Стэфан Эрыксан узнагароджаны Мэдалём да стагодзьдзя БНР

Стэфан Эрыксан, былы амбасадар Швэцыі ў Беларусі, атрымаў Мэдаль да стагодзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі ад Рады БНР. Мэдаль быў уручаны ў Рызе, дзе амбасадар цяпер узначальвае місію Рады міністраў нардычных дзяржаваў.

Алесь Чайчыц, сябра Камісіі па ўзнагароджаньнях пры Радзе БНР, пракамэнтаваў: “Амбасадар Стэфан Эрыксан праявіў сябе як вялікі сябра Беларусі, беларускага народу і беларускай грамадзянскай супольнасьці, гэтым зрабіўшы выбітны ўнёсак у разьвіцьцё стасункаў паміж нашымі краінамі. Падтрымка такіх людзей надзвычай каштоўная для Беларусі. Мы вельмі ўдзячныя пану амбасадару, ён заўсёды будзе чаканым госьцем у свабоднай Беларусі”.

Мэдаль да стагодзьдзя БНР надаваўся ў 2018 і 2019 гг. дэкрэтам Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы за заслугі перад свабоднай Беларусьсю. Сярод узнагароджаных ім – першы галава незалежнай Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч, нобэлеўскія ляўрэяты Сьвятлана Алексіевіч і Алесь Бяляцкі, беларускія дэмакратычныя актывісты, журналісты і дзеячы культуры, а таксама шэраг замежных палітыкаў, дыпляматаў і грамадзкіх дзеячоў.

You may also like...