Вера Рамук

6 верасьня 1931 г. у Докшыцкім раёне нарадзілася Вера Рамук – сябра Рады БНР, выбітная дзяячка беларускай дыяспары ў Чыкага, ЗША.

Нарадзілася ва ўніяцкай сям’і Стэфана Жызьнеўскага і Еўдакіі Гапанёнак. Сям’я перажыла акупацыю і ў 1944 годзе пераехала ў Нямеччыну, а потым у ЗША.

З успамінаў Веры Рамук пра часы акупацыі:

“Мне было ўсяго восем гадоў, як прыйшлі да нас саветы. Многа прыйшлося чуць ад маіх Мамы і Таты аб зьдзеках, учыненых тады і пазьней супраць нашага беларускага народа. Людзі Божыя гінулі як мухі тады. А калі прыйшлі да нас немцы, усю віну складалі саветы на немцаў.

Маю сям’ю тады ледзь не павезьлі ў Сыбір толькі таму, што Мама сказала: «Што гэта за ўлада, што мы мусім даваць і даваць, а нам нічога не дастаецца ўзамен?» Саветчык тады ўзяў блакнот са свайго партфэля і запісаў нашу сям’ю на вываз у Сыбір, зазначаючы, што наша сям’я — «ворагі Савецкага Саюза». Гэта было 21 чэрвеня пасьля абеду, а назаўтра распачалася вайна. Саветчыка знайшлі ўтопленага ў рацэ Бярэзіне разам зь яго партфэлем назаўтра, 22 чэрвеня. І ў тым партфэлі ў блакноце было і наша прозьвішча. Так мы цудам уратаваліся ад сьмерці, якую нам рыхтавалі саветы, вывезшы ў Сыбір.

У ЗША спачатку Жызьнеўскія жылі ў мястэчку Пэорыя (штат Ілінойс), дзе Вера скончыла факультэт вольных навук ва ўнівэрсытэце Брэдлі (1954). Дзяўчына актыўна ўдзельнічала ў студэнцкім жыцьці, распавядала пра Беларусь і яе народ, арганізавала жаночы ансамбль беларускага танца. Пазнаёмілася з доктарам Вітаўтам Рамуком, дзеячам беларускай дыяспары, і ў 1958 годзе яны пажаніліся.

У 1963 году Вера і Вітаўт Рамукі пераехалі ў Чыкага, дзе пачалі актыўную дзейнасьць па аб’яднаньні выхадцаў зь Беларусі. Рамукі узначалілі Беларускі Кардынацыйны Камітэт, які праводзіў шэраг акцый беларусаў, што групаваліся вакол уніяцкага прыходу Хрыста Выратавальніка і праваслаўнай царквы Сьвятога Юрыя. Дзякуючы Веры Рамук да жыцьця беларускай супольнасьці ў Чыкага далучаліся і эмігранты з Беларусі. Сваёй адкрытасьцю, шчырасьцю і няспыннай дзейнасьцю Вера Рамук аб’ядноўвала шмат каго з тых, хто не забыўся пра радзіму.

Яна пісала вершы, была ініцыятарам сустрэч з прэзыдэнтамі, палітыкамі і грамадзкімі дзеячамі ЗША, зьвяртала іх увагу на палітычнае становішча ў Беларусі, на стаўленьне ўладаў да культурнай спадчыны, на надзеі беларусаў быць вольнымі і незалежнымі.

У 1974 году яна вітала ў Чыкага Марка Шагала на адкрыцьці ў горадзе яго мазаікі «Поры года», арганізоўвала экспазыцыі працаў мастакоў і канцэрты музыкаў зь Беларусі, выдавала кнігі беларускай тэматыкі, актыўна ўдзельнічала ў падрыхтоўцы і штогадовай імпрэзе 25 сакавіка Дня Волі.

Памерла Вера Рамук 5 траўня 2010 г. у Чыкага, праз два месяцы пасьля яе мужа Вітаўта Рамука.