РАДА БНР БУДЗЕ ЗАБЯСЬПЕЧВАЦЬ ПРЫЗНАНЬНЕ ЎЗНАГАРОДАЎ БНР ЧАСТКАЙ СЫСТЭМЫ ДЗЯРЖАЎНЫХ УЗНАГАРОДАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
![](https://www.radabnr.org/wp-content/uploads/2023/09/20230921_140433-1320x500.jpg)
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прымае да ведама інфармацыю пра рашэньне падкантрольнага рэжыму А. Лукашэнкі суда Цэнтральнага раёну г. Менску аб прызнаньні “экстрэмісцкімі матар’яламі” ўзнагародаў Беларускай Народнай Рэспублікі: Ордэну Пагоні, Ордэну Жалезнага рыцара, Мэдаля за баявыя заслугі і Мэдаля да стагодзьдзя БНР. Рада БНР просіць цяперашніх і будучых узнагароджаных прыняць патрэбныя меры бясьпекі з улікам магчымых рэпрэсій у гэтай сувязі.
Рашэньне суда Цэнтральнага раёна Менску зьяўляецца незаконным і ёсьць сьвядомай абразай усім беларусам сьвету з боку марыянэткавага прорасейскага рэжыму.
Як і іншыя органы ўлады, сфармаваныя нелегітымным рэжымам А. Лукашэнкі, цяперашнія суды Рэспублікі Беларусь, да таго ж адказныя за шматлікія палітычныя прысуды і незаконнае ўвязьненьне тысячаў людзей, таксама зьяўляюцца нелегітымнымі, а іхныя рашэньні ня маюць законнае сілы і будуць прадметам крымінальнага разьбіральніцтва ў будучай дэмакратычнай Беларусі.
Пасьля аднаўленьня законнасьці ў Беларусі Рада БНР будзе забясьпечваць прызнаньне ўзнагародаў Беларускай Народнай Рэспублікі часткай сыстэмы дзяржаўных узнагародаў Рэспублікі Беларусь.
***
Ордэн Пагоні і Ордэн Жалезнага рыцара – гістарычныя ўзнагароды Беларускай Народнай Рэспублікі, заснаваныя ў 1949 годзе. У 2022 г. быў заснаваны Мэдаль Ордэну Пагоні, якім ужо адзначаныя некалькі беларускіх палітычных вязьняў і, пасьмяротна, некалькі беларускіх байцоў, якія загінулі ва Ўкраіне. Тытулам кавалера Ордэна Жалезнага рыцара ў 2023 годзе пасьмяротна ўзнагароджаны Міраслаў Лазоўскі, адзін з сузаснавальнікаў “Белага легіёну”, які гераічна загінуў у Бітве за Бахмут.
Мэдаль БНР за баявыя заслугі – фактычна першы беларускі дзяржаўны баявы мэдаль з часоў Вялікага княства Літоўскага. За адвагу ў баях ім узнагароджаныя некалькі дзясяткаў гераічных беларускіх байцоў, якія змагаюцца супраць расейскіх акупантаў ва Ўкраіне.
Мэдаль да стагодзьдзя БНР – дзяржаўная ўзнагарода Беларускай Народнай Рэспублікі, якая ўручалася ў 2018–2019 гг. Гэтым мэдалём узнагароджаныя 180 выбітных беларускіх палітыкаў, грамадзкіх дзеячоў, дзеячоў культуры, а таксама шэраг замежнікаў, якія дапамагаюць Беларусі і беларускаму народу. Сярод узнагароджаных – ляўрэяты Нобэлеўскай прэміі Алесь Бяляцкі і Сьвятлана Алексіевіч, палітыкі Павал Севярынец, Мікалай Статкевіч, музыкі Лявон Вольскі і Зьміцер Вайцюшкевіч, а таксама многія іншыя выбітныя беларусы й сябры Беларусі.