. Гістарычную пераемнасьць маюць адлюстроўваць назва і дызайн мэдаля. Зьмены ў параўнаньні з гістарычнай узнагародай адлюстроўваюць каштоўнасьці сучаснай Беларусі як незалежнай дэмакратычнай рэспублікі.
Акрамя Мэдаля БНР за баявыя заслугі пераемнасьць ад ордэну Virtuti Militari таксама мае Ордэн Жалезнага рыцара.
Вонкавы выгляд
Дызайн мэдаля распрацаваны адмысловай грамадзкай геральдычнай камісіяй і абапіраецца на выяву найстарэйшага варыянту знаку ордэну Virtuti Militari 1792 г.
Мэдаль увесь зь белага (для шэрагоўцаў і падафіцэраў) або жоўтага (для афіцэраў, паўторнага ўзнагароджаньня шэрагоўцаў і падафіцэраў або за асаблівыя заслугі) мэталу, авальнае формы. На ліцавым баку выява гістарычнага гербу “Малая Пагоня” (рука вершніка з гербу “Пагоня”, якая трымае меч) і стужкі з трыма палосамі, якая ўвасабляе беларускі бел-чырвона-белы сьцяг.
На адваротным баку надпіс: “Virtute et Gladio” (“Адвагаю і мячом” на лацінскай мове) і індывідуальны нумар мэдалю.
Стужка Мэдалю складаецца з вэртыкальных палосаў наступных колераў і разьмешчаных у наступным парадку: вельмі вузкая белая, шырокая кармазынавая, вельмі вузкая белая. У выпадку нашэньня плянак, на плянцы для афіцэрскага мэдаля можа пасярэдзіне дадавацца вузкая вэртыкальная лінія залатога колеру.
Першае ўзнагароджаньне
Першае ўзнагароджаньне Мэдалём БНР за баявыя заслугі адбылося 1 лютага 2023 году, у дзень 160-х угодкаў пачатку паўстаньня Кастуся Каліноўскага на тэрыторыі Беларусі. Мэдаль тады атрымалі 22 вайскоўцы беларускага Палка імя Кастуся Каліноўскага, якія праявілі адвагу ў баях супраць расейскіх акупацыйных войскаў ва Ўкраіне. Афіцыйнае ўручэньне мэдалёў адбылося 9 сакавіка 2023 году і сталася першай вядомай цырымоніяй уручэньня беларускіх дзяржаўных узнагародаў за адвагу на полі боя з часоў Рэчы Паспалітай. Сярод першых узнагароджаных мэдалём былі Міраслаў Лазоўскі, Дзяніс Урбановіч, Павал Шурмей.