Віншаваньне з Калядамі і Новым годам

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла перадала свае віншаваньні з сьвятам Божага Нараджэньня і Новым годам.


Дарагія суродзічы,  дарагія беларусы ва ўсім сьвеце!

Надыходзіць канец 2018 году. Гэта быў асаблівы для нашага народу год: сёлета мы адсьвяткавалі соты юбілей адноўленае беларускае дзяржаўнасьці.

То былі цяжкія сто гадоў, поўныя гераічнага змаганьня, поўныя ахвяраў і стратаў. Але нікому так і не атрымалася нас скарыць. Бо нават бальшавікі былі вымушаныя аформіць сваю акупацыю Беларусі ў выглядзе вонкава незалежнай “савецкай рэспублікі”, добра разумеючы, што волю беларускага народу да незалежнасьці ім ужо не зламаць.

З нагоды сёлетняга слаўнага юбілею я падпісала дэкрэт аб узнагароджаньні некалькіх дзясяткаў заслужаных асобаў у Беларусі і ў замежжы адмысловым юбілейным мэдалём Рады БНР. У самым хуткім часе мы паведамім пра гэта больш падрабязна.

Дарагія суайчыньнікі! Я хачу, каб мы з аптымізмам глядзелі у будучыню.

Цяперашні час няпросты: на Беларусі пануе беззаконьне і аўтарытарызм, а з-за мяжы нашай краіне пагражае агрэсіўная пуцінская Расея.

Aзіраючыся на змагарныя апошнія сто гадоў мы бачым, што народу нашаму атрымалася пераадолець найцяжэйшыя выпрабаваньні: войны, акупацыі, тэрор, Чарнобыльскую катастрофу. Але стагодзьдзе ад абвешчаньня сваёй незалежнасьці Беларусь сустрэла ў якасьці ўсімі прызнанай паўнапраўнай самастойнай дзяржавы, што ёсьць нашай сапраўднай перамогай.

Беларускі народ, нягледзячы на дыктатуру і русыфікацыю,  жыве! Тысячы актывістаў і неабыякавых людзей удзельнічаюць у шматлікіх беларускіх культурніцкіх і гістарычных праектах, будуюць помнікі, выдаюць кнігі, перакладаюць на беларускую мову творы сусьветнай літаратуры і кінэматографа, абараняюць Курапаты.

Усё гэта дае мне перакананьне, што мы перажывем і цяперашні час, захаваўшы ўласную мову, культуру і нацыянальную годнасьць.

“Магутны й сьмелы наш беларускі вольны дух” надалей жыве ў сэрцах тысячаў і тысячаў людзей.

Сардэчна віншую вас з Новым годам і сьвятам Божага нараджэньня!

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла
Старшыня Рады БНР

Віншаваньне з 30-годзьдзем ТБК ў Літве

Старшыня Рады БНР павіншавала беларусаў Вільні з 30-годзьдзем Таварыства беларускае культуры ў Літве, адной з найстарэйшых арганізацыяў беларускае меншасьці ў Літоўскай Рэспубліцы:

Шаноўныя нашыя землякі ў Вільні,

Ад усяго сэрца віншую вас з трыццацігодзьдзем ад заснаваньня Таварыства беларускае культуры ў Літве.

Усе мы ведаем, якое вялікае значэньне мае Вільня для беларускай гісторыі. І гэта азначае вялікую важнасьць таго, каб працягвалася беларуская культурніцкая прысутнасьць на Віленшчыне, каб сярод шматгалосься карэнных насельнікаў краю моцна гучаў і беларускі голас.

Ад імя Рады БНР, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў беларускіх арганізацыяў на некалькіх кантынэнтах, шчыра вітаю вас і жадаю посьпехаў у вашай найважнай для ўсіх нас дзейнасьці.

Івонка Сурвілла
Старшыня Рады БНР

Дзень Герояў – віншаваньне Старшыні Рады БНР

Дарагія Суродзічы!

Надыходзяць угодкі Слуцкага Збройнага Чыну і, як заўсёды, напаўняецца сэрца адначасна захапленьнем гераізмам Случчакоў, якія “ішлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына”, і сумам, што іх ахвярнасьць была дарэмнай. Было іх замала, каб стрымаць чужую навалу, ня было адпаведнай зброі й ніхто ім не памог у іх змаганьні.

Але Случчакі назаўсёды застануцца ў нашай памяці. Яны ішлі змагацца зь верай у сваю праўду, не таму што нехта ім загадаў ісьці, а таму што яны ведалі, што няма большай каштоўнасьці ў чалавека за волю – сваю і свайго народу.

Дзевяноста восем гадоў таму яны былі гатовыя аддаць жыцьцё за волю!

За гэтых 98 гадоў шмат што зьмянілася на нашай зямлі. Чужакі зьнішчылі мільёны найлепшых сыноў і дачок Беларусі. Тыя, што засталіся, разьвілі неверагодны інстынкт выжываньня, які дазволіў ім выжыць дасюль.

І дзякаваць Богу за гэта! Але ці за гэта змагаліся Случчакі?

Барацьба за вольную і дэмакратычную Беларусь, якую яны вялі, працягваецца і па сёньня.

Сёлетні год – юбілейны для беларускай дзяржаўнасьці. Але мы бачым, як на фоне суседніх з намі краінаў, што таксама сьвяткуюць стагодзьдзе сваёй незалежнасьці, рэжым у Беларусі фактычна праігнараваў гэтую найважнейшую дату. Адначасова з гэтым для ўсіх відавочнай стала ўсё большая небясьпека, якую прадстаўляе агрэсіўная пуцінская Расея. Рада БНР папярэджвала пра гэтую небясьпеку шмат гадоў. Але ня ўсе хочуць яе чуць. Маскоўскае прамываньне мазгоў выконвае сваю зларадную працу

Хочу папрасіць кожнага з вас, дарагія Суродзічы, каб прыпомнілі сёньня гераізм нашых яшчэ недалёкіх продкаў і выказалі ім з глыбіні сэрца ўдзячнасьць беларускага народу за іх яскравы чын. Яны паказалі ўсім нам, як трэба цаніць сваю зямлю!

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла
Старшыня Рады БНР

Работа па арганізацыі беларускага войска – лістапад 1918 г.

З хронікі для прэсы ад 23 лістапада 1918 г.: работы па арганізацыі Беларускага войска

ПОѢЗДКА ГЛАВНОКОМАНДУЮЩАГО БѢЛОРУССКОЙ НАРОДНОЙ АРМІИ К.А. КОНДРАТОВИЧА

Главнокомандующій Бѣлорусской Народной Арміи генералъ-адъютантъ К.А. Кондратовичъ выѣхалъ изъ Минска по дѣламъ организаціи Арміи. Замѣстителемъ его во время отсутствія назначенъ генералъ Свѣтловскій.

Окончательно получили назначенія по частямъ и отделамъ арміи генералы Крейчманъ, Ольсуфьевъ и др.

По всѣмъ даннымъ въ ближайшіе дни Бѣлорусская Армія сможетъ дать до 10.000 войска, не считая безконечного притока записывающихся добровольцевъ во многихъ городахъ Бѣлоруссіи.

Особое вниманіе при записываніи въ ряды Бѣлорусской Народной Арміи обращается на военную подготовку. Въ первую голову получаютъ назначеніе всѣ офицеры, а также подпрапорщики, фельдфебеля, старшіе и младшіе унтеръ-офицеры.

Многіе изъ записывающихся предлагаютъ явиться съ лошадьми при полной амуниціи и съ собственной обмундировкой.

На дняхъ ожидается пространное воззваніе отъ главнокомандованія Бѣлорусской Народной Арміи съ изложеніемъ цѣлей организаціи Арміи и точнѣйшихъ условій поступленія и пріема. Спѣшно организуется въ Минскѣ Офицерская школа.

Выступ Старшыні Рады БНР на сьвяткаваньні юбілею Згуртаваньня Беларусаў Канады

Дастойны Ўладыка Сьвятаслаў, шаноўныя госьці, дарагія сябры,

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі вітаю ўсіх нас зь юбілеем Згуртаваньня Беларусаў Канады.

Як і ўва ўсіх іншых краінах, куды лёс іх закінуў, беларусы паваеннай хвалі эміграцыі ў Канадзе хутка пасьля свайго прыезду зьядналіся, перадусім каб разам працаваць на карысьць беларускага народу і разам змагацца за незалежнасьць Бацькаўшчыны.

Нават калі, у залежнасьці ад сваіх палітычных поглядаў, тварылі ў краіне некалькі беларускіх арганізацыяў, усе яны былі верныя ідэалам 25 сакавіка, усе стараліся стварыць «сваю Беларусь» на чужыне. Ад самага пачатку, заміж забясьпечваць уласнае існаваньне, яны браліся за здабычу сваіх сьвятыняў і грамадзкіх цэнтраў. У адным зь іх мы сьвяткуем сёньня наш сямідзясяты юбілей.

Continue reading Выступ Старшыні Рады БНР на сьвяткаваньні юбілею Згуртаваньня Беларусаў Канады

Першы Статут ВКЛ – 29.09.1529

29 верасьня 1529 г. набыў моц першы Статут Вялікага Княства Літоўскага, выбітны помнік беларускай прававой думкі.

Другі Статут ВКЛ быў прыняты ў 1566 г., трэці – у 1588 г.

Статуты ВКЛ былі галоўнай крыніцай права ў Беларусі да 1840 года.

Усебеларуская палітычная канфэрэнцыя ў Празе, 1921 г.

25-28 верасьня 1921 г. у Празе адбылася Ўсебеларуская палітычная канфэрэнцыя, якая пацьвердзіла вернасьць Трэцяй Устаўнай грамаце Рады БНР і заявіла, што адзіным заканадаўчым органам Беларусі зьяўляецца Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама пацьвердзіла прынцып незалежнасьці й непадзельнасьці Беларусі.

Continue reading Усебеларуская палітычная канфэрэнцыя ў Празе, 1921 г.

Натальля Арсеньнева

20 верасьня 1903 г. у Баку нарадзілася Натальля Арсеньнева, беларускі паэт і грамадзкі дзеяч, аўтар вершу “Малітва за Беларусь”, які стаў тэкстам беларускага духоўнага гімна “Магутны Божа” на музыку Мікалая Равенскага.

Continue reading Натальля Арсеньнева

Зьніклая паэзія: фільм пра беларускіх паэтаў, рэпрэсаваных у БССР

1 жніўня 1937 году супрацоўнікі НКВД БССР спалілі дзясяткі тысячаў рукапісаў беларускіх пісьменьнікаў, якія не прайшлі савецкую цэнзуру.

Пра тое, як жыла багема ў акупаванай СССР Усходняй Беларусі да трагічнага 1937-га, глядзіце фільм «Зьніклая паэзія», зьняты пры падрыманьні тэлеканалу «Белсат».

Фільм адзначаны дыплёмам кінафэстывалю «Лістапад», які праходзіў у Менску з 3 па 10 лістапада 2018 г.