Другі Статут Вялікага Княства Літоўскага – 01.03.1566

1 сакавіка 1566 набыў сілу Другі Статут Вялікага княства Літоўскага – звод законаў сярэднявечнай беларускай дзяржавы, важны помнік беларускай і эўрапейскай юрыдычнай думкі.

Статут захаваў зь невялікімі зьменамі структуру Першага Статута, які быў прыняты ў 1529 г.

Дакумэнт складаецца з 14 разьдзелаў і 367 артыкулаў:

Першыя 3 разьдзелы ахопліваюць нормы дзяржаўнага, вайсковага, адміністарцыйнага права,

4-ы — судовы лад і судовы працэс,

5—6-ы — сямейнае і апякунскае права,

7—9-ы — цывільнае права,

10-ы — лясное і паляўнічае права,

11—14-ы — крымінальнае права.

Найбольш істотныя зьмены адбыліся ў нормах дзяржаўнага, судова-працэсуальнага і цывільнага права.

Статут замацаваў асноўныя прынцыпы права:

  • задэкляраванае адзінства права для грамадзянаў,
  • дзяржаўны сувэрэнітэт (насуперак царкоўнаму касмапалітызму),
  • абмежаваньне ўлады гаспадара (вялікага князя),
  • прыярытэт пісанага права.

Упершыню намячалася аддзяленьне суду ад органаў улады і кіраваньня: для гэтага ствараліся земскія суды і падкаморскія суды.

Больш поўна рэглямэнтавалася кампэтэнцыі органаў дзяржаўнай улады і кіраваньня, якія засноўваліся на агульных прынцыпах фэўдальнага права: стварэньня палёгкаў і перавага для клясы фэўдалаў і стану шляхты, недапушчэньне простых людзей у органы кіраваньня, замацаваньне праўнай няроўнасьці розных сацыяльных групаў насельніцтва.

Наступны, Трэці Статут, выйшаў у 1588 годзе і быў крыніцай права на Беларусі да першай паловы 19. стагодзьдзя.

Глядзі таксама:

Арыгінальны тэкст Статуту 1566 г.

Камэнтары да асобных артыкулаў Статуту 1566 г.