Рада БНР патрабуе неадкладнага вызваленьня затрыманых палітыкаў і актывістаў – Заява

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі рашуча асуджае арышты палітыкаў і грамадзкіх актывістаў у Беларусі, якія адбываюцца цягам абвешчанай кампаніі па выбарах Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

Рада БНР патрабуе неадкладна вызваліць усіх незаконна затрыманых асобаў, у тым ліку Паўла Севярынца, Мікалая Статкевіча, Эдуарда Пальчыса, Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Маслоўскага, Уладзімера Цыгановіча, Максіма Вінярскага, Міколу Качурца.

Арышты, ператрусы, разгон акцый у падтрымку кандыдатаў, альтэрнатыўных дзеючаму прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку, зьяўляюцца парушэньнем агульнапрынятых дэмакратычных стандартаў, а таксама дзеючага законадаўства Рэспублікі Беларусь.

Спасылаючыся на сваю заяву ад 15 траўня 2020 г., Рада БНР яшчэ раз заяўляе, што ў Беларусі на сёньняшні дзень адсутнічаюць умовы для правядзеньня свабодных і сумленных дэмакратычных выбараў Прэзыдэнта. Падзеі, што адбыліся цягам месяца ад той заявы, выразна пацьвердзілі, што дзеючая ўлада мае намер злоўжываць сілавымі структурамі і дзяржаўным апаратам на карысьць кандыдата Аляксандра Лукашэнкі, які незаконна займае пасаду Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і ня мае законнага права вылучаць сваю кандыдатуру на гэтых выбарах.

Рада БНР заклікае міжнародную супольнасьць аказаць увесь магчымы ціск на ўлады Рэспублікі Беларусь дзеля забесьпячэньня абароны правоў чалавека, вяршэнства права і дэмакратыі ў Беларусі.

Рада БНР заклікае беларускае грамадзтва ўстаць на абарону актывістаў, якія ахвяруюць сваёй свабодай дзеля дэмакратыі ў Беларусі.

Рада БНР паўторна заклікае ўлады Рэспублікі Беларусь да правядзеньня адкрытых і сумленных дэмакратычных перавыбараў у органы ўлады ўсіх узроўняў, якія адбыліся б пад міжнародным назіраньнем і ў поўнай адпаведнасьці з агульнапрызнанымі дэмакратычнымі стандартамі.

You may also like...