Мэдалі Ордэна Пагоні для беларускіх палітвязьняў і герояў, загінулых за Беларусь

У Варшаве ў Беларускім доме адбылося ўручэньне Мэдалёў Ордэна Пагоні, узнагароды Беларускай Народнай Рэспублікі.

Мэдалі былі ўручаныя блізкім загінулых удзельнікаў пратэстаў 2020 г. Рамана Бандарэнкі і Мікіты Крыўцова, а таксама загінулага ва Ўкраіне героя-байца Эдуарда Лобава.

Таксама ў Дзень беларускіх палітвязьняў мэдалі атрымалі блізкія ўзнагароджаных палітзьняволеных Дзяніса Івашына, Уладзімера Гундара і Паліны Шарэнды-Панасюк.

Мэдаль змагла асабіста атрымаць палітычная зьняволеная Дар’я Чульцова, якая была адпушчаная на свабоду пасьля незаконнага тэрміну ў лукашэнкаўскай турме.

Мэдаль Ордэну Пагоні – найвышэйшая цывільная дзяржаўная ўзнагарода сярод тых, якія на дадзены момант уручае Рада БНР у выгнаньні. Ордэн Пагоні быў заснаваны дэкрэтам Старшыні Рады БНР Міколы Абрамчыка ў 1949 годзе. Ягоная канцэпцыя абапіраецца на традыцыю ўзнагародаў Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Мэдаль Ордэну Пагоні заснаваны ў 2022 г. у рамках статуту Ордэна Пагоні. На дадзены момант гэтым мэдалём адзначаныя 37 чалавек.

Мэдалі ўручаў радны БНР Яўген Вапа, празь відэасувязь на цырымоніі выступіў таксама сябра Камісіі па ўзнагароджаньнях Рады БНР Алесь Чайчыц.

You may also like...