Рада БНР вітае з Днём Волі (2004)

Дарагія Суродзічы!

Ад імяРады Беларускай Народнай Рэспублікі, вітаю Вас з нашым слаўным Днём Волі – 25-м Сакавіком – Днём калі наш народ абвесьціў сьвету у 1918-м годзе, пасьля доугіх гадоў зьняволеньня, што ён жыве, што жадае мець сваю ўласную незалежную дзяржаву, што хоча заняць пачэснае месца міжіншымі народамі сьвету.

Падчас доўгіх гадоў бальшавіцкае ўлады, калі Масква і яе калябаранты ў Менску стараліся ўсякімі спосабамі сьцерці гэты Дзень з нашае памяці, ён быў для беларусаў тым «агоньчыкам», той надзеяй, яб якой наш дарагі Васіль Быкаў гаварыў на сваім апошнім сьвяткаваньні 25-га Сакавіка, год таму у Празе.

Дык адзначым гэты Дзень зь любоўю да свае Бацькаўшчыны, з гордасьцю за сваю спадчыну, за сваю гісторыю, за сваіх продкаў, якія аддана і адважна баранілі сваю зямлю ад захопнікаў, і з радасьцю – бо мы усё-ж перамаглі!

Аднак край наш яшчэ ня ёсьць такім, якім мы яго жадаем Цяжкія умовы жыцьця, непавага да людзкіх правоў і да нашай мовы і культуры, пагроза незалежнасьці нашай дзяржавы яшчэ ўсё турбуюць жыцьцё нашага народу Але-ж ёсьць у нас дзяржава! I Заходні сьвет ніколі так ня спрыяў незалежнасьці Беларусі і дэмакратычнаму ладу жыцьця ў нашай краіне – як цяпер.

I цяпер ад нас самых залежыць, ці мы выкарыстаем гэтыя спрыяльныя палітычныя ўмовы і ці зойме нашая дзяржава пачэснае месца міжіншымі народамі сьвету, ці не.

Нашым сьвятым абавязкам ёсьць ня толькі абараніць здабытае, але і адбудаваць наш край Гэта мусіць быць мэтай кожнага беларуса, пакуль наш край не станецца нармальнай эўрапэйскай дэмакратыяй, а урад наш не пачне працаваць на карысьць Беларусі, а ня штучнай – толькі яму выгаднай -ідэалёгіі.

Дык памажы нам Божа!

Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады БНР

Атава, Канада, сакавік 2004.