ПЕРШЫЯ МЭДАЛІ ОРДЭНУ ПАГОНІ ЎРУЧАНЫЯ БЛІЗКІМ ПАЛІТВЯЗЬНЯЎ

У Вільні на сядзібе Таварыства беларускай культуры адбылося першае ўручэньне Мэдалёў Ордэну Пагоні.

Мэдалі былі перададзеныя блізкім палітычных вязьняў Ігара Лосіка, Дар’і Лосік і Эдуарда Пальчыса, узнагароджаных дэкрэтам Старшыні Рады БНР ад 25 сакавіка 2023 году за заслугі на ніве барацьбы за волю Беларусі.

Алесь Чайчыц, сябра Камісіі па ўзнагароджаньнях пры Радзе БНР, пракамэнтаваў:

“Дар’я, Ігар і Эдуард праходзяць празь цяжкія выпрабаваньні за праўду, за вернасьць сваім ідэалам і за ўвесь беларускі народ. Яны дэманструюць годнасьць і гераізм у найскладаных умовах, якія ім незаконна стварылі злачынцы й ворагі дэмакратыі і свабоды. Уся Беларусь чакае іхнага найхутчэйшага вызваленьня.”

Ігар Лосік, блогер, адміністратар тэлеграм-каналу, супрацьзаконна ўтрымліваецца ў турме з чэрвеня 2020 году. Незаконны прысуд: 15 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму (судзьдзя Мікалай Доля, пракурор Дзяніс Мікушаў).

Дар’я Лосік, жонка Ігара Лосіка, незаконна ўвязьненая ў кастрычніку 2022 году за інтэрвію пра абставіны незаконнага арышту яе мужа. Незаконны прысуд: два гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (судзьдзя Мікалай Грыгаровіч, пракурор Кацярына Пакала).

Эдуард Пальчыс, блогер і грамадзкі дзеяч, незаконна ўвязьнены з восені 2020 г. Незаконны прысуд: 13 гадоў пазбаўленьня волі ў турме ва ўмовах строгага рэжыму (судзьдзя Пётр Арлоў).

Рада Беларускае Народнае Рэспублікі патрабуе неадкладнага вызваленьня і рэгабілітацыі Ігара і Дар’і Лосікаў, Эдуарда Пальчыса, а таксама ўсіх больш за 1 500 беларускіх палітычных вязьняў.

You may also like...