Юр’я Эльфэнгрэн

8 верасьня 1889 г. нарадзіўся Георгі (Юр’я) Эльфэнгрэн, дыплямат БНР у Фінляндыі, герой фінскай вайны за незалежнасьць, удзельнік расейскага “белага” руху.

Нарадзіўся ў 1889 годзе ў мястэчку Карміла (каля Сартавалы). Бацька Эльфэнгрэна быў карэльскі дваранін і палкоўнік расейскага войска, маці, відавочна, паходзіла зь беларусаў-каталікоў. Вучыўся ў народнай школе. З 1900 па 1903 гады ён вучыўся ў Санкт-Пэтэрбургу, у 1-м Кадэцкім Корпусе, з 1903 па 1906 гады — у Марскім Кадэцкім Корпусе. З 1906 па 1908 гады ён вучыўся ў Аляксандраўскам Кадэцкім Корпусе, і з 1908 па 1910 гады — у Нікалаеўскай Кавалерыйскай Вучэльні, дзе калісьці вучыўся Густаў Манэргайм.

З 1910 па 1916 год (зь перапынкам у 1913—1914) Юр’я служыў у Лейб-гвардыі Кірасірскім Яе Вялікасьці Палку, у складзе якога ўдзельнічаў у бітвах Першай сусьветнай вайны. Падчас вайны Эльфэнгрэн быў узнагароджаны ордэнам Сьвятога Георгія за выкананьне адказнага выведвальнага заданьня.

У 1916—1917 гадах Юр’я Эльфэнгрэн быў ад’ютантам камандзіра III Армейскага Корпусу. Па падазроне ў падрыхтоўцы замаху на імпэратрыцу Аляксандру Фёдараўну і яе фрэйліну Анну Вырубаву, Эльфэнгрэн быў арыштаваны. Яму пагражала ссылка ў Валагодзкую губэрню, аднак гэтаму перашкодзіла Лютаўская Рэвалюцыя.

Пасьля Лютаўскай Рэвалюцыі Юр’я Эльфэнгрэн быў намесьнікам старшыні Зьвязу Георгіеўскіх кавалераў. Ён актыўна ўдзельнічаў у Карнілаўскім выступе, пасьля правалу якога, у жніўні 1917 году яго выслалі ў Крым. У Крыме з кастрычніка 1917 па 1918 год Юр’я Эльфэнгрэн браў удзел у антыбальшавіцкім паўстаньні крымскіх татараў, дзе камандваў татарскімі атрадамі, прымаў удзел у баі за Сэвастопаль.

У лютым 1918 году ён таемна празь Петраград вяртаецца ў Фінляндыю, якая была апанаваная грамадзянскай вайной між камуністычнымі сіламі і ўрадам Фінляндыі. Ужо ў сакавіку Эльфэнгрэн пачаў камандаваць 1-м Карэльскім палком, сфармаваным зь мясцовых добраахвотнікаў. Атрад Эльфэнгрэна пасьпяхова перамог бальшавікоў у баях пад мястэчкам Раўту, у сваіх мэмуарах пра яго згадваў Густаў Манэргайм. Пазьней Юр’я Эльфэнгрэн служыў камэндантам гораду Тэрыёкі.

Пасьля заканчэньня грамадзянскай вайны ў Фінляндыі Юр’я Эльфэнгрэн уваходзіў у склад дэлегацыі фінскай Карэліі, якая перадала старшыні парлямэнту прапановы па ўладкаваньні паўднёвай Карэліі са сталіцай у Выбаргу. У 1918—1919 гадах Юр’я Эльфэнгрэн быў камандзірам Выбарскай і Памежнай акругаў у Тэрыёкі. У 1919 году Эльфэнгрэн распрацоўваў пляны сумеснага наступу на Петраград войска “белага” генэрала Юдэніча й фінскага войска, удзельнічаў у спробах такога наступу, якія пацярпелі паразу з-за дзеяньняў Юдэніча. Зь ліпеня па кастрычнік 1919 году Юр’я Эльфэнгрэн быў камандзірам Паўночна-Інгерманляндзкага палку ў Кір’ясала. У гэты пэрыяд ён узначаліў узьніклую на мяжы зь Фінляндыяй дзяржаву Рэспубліка Паўночная Інгрыя.

Полк Паўночнай Інгрыі ў Кір’ясала, зіма 1920 г. Наперадзе камандзір палка Юр’ё Эльфэнгрэн

У траўні 1920 году ў Хэльсынкі прыбыў афіцыйны прадстаўнік БНР генэрал Алег Васількоўскі. 25 чэрвеня ён атрымлівае афіцыйныя паўнамоцтвы прадстаўніка БНР у Фінляндыі, а Юр’я Эльфэнгрэн — яго дарадчыка. На гэтай пасадзе Эльфэнгрэн працаваў да траўня 1921 г.

Перад гэтым БНР атрымала дыпляматычнае прызнаньне незалежнасьці з боку Фінляндыі.

У 1921 годзе Юр’я Эльфэнгрэн кіраваў падпольнымі антысавецкімі арганізацыямі ў Петраградзе й Кранштаце. Разам з Барысам Савінковым ён быў сярод заснавальнікаў “Народнага зьвязу абароны радзімы й волі”, арганізаванага ў ліпені 1921 году ў Варшаве. У 1922 годзе Эльфэнгрэн узначальваў баявую групу, якая рыхтавала тэракт супраць савецкай дэлегацыі на Генуэскай канфэрэнцыі. Да гэтага ж Эльфэнгрэн удзельнічаў у падрыхтоўцы замаху на Георгія Чычэрына ў Бэрліне, на шляху на Генуэскую канфэрэнцыю.

У 1925 годзе для разгортваньня падпольнай працы Юр’я Эльфэнгрэн таемна пракраўся на тэрыторыю РСФСР па румынскім пашпарце, але быў апазнаны пад Твер’ю й арыштаваны.

У ноч з 9 чэрвеня на 10 чэрвеня 1927 году Юр’я Эльфэнгрэн быў расстраляны ў Маскве паводле пастановы ОГПУ ў ліку 20-ці былых прадстаўнікоў дваранства Расейскай імпэрыі, якія знаходзіліся ў руках бальшавікоў, у адказ на забойства савецкага паўпрада ў Польшчы Пятра Войкава. Войкаў быў забіты на вакзале ў Варшаве беларусам Барысам Кавэрдам, які да таго браў удзел у дзейнасьці Часовай беларускай рады Арсеня Паўлюкевіча.

Прыняты ў пазасудовым парадку прысуд пра расстрэл выклікаў пратэсты ў некаторых буйных цэнтрах расейскай эміграцыі. Гэта расстрэл стаў адной зь першых праяваў сталінскіх масавых рэпрэсіяў.

You may also like...