In memoriam Надзея Дземідовіч

Вечарам 3 сакавіка ня стала Надзеі Дземідовіч, вэтэрана беларускага нацыянальнага руху, вязьня ГУЛАГ і ўдзельніцы паўстаньня вязьняў у Кенгіры, узнагароджанай Мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Рада БНР выказвае свае шчырыя спачуваньні блізкім спадарыні Дземідовіч.

Падаем зварот Старшыні Рады БНР:

“З глыбокім смуткам сустрэла вестку пра зыход з жыцьця Надзеі Дземідовіч – адданай патрыёткі, якая ахвяравала гадамі зьняволеньня і пакутаў за тое, каб Беларусь зрабілася незалежнай дзяржавай.

Усьцешаная, што Рада БНР пасьпела ўзнагародзіць спадарыню Надзею Мэдалём да стагодзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта, на жаль, зусім невялікая частка нашай удзячнасьці і ўдзячнасьці будучых пакаленьняў беларусаў, якія ў вольнай і дэмакратычнай краіне, бясспрэчна, належным чынам ушануюць памяць пра сапраўдную патрыётку нашай Бацькаўшчыны.

Вечная Вам памяць, спадарыня Надзея.

Івонка Сурвілла,

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

4 сакавіка 2020

Канада”