8 верасьня – Дзень беларускай вайсковай славы

8 верасьня адзначаецца Дзень Беларускае Вайсковае Славы.

У гэты дзень у 1514 годзе адбылася знакамітая Аршанская бітва, у якой беларуска-літоўскія войскі на чале з гетманам Канстантынам Астроскім разьбілі шкаткроць пераважаючыя войскі Маскоўскага княства.

Увосень 1512 году Маскоўская дзяржава распачала новую захопніцкую вайну за беларускія і ўкраінскія землі. Войскі маскавітаў захапілі шэраг гарадоў на ўсходзе Беларусі.

Бітва пад Оршаю, дзе 30-тысячнае войска ВКЛ перамагло 80-тысячнае маскоўскае войска, спыніла ўварваньне і дала Вялікаму Княству Літоўскаму магчымасьць вярнуць захопленыя супраціўнікам Дуброўна, Амсьціслаў і Крычаў. Пасьля бітвы на чатыры гады спыніліся буйныя ўварваньні маскоўскіх войскаў на Беларусь.

Аршанская бітва была адной з найбуйнейшых у Эўропе ў пачатку XVI стагодзьдзя. У гонар перамогі на сродкі Канстантына Астроскага ў Вільні збудаваныя праваслаўныя храмы Сьвятой Тройцы й Сьвятога Мікалая, якія захаваліся дагэтуль.

У гонар Аршанскага трыюмфу выйшлі брашуры лацінскаю і нямецкаю мовамі, у якіх кароль Жыгімонт І і папскі нунцы Пізо апавядалі пра бітву Папу Рымскаму Лявону X. У самой апостальскай сталіцы Рыме прайшло ўдзячнае набажэнства за аршанскі трыюмф. У другой палове 1514 году ў Нюрнбэргу выйшаў адмысловы лісток з апісаньнем бітвы, перавыдадзены ў 1515 годзе. Пра славутую перамогу апавядалі многія тагачасныя хронікі. У іх Аршанская бітва параўноўвалася зь перамогаю рымскага вайскавода Сцыпіёна Афрыканскага над славутым картагенскім вайскаводам Ганібалам пры Замі, называлі князя Канстантына «Сцыпіёнам рускім».

Аршанская бітва пакінулі глыбокі сьлед у тагачаснай беларускай, украінскай і польскай літаратуры. У Валынскім кароткім летапісе зьмяшчаецца «Пахвала князю Астроскаму» — сапраўдны літаратурны твор, узбагачаны прыкладамі і цытатамі з Бібліі і старажытнай гісторыі. К. Астроскі параўноўваецца зь біблейскім героем Авіем, сынам Раваама, які ваяваў зь дзесяцьцю каленамі Ізраільскімі і за адзін дзень забіў 500 000 дужых людзей.

Аршанская бітва ўвайшла ў эўрапейскія хрэстаматыі з ваеннай гісторыі як узор удалай тактыкі змаганьня з намнога перасяжнымі сіламі ворага, як прыклад вырашальнага ўплыву таленту і майстэрства вайсковага начальніка на вынік баталіі. Бітва пад Воршай вывучалася ў вайсковых вучэльнях дарэвалюцыйнай Расеі, як узор баявога майстэрства яна разглядаецца ў Расейскай ваеннай энцыкляпэдыі 1914 году.

У 1992 годзе ў гадавіну Аршанскай перамогі на плошчы Незалежнасьці ў Менску адбылася ўрачыстая прысяга 12 беларускіх афіцэраў і каля 3000 салдатаў запасу на вернасьць Беларусі. Удзельнікі гэтай прысягі адчувалі пэўны ціск з боку ўладаў, аднак празь непрацяглы час прысягу на вернасьць Беларусі прынялі ўсе вайсковыя часткі.

Аршанская бітва. Падвойная перамога – фільм тэлеканалу “Белсат”

Гісторыя пад знакам Пагоні: Канстанцін Астрожскі і бітва пад Воршаю

https://www.youtube.com/watch?v=G7sgeFrk450

Аршанская бітва – сярэднявечная песьня ў выкананьні гурту “Стары Ольса”

Аршанская бітва – Вершаваная аповесць 1582 г.

Словы Мацея Стрыйкоўскага (“Хроніка Польская, Літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі” (1582))

You may also like...