Байцы беларускай дэсантна-штурмавой роты ва Ўкраіне атрымалі мэдалі Рады БНР

27 верасьня ва Ўкраіне адбылося ўрачыстае узнагароджаньне налепшых байцоў-беларусаў Першай асобнай дэсантна-штурмавой роты, якія праявілі сябе ў баях супраць расейскіх агрэсараў.

Мэдалі за баявыя заслугі па ўпаўнаважаньні Рады БНР уручыў Валеры Сахашчык, кіраўнік Дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту беларускіх дэмакратычных сілаў.

Беларуская дэсантна-штурмавая рота ўжо паўгады знаходзіцца на фронце, на адным з самых складаных яго ўчасткаў. Кожны дзень і кожную ноч ваяры роты змагаюцца, наносяць уражанне агрэсару і набліжаюць перамогу.

На ўрачыстасьць змагла зьявіцца менш, чым палова асабовага складу роты, бо многія байцы выконваюць баявыя задачы, а нейкая колькасьць пабрацімаў знаходзіцца ў шпіталях.

Мэдаль за баявыя заслугі – баявая ўзнагарода Беларускай Народнай Рэспублікі, заснаваная Дэкрэтам Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы ад 21 студзеня 2023 г.

Мэдаль надаецца за асабістую адвагу, праяўленую ў абставінах, зьвязаных з рызыкай для жыцьця і з абаронай свабоды, сувэрэнітэту й дэмакратычнага канстытуцыйнага ладу Беларусі на грунце ідэалаў 25 сакавіка, у прыватнасьці, пры выкананьні вайсковага і службовага абавязку, у баях і пры выкананьні спэцыяльных заданьняў у нацыянальных інтарэсах Беларусі.

Ад заснаваньня мэдаля яго атрымалі 38 беларусаў, якія ў складзе розных вайсковых аддзелаў ваююць на баку Ўкраіны супраць расейскіх акупантаў.

You may also like...