РАДА БНР ВІНШУЕ З ДНЁМ БЕЛАРУСКАЙ ВАЙСКОВАЙ СЛАВЫ І АБВЯШЧАЕ ПРА НОВЫЯ ЎЗНАГАРОДЖАНЬНІ

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі сардэчна віншуе ўсіх беларускіх вайсковаслужбоўцаў, байцоў, працаўнікоў тылу і валянтэраў з Днём беларускай вайсковай славы.

Як і ў часы пераможнай Аршанскай бітвы, угодкі якой мы адзначаем сёньня, Беларусь зноў перажывае адзін з тых момантаў у сваёй гісторыі, калі найбольшы ўнёсак дзеля будучыні нашай радзімы робяць тыя мужчыны і жанчыны, якія са зброяй у руках даюць адпор расейскім захопнікам, адвечным ворагам беларускага народу.

Рада БНР адзначае, што мірныя сродкі барацьбы за вызваленьне Беларусі ад крывавай дыктатуры, якая пры расейскай падтрымцы ўжо амаль трыццаць гадоў пануе ў Беларусі, у дадзены момант збольшага вычарпаныя.

Магчымасьці для пераменаў – агульнанацыянальнага адкрытага дыялёгу па будучым разьвіцьці Беларусі, свабодных і дэмакратычных выбараў – беларусы зараз вымушаныя здабываць на полі боя.

Толькі перамога Ўкраіны ў вайне і максымальнае аслабленьне цяперашняй шавіністычнай Расеі дасьць шанец на вызваленьне Беларусі.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заклікае ўсіх беларусаў, перадусім у дыяспары, аказваць усю магчымую падтрымку беларускім добраахвотнікам, якія ваююць на баку Ўкраіны, а пры магчымасьці станавіцца ў іхныя шэрагі альбо здабываць вайсковыя навыкі і быць гатовымі ўступіць у бой за вызваленьне Беларусі.

Рада БНР заклікае ўсіх сумленных людзей, якія засталіся ў Беларусі і перадусім у шэрагах Збройных сілаў Рэспублікі Беларусь, назапашваць сілы, інфармацыю, навыкі для будучага вызваленьня Беларусі ад дыктатуры. Рада БНР заклікае людзей у Беларусі берагчы сябе, захоўваць гатоўнасьць дзейнічаць у той момант, калі гэта спатрэбіцца.

У адзначэньне Дня беларускай вайсковай славы Рада БНР абвяшчае аб новым узнагароджаньні беларускіх вайскоўцаў Мэдалём за баявыя заслугі.

За асабістую адвагу ў баях супраць расейскіх захопнікаў ва Ўкраіне адзначаюцца сем байцоў Палку Кастуся Каліноўскага, шасьцёра байцоў 1 Асобнай дэсантна-штурмавой роты ў складзе Дэсантна-штурмавых войскаў Украіны, адзін баец вайсковае часткі А2167 ЗСУ.

Агулам на дадзены момант мэдалём адзначаныя 36 байцоў. У гэтым ліку тры афіцэры адзначаныя афіцэрскім мэдалямі. Сярод узнагароджаных два байцы жаночага полу.

Гэтыя адважныя сыны і дачкі Беларусі бароняць беларускі нацыянальны гонар на тле таго, як былы прэзыдэнт А. Лукашэнка ўцягвае нашую Бацькаўшчыну ў злачынную захопніцкую вайну супраць Украіны, разьвязаную Расеяй на чале з карумпаваным рэжымам У. Пуціна.

Узнагароджаныя беларускія байцы – гэта героі, чые імёны яшчэ прыйдзе час апублікаваць. Яны куюць нашую агульную перамогу і закладаюць падмурак для будучай арміі свабоднай Беларусі.

You may also like...