Новыя ўзнагароджаньні Мэдалём Ордэну Пагоні

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвяшчае пра чарговыя ўзнагароджаньні Мэдалём Ордэну Пагоні.

Старшыня Рады БНР падпісала дэкрэт аб узнагароджаньні наступных асобаў:

  • Кацярына Андрэева (Бахвалава)
  • Мікалай Аўтуховіч 
  • Уладзімер Гундар
  • Дзяніс Івашын
  • Уладзімер Лабковіч
  • Дар’я Лосік
  • Ігар Лосік
  • Эдуард Пальчыс
  • Валянцін Стэфановіч
  • Дар’я Чульцова
  • Паліна Шарэнда-Панасюк

Пасьмяротныя ўзнагароджаньні:

  • Аляксей Аўдзеенка
  • Андрэй Зэльцэр
  • Эдуард Лобаў
  • Алег Панамароў
  • Міхась Шавельскі

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла пракамэнтавала ўзнагароджаньні:

“Сёньня мы ўжо ў другі раз абвяшчаем пра ўручэньне Мэдаля Ордэну Пагоні, асноўнай узнагароды Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнаньні. Мы зноў хочам адзначыць тых беларусаў, хто ў цяперашні складаны час плаціць найвышэйшую цану за свабоду і незалежнасьць нашае Бацькаўшчыны.

Перадусім гэта героі, якія ахвяравалі сваім жыцьцём у збройнай барацьбе супраць ворагаў свабоды і незалежнасьці Беларусі. Іхныя імёны ўвойдуць у гісторыю нашага народу, і ўсе мы павінны працягнуць іхную барацьбу.

Таксама гэтым разам Рада БНР адзначае і некалькі нашых суродзічаў, хто паказаў і працягвае паказваць сваю непахіснасьць перад чужынскім дыктатарскім рэжымам, сваю чалавечую і грамадзянскую годнасьць у турме. Амаль усе гэтыя людзі дагэтуль незаконна ўтрымліваюцца ў палоне за сваю актыўную грамадзкую або журналісцкую дзейнасьць. Мы як найхутчэй чакаем іх на свабодзе і патрабуем неадкладнага вызваленьня іх і ўсіх беларускіх палітычных вязьняў, каго налічваецца больш як паўтары тысячы.”

Мэдаль Ордэну Пагоні быў заснаваны ў 2022 годзе для адзначэньня грамадзянскіх, ваенных, культурніцкіх і іншых заслугаў перад Беларусьсю. Першае ўзнагароджаньне адбылося з нагоды Дня Слуцкага збройнага чыну ў лістападзе 2022 г.

You may also like...