Васіль Быкаў

19 чэрвеня 1924 г. у Віцебскай вобласьці нарадзіўся Васіль Быкаў, адзін з найважнейшых беларускіх літаратараў 20-га стагодзьдзя, сузаснавальнік Беларускага Народнага Фронту.

Нарадзіўся ў вёсцы Бычкі Ўшацкага раёну Віцебскай вобласьці ў сялянскай сям’і. Пасьля заканчэньня 9 клясы ў Кублічах Быкаў паступіў на мастакоўскае аддзяленьне Віцебскай мастацкай вучэльні. Потым быў пераведзены на скульптурнае аддзяленьне. Аднак, доўга там не правучыўся, паколькі ў 1940 годзе былі адмененыя стыпэндыі. Васіль вярнуўся назад у Кублічы, дзе скончыў сярэднюю школу.

Калі Нямеччына напала на СССР у 1941 годзе, ён знаходзіўся ва Ўкраіне, зьбіраўся паступаць у індустрыяльны інстытут у горадзе Шостка (Сумская вобласьць). Спачатку сямнаццацігадовы Быкаў трапіў у інжынэрны батальён, капаў траншэі, пасьля пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію. Удзельнічаў у цяжкіх баях на Паўднёва-Заходнім фронце. Быў двойчы паранены. Потым вучыўся ў пяхотнай вучэльні ў Саратаве. Навучаньне ў вайсковай вучэльні звычайна цягнулася 2 гады, аднак, у сувязі з патрабаваньнямі ваеннага часу скарацілася да 1 году. У кастрычніку 1943 году Васіль Быкаў скончыў вучэльню, атрымаўшы званьне малодшага лейтэнанта, і працягнуў удзел у баях (Украіна, Румынія, Аўстрыя) да самай перамогі.

У Кіраваградзкай вобласьці Ўкраіны ёсьць брацкая магіла, у якой Быкаў значыўся пахаваным. Да бацькоў прыйшла пахавальная, у якой паведамлялася, што іх сын, камандзір стралковага ўзводу лейтэнант Быкаў Васіль Уладзімеравіч забіты 10 студзеня 1944 году, пахаваны на цэнтральных могілках вёскі Вялікая Севярынаўка Кіраваградзкай вобласьці.

Пасьля дэмабілізацыі ў 1947 годзе працаваў мастаком у гарадзенскіх мастацкіх майстэрнях. У 1949 годзе яго зноў прызвалі ў войска, дзе Быкаў праслужыў яшчэ 6 гадоў і ў 1955 годзе звольніўся ў запас і прыехаў у Горадню.

У 1956—1972 гадах — літсупрацоўнік, затым літкансультант газэты «Гродзенская праўда», у 1972—1978 гадах — сакратар Гарадзенскага абласнога аддзяленьня СП БССР. У 1974 годзе Васіль Быкаў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР за аповесьці «Абэліск» і «Дажыць да сьвітаньня».

У 1978 годзе пераехаў у Менск. Некалькі разоў абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР, з 1989 году — народны дэпутат СССР.

У 1990 годзе абраны прэзыдэнтам Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Сузаснавальнік Беларускага Народнага Фронту. Ганаровы грамадзянін Ушацкага раёну Віцебскай вобласьці. Сябра СП СССР з 1959 году. З 1980 году — народны пісьменьнік БССР. У 1993 падпісаў «Ліст 42-х» Барысу Ельцыну.

Яшчэ за савецкім часам яго творы былі перакладзеныя на розныя мовы, прычым большасьць перакладаў на расейскую мову была зробленая самім пісьменьнікам.

Нападкі на Васіля Быкава, якія пачаліся на радзіме ў сярэдзіне 1990-х гадоў, і стан здароўя сталі прычынай выезду за мяжу. На працягу некалькіх гадоў Васіль Быкаў жыў спачатку ў Фінляндыі, затым у Нямеччыне і Чэхіі. У Чэхіі перанёс апэрацыю, і вярнуўся на Беларусь толькі за месяц да сьмерці. Памёр 22 чэрвеня 2003 году. Пахаваны на Ўсходніх могілках Менску.

Васіль Быкаў. Вяртаньне. Дакумэнтальны фільм Віктара Корзуна

Васіль Быкаў. Апошнія дні. Фільм Галіны і Сяргея Навумчыкаў

Частка 1.

Частка 2.

 

Васіль Быкаў. Настальгія. фільм Віктара Дашука

Сюжэт расейскага тэлеканалу “Культура” да 90-годзьдзя з нараджэньня Васіля Быкава

You may also like...