Зварот з нагоды асьвячэньня палкавога сьцягу Палка імя Каліноўскага

9 жніўня 2022 г. у Вільні адбылося ўрачыстае асьвячэньне баявога сьцягу беларускага дабравольчага Палку імя Кастуся Каліноўскага, які ў складзе Збройных сілаў Украіны ўдзельнічае ў вайне супраць расейскіх акупантаў.

Сьцяг ад імя беларускага народу быў уручаны Радай БНР у асобе Сакратара Паліны Прысмаковай.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла выступіла з зваротам да байцоў Палка імя К. Каліноўскага, які быў зачытаны падчас цырымоніі:

“Вітаю вас, дарагія мае героі!

Я захопленая вашай адвагаю і вашай верай у найбольшую чалавечую каштоўнасьць, якой ёсьць Свабода.

Бароніце вы яе для ўсіх нас. Змагаецеся сёньня з самым лютым ворагам ня толькі Ўкраіны, але і беларускага народу. Гэты вораг – расейская імпэрыя, якая стагодзьдзямі зьнішчала імкненьне народаў да свабоды, да волі, да незалежнасьці. Пасьля ўсіх страшных бедаў, якія перажыло чалавецтва за мінулае стагодзьдзе, Расея зноў разьвязала крывавую вайну, імкнучыся рабаваць і забіваць сваіх суседзяў.

Ваш полк з гонарам нясе імя Кастуся Каліноўскага. Героя, які аддаў жыцьцё за Беларусь і запаліў у нашым народзе волю да свабоды, якую з тых часоў ужо нікому не атрымалася загасіць.

Для Рады БНР ёсьць вялікім гонарам уручыць вам баявы штандар і такім чынам выказаць вам удзячнасьць і блаславеньне ад беларускага народу, вольным голасам якога Рада Беларускай Народнай Рэспублікі зьяўляецца ўжо болей стагодзьдзя.

Малю Ўсёмагутнага за нашую агульную перамогу і каб апекаваўся кожным і кожнай з вас, пакуль ня вернемся ўсе разам у сваю родную Беларусь. Памажы вам Божа!

Жыве Беларусь!

Слава Украіне!”

You may also like...