Антон Борык

7 ліпеня 1894 г. каля Воранава нарадзіўся Антон Борык — беларускі палітычны і вайсковы дзяяч, удзельнік Слуцкага Збройнага Чыну.

Удзельнік Першай Сусьветнай вайны. Капітан. З 1917 году працягваў службу ў польскіх легіёнах Доўбар-Мусьніцкага.

У 1918 пакідае вайсковую службу і пераяджае ў Вільню. Уваходзіць у склад Віленскай Беларускай Рады. Быў адным з заснавальнікаў Беларускага Камітэту ў Горадні. Уваходзіць у беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянэраў.

У 1919 г. – першы афіцыйны пасланьнік БНР у Нямеччыне. 23 сакавіка 1919 прыбыў у Бэрлін з Гародні як кіраўнік Беларускай ваеннай місіі па справах ваеннапалонных. Знаходзячыся ў Нямеччыне, перадаваў грошы і сродкі беларускім школам.

У сярэдзіне лета 1920 зьяжджае з Бэрліну ў Латвію. Пасьля едзе ў Гародню на запрашэньне беларускіх вайскоўцаў. Узначальвае агульны адзел Беларускай Вайсковай Камісіі.

Пад канец лістапада 1920 г. начале з Кузьмом Цярэшчанкам прыбыў у званьні капітана з Лодзі ў Семежава для ўдзелу ў Слуцкім Збройным Чыне (разам зь ім прыбылі яшчэ 3 афіцэра з 12 пасланых — капітаны Андрэй Якубецкі, Антон Сокал-Кутылоўскі, паручнік Тодар Янушэнка).

Падчас Слуцкага Збройнага Чыну ўзначальваў штаб Першай Слуцкай Брыгады. Падаваў нататкі пра паўстаньне ў газэты «Наша думка» і «Беларускае слова».

Пасьля заканчэньня паўстаньня — у Латвіі, пасьля ў Коўне, Вільні, Варшаве. У апошняй быў адным з арганізатараў Таварыства Беларускай Школы. Напрыканцы 30-х жыў у Вільні, працаваў у кіраўніцтве Віленскай чыгункі. Зьвесткі губляюцца з пачаткам Другой Сусьветнай Вайны. Лічыцца, што загінуў напачатку 40-х.

You may also like...