ГВАЛТ СУПРАЦЬ ПАЛІТЫЧНЫХ АПАНЭНТАЎ – ПРЫЗНАК СЛАБАСЬЦІ ЎЛАДАЎ. ЗАЯВА РАДЫ БНР

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі асуджае факты катаваньняў і зьдзекаў з арыштаваных палітыкаў, у тым ліку Паўла Севярынца, які ўскрыў вены ў знак пратэсту супраць зьдзекаў турэмнай адміністрацыі. Такія факты супярэчаць закону і зьяўляюцца абсалютна непрымальнымі для сучаснай эўрапейскай краіны, якой павінна быць Беларусь.

Брутальны ціск на палітычных апанэнтаў сьведчыць пра тое, што Аляксандар Лукашэнка, які незаконна займае пасаду Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, ня можа разьлічваць на перамогу ў свабодных і празрыстых выбарах.

Найбольш яскравай прыкметаю няздольнасьці А. Лукашэнкі перамагчы ў сумленнай выбарчай барацьбе зьяўляецца арышт прэтэндэнта на статус кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі, блогера Сяргея Ціханоўскага, які ёсьць адным зь лідэраў пратэстнага руху, лідараў дэмакратычнай апазыцыі Паўла Севярынца і Мікалая Статкевіча, а таксама многіх іншых.

Рада БНР патрабуе неадкладнага вызваленьня ўсіх незаконна затрыманых беларускіх палітыкаў, актывістаў і журналістаў.

Беларускае грамадзтва і будучая законная дэмакратычная ўлада Беларусі павінны забясьпечыць крымінальны перасьлед усіх службовых асобаў, якія ажыцьцяўляюць палітычныя арышты і незаконны ціск на актывістаў, палітыкаў і журналістаў пад час гэтай выбарчай кампаніі.