Яўхім Бялевіч

27 лютага 1888 г. у Менску нарадзіўся Яўхім (Яфім) Бялевіч, міністар фінансаў і юстыцыі ў першым Народным сакратарыяце БНР, дыплямат БНР, дзеяч беларускага нацыянальнага руху, які быў рэпрэсаваны савецкімі акупантамі і загінуў у Гулагу.

Вучыўся ў Менскай гімназіі, зь якой за ўдзел у вучнёўскіх беспарадках у 1907 выключаны і арыштаваны. У 1912 годзе скончыў юрыдычны факультэт Пэтэрбурскага ўнівэрсытэта.

Падчас Першай сусьветнай вайны на фронце — прапаршчык, штабс-капітан. Ад вайскоўцаў-беларусаў абраны дэлегатам на Першы Ўсебеларускі Зьезд, член яго прэзыдыюма.

Да ліпеня 1918 займаў пасаду міністра юстыцыі і фінансаў у Народным сакратарыяце — першым урадзе БНР. Як нязгодны зь яго палітыкай, выйшаў у адстаўку.

Пасьля дыпляматычны прадстаўнік ураду БНР у Кіеве, Адэсе, Бэрліне. У 1919 арыштаваны польскімі акупацыйнымі ўладамі, але здолеў уцячы з-пад варты.

У 1918—1919 сябра Беларускай партыі сацыялістаў-фэдэралістаў, у 1920 сябра Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, зь якой выйшаў у жніўні 1920.

У 1920—1922 служыў у Гомелі ў чыгуначных часьцях Чырвонай арміі. 1 кастрычніка 1920 арыштаваны асобым аддзелам Заходняга фронту па падазрэньні ў контррэвалюцыйнай дзейнасьці; вызвалены праз 6 месяцаў. У чэрвені 1924 удзельнічаў у ліквідацыйным зьезьдзе БПС-Р.

Перайшоў на фінансавую работу — у 1925—1930 упаўнаважаны Наркамфіну БССР, з 1931 у Белшвейаддзяленьні Вышэйшага савета народнай гаспадаркі.

Арыштаваны 19 сакавіка 1932. Паводле пастановы калегіі ОГПУ СССР асуджаны на 5 гадоў папраўча-працоўных работ. Этапаваны ў Сьвірскі канцлягер НКВД Ленінградзкай вобласьці. У зьняволеньні 27 сьнежня 1936 узяты пад варту. 8 лютага 1937 Ленінградскім абласным судом асуджаны да 5 гадоў зьняволеньня і 5 гадоў пазбаўленьня правоў.

Загінуў у 1942 годзе ў Магаданскім канцлягеры. Па першым прыгаворы рэабілітаваны прэзыдыюмам Менскага абласнога суда 16 лістапада 1963, па другім — пракуратурай Расейскай Фэдэрацыі 16 сьнежня 1992.

На фота – у цэнтры.

You may also like...