У 106-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла падпісала дэкрэты аб узнагароджаньнях за заслугі перад беларускім народам.

Упершыню з 1950 году зьдзейсьнена ўзнагароджаньне тытуламі кавалера Ордэну Пагоні, з наданьнем адзнакі Крыжу Ордэну Пагоні. Імі адзначаныя палітык Зянон Пазьняк — за найважнейшы ўнёсак у здабыцьцё незалежнасьці Беларусі, нацыянальнае адраджэньне, абарону дэмакратыі, праваабаронца Алесь Бяляцкі — за выбітныя заслугі маральна-грамадзкага лідэрства нацыянальнага маштабу на абароне грамадзянскіх і нацыянальна-культурных правоў і законнасьці Беларусі ў варунках асабістае небясьпек, а таксама два палітычныя зьняволеныя, чые імёны пакуль не апублічваюццва зь меркаваньняў асабістай бясьпекі. Гэтай жа ўзнагародай адзначаныя два рэлігійныя і духоўныя лідэры нацыянальнага маштабу, чые імёны пакуль не апублічваюцца.

Мэдалём Ордэну Пагоні адзначаныя  ваяр і вайсковы арганізатар у   батальёне «Волат» з дадатковай вайсковаю адзнакаю і адзнакаю за мужнасьць, дырэктар «Беларускага дому» у Варшаве Алесь Зарамбюк, намесьнік камандзіра палку імя Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук  (з дадатковай вайсковаю адзнакаю), куратарка кніжнай калекцыі Бібліятэкі імя Скарыны ў Лёндане Караліна Мацкевіч, камандзір палку імя Кастуся Каліноўскага Дзяніс Прохараў ( дадатковай вайсковаю адзнакаю),  дзеяч Згуртаваньня Беларусаў Вялікай Брытаніі і адзін з кіраўнікоў Беларускага Дабранчыннага Фонду Сяргей Пяткевіч, удзельніца нацыянальнага руху пачатку 1980-х і непадцэнзурнага друку, журналістка Алена Радкевіч, сустрашыня руху салідарнасьці «Разам» Алена Талстая,   а таксама брытанскі навуковец Алан Фляўэрс і грамадзкі актывіст, які шмат зрабіў у справе дабрачыннасьці,  мэдык Сяргей Юрчанка (Чэхія).

За ўнёсак у беларускую культуру і адукацыю Мэдалём Ордэну Пагоні ўзнагароджаныя аўтарка падручнікаў па беларускай мове для 1-6 клясаў, беластоцкая настаўніца Аліна Ваўранюк, заснавальнік інтэрнэт-бібліятэкі і кіраўнік беластоцкай Фундацыі «Kamunikat.org» Яраслаў Іванюк і паэт  Андрэй Хадановіч.

Закрытым дэкрэтам Старшыня Рады БНР узнагародзіла Мэдалём за Баявыя Заслугі трох афіцэраў і чатырнаццаць байцоў Палку імя Кастуся Каліноўскага, аднаго афіцэра і адзінаццаць байцоў батальёну «Волат», а таксама аднаго байца асобнай десантна-штурмавой роты  «Беларусь» у складзе аднае з брыгадаў Збройных сілаў Украіны.

Аднаму з вайсковых арганізатараў, раней узнагароджанаму Мэдалём Ордэну Пагоні, нададзеная дадатковая вайсковая адзнака.

You may also like...