Макар Касьцевіч

18 жніўня 1891 году ў Гарадзенскім павеце нарадзіўся Макар Касьцевіч (Краўцоў), аўтар тэкста Ваяцкага маршу, дзеяч Рады БНР.

Нарадзіўся ў заможнай сялянскай сям’і. Скончыў царкоўна-прыходзкую школу ў вёсцы Галавачы, Сьвіслацкую настаўніцкую сэмінарыю (1910). Працаваў у школе.

З 1915 году — у войску, пасьля вайсковай вучэльні — на Паўночна-Заходнім фронце.

Дэлегат Першага Ўсебеларускага кангрэсу (сьнежань 1917 году). Настаўнічаў у Менску (1917—1918). Выкладаў на курсах беларусазнаўства пры Менскай гарадзкой думе (1918).

У 1918 годзе ўступіў у Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянэраў. Удзельнічаў у працы Рады БНР у Менску і Горадні (1918—1919).

Удзельнік Слуцкага Збройнага Чыну, займаўся ў ходзе яго справамі друку, быў загадчыкам паўстанцкае друкарні ў Клецку.

У міжваенны час жыў у Заходняй Беларусі, працаваў у Радашкавіцкай беларускай гімназіі (1922—1923). Пасьля жыў у Вільні, рэдагаваў часапіс «Саха» (1923). Выдаў у Вільні працу па гісторыі БНР «Рада Беларускай Народнай Рэспублікі» (1921).

З 1927 году актыўна ўдзельнічаў у працы Беларускага навуковага таварыства. Друкаваўся (з 1916 году) у пэрыёдыках «Гоман», «Звон», «Беларускае жыцьцё», «Беларускія ведамасьці», «Беларусь», «Наша думка», «Маланка», «Грамадзкі Голас», «Беларускае слова» «Сялянская ніва», «Беларуская культура», «Беларускі дзень». Карыстаўся таксама псэўданімам «Язэп Сьвятазар». Арганізоўваў у родных мясьцінах беларускія канцэрты, спэктаклі.

Арыштоўваўся ўладамі Польшчы за пракамуністычную агітацыю.

Сябра Галоўнай управы Таварыства беларускай школы ў 1936—1937 гадах.

Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР у кастрычніку 1939 году працаваў у рэдакцыі газэты «Віленская праўда». Неўзабаве арыштаваны бальшавікамі, загінуў у зьняволеньні.

You may also like...