Каляднае віншаваньне Старшыні Рады БНР

Дарагія браты й сёстры беларусы!

У гэтым часе году, фактычна адзіным часе, калі ўсе мы думаем пра будучыню і жадаем адзін аднаму зьменаў да лепшага, хачу падзяліцца з Вамі маімі найбольш глыбокімі жаданьнямі на будучыню, жаданьнямі зьменаў, якія-б далі нашаму краю і нашаму народу пачэснае месца ў сям’і вольных народаў сьвету.

Гэтага, нажаль, ня станецца, пакуль кожны з нас ня будзе ўважаць вольную і незалежную Беларусь найбольшай каштоўнасьцяй нашага народу, пакуль кожны з нас не зразумее, што безь дзяржаўнасьці народ наш ня будзе нічым іншым, як другараднай меншынёй у чужой імпэрыі.

Нам ня можа быць абыякавым, ці вольная нашая зямля, ці не. Шукаць для сябе выгадаў за кошт краю ня ёсьць годным ніводнага беларуса. Затое калі кожны з нас усьведаміць сабе, што наш найбольшы скарб – гэта свая ўласная вольная і незалежная дзяржава, дык, мяркую, што ўсе мы задумаемся, што кожны з нас можа зрабіць для дабра і дабрабыту гэтай дзяржавы, што ён ці яна можа зрабіць, каб стварыць у Беларусі ўмовы жыцьця ня горшыя, як у найбольш заможных краінах нашага эўрапейскага кантынэнту.

Мы ёсьць народ здольны, працавіты, ініцыятыўны. Я часта падзіўляю нашую новую хвалю эмігрантаў, як яны ўмеюць даць сабе рады ў краінах, дзе іх рукі не зьвязаныя страхам ды нялюдзкімі дэкрэтамі зьверху. Дык жадаю вам сёньня, мае дарагія суродзічы, волі й сілы вызваліцца ад страху ды абараніць сваю незалежную сувэрэнную дзяржаву, найбольшую каштоўнасьць кожнага народу, ды ўжо ў гэтым новым 2004-м годзе пачаць разам адбудоўваць нашу дарагую Бацькаўшчыну – Беларусь!

Івонка СУРВІЛЛА
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Газэта “Беларус”, #492 Сьнежань 2003 г.

You may also like...