З нагоды ўгодкаў Слуцкага Збройнага Чыну Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла зьвярнулася да беларусаў

Дарагія Суродзічы! Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, вітаю Вас зь вялікай падзеяй у жыцьці нашага народу – Слуцкім Збройным Чынам, ці, як яго называе Юрка Віцьбіч, Слуцкім Фронтам БНР.

Цытую далей Юрку Віцьбіча: “Меліся ў нас паўстаньні і больш колькасныя па ліку, як Вяліжскае, і ня горш арганізаваныя, як Гомельскае, і ня менш зацятыя, як Парэцкае, Барысаўскае, Івянецкае, Койданаўскае, Мірскае, Рагачоўскае, Панкоўска-Будаўскае, Бешанковіцкае і шмат шмат іншых. Аднак ні адно з гэтых паўстаньняў не выявіла ў такой ступені наш нацыянальны супраціў расейскім акупантам, як Слуцкае”.

Дык заклікаю усіх Вас, дарагія суродзічы, адзначыць гэтую вялікую падзею. Адначасна заклікаю кожнага з Вас, у Беларусі і ўва ўсіх беларускіх асяродках у сьвеце, ушанаваць памяць ня толькі герояў Случчыны, якія “першыя паўсталі й пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына”, але і ўсіх Вам ведамых і няведамых змагароў за незалежнасьць Бацькаўшчыны і Вашую волю. Дзякуючы ім мы яшчэ існуем як нацыя, нягледзячы на шматлікія намаганьні нашых суседзяў, каб сьцерці з паверхні Зямлі незалежную дзяржаву Беларусь.

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла,
старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла зьвярнулася зь віншаваньнем з нагоды 20-ай гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі віншую вас з гэтым вялікім сьвятам – угодкамі абвяшчэньня Незалежнасьці нашай Бацькаўшчыны ў 1991 годзе!

Нягледзячы на цяперашнюю бяду, Беларусь – незалежная дзяржава, і абавязкам кожнага з нас ёсьць даглядзець, каб мы ніколі больш яе ня страцілі. Роля нашая – кожнага з нас – вялізарная. Новае пагадненьне з Масквой ізноў паставіла на парадак дня “саюзную дзяржаву”. Нам усім добра вядома, што гэта значыць. Калі дыктатару давядзецца выбіраць між сувэрэнітэтам і сваімі асабістымі інтарэсамі, усе мы ведаем, што ён выбірае. Мы ня можам дапусьціць, каб споўніліся пуцінскія мары пра беларускую “губэрню”. Таму час змаганьня за Незалежнасьць ня скончыўся.

Жадаю вам сілы і вытрываласьці!

Івонка Сурвілла,
старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Адкрыты ліст да беларускага народу заміж Вялікоднага віншаваньня /26.04.2011/

Дарагія Суродзічы!

Вялікодныя сьвяты ў гэтым годзе супадаюць з адзначэньнем гадавіны вялікай бяды, якую давялося перажыць беларускаму народу ў канцы 20 стагоддзя. 26 красавіка спаўняецца 25 гадоў ад Чарнобыльскага злачынства. Таму ня ў сілах я жадаць Вам вясёлых сьвятаў, дарагія суродзічы! Хачу толькі сказаць сёньня, што Беларусы і людзі добрай волі ва ўсім сьвеце, якія ведаюць, што беларускі народ яшчэ ўсё жыве ў цяні Чарнобылю, будуць з Вамі ў гэтыя дні.

На жаль, сёньняшнія ўлады Рэспублікі Беларусь не толькі не апякуюцца сваім народам, пацярпелым ад страшных радыёнуклідаў, але і хочуць будаваць на беларускай зямлі новую ядзерную электрастанцыю, не праймаючыся ані Вашым здароў’ем, ані доляю Вашых дзетак. Яны забараняюць Вам нават прайсьці Чарнобыльскі Шлях у памяць тых людзей – часта Вашых родных, якія ўжо загінулі ад чарнобыльскай радыяцыі.

Над Вамі ізноў вісіць чорная хмара страху. Яшчэ пару месяцаў таму, пад час падзеяў 19 сьнежня мінулага голу, Вас білі, калечылі, зьнявольвалі, страшылі, каб лягчэй было распраўляцца з найбольш мужнымі між Вамі, з тымі, хто спадзяваліся дамагчыся для Вас нармальнага вольнага жыцьця. Цяпер, пры вельмі неясных абставінах, выбух у Менскім метро 11 красавіка.

На Беларускай зямлі аднаўляецца сталінскі тэрор.

Адна з нашых маладых гераіняў, мужнасьць якой была прызнаная ў далёкай Амэрыцы, гаварыла нядаўна пра нянавісьць, якая праяўляецца ў Беларусі супроць новага пакаленьня змагароў, супроць нашай актыўнай моладзі. Дадам, што паводле зьвестак, якія даходзяць да нас з Беларусі, мы бачым, што гэтая нянавісьць праяўляецца ў адносінах да ўсяго беларускага, супроць кожнага слова, сказанага ў абарону нашага народу, нашай зямлі, нашай спадчыны. Пад забаронаю нават кліч “Жыве Беларусь!”.

Праводзіцца бязьлітасны генацыд нашай нацыі. Рэжым не шкадуе нашай зямлі, яму абыякавы наш лёс, абыякавая будучыня нашых дзяцей, абы захаваць сваю бязьмежную уладу.

Нелегітымны “уладар” прызнаўся, што ён гатовы змагацца сілаю за ўладу, выкарыстоўваючы беларускае войска супраць беларускага народу, супроць Вас, дарагія суродізічы.

Якое права мае чалавек, якога вы выбралі на пяць гадоў 17 гадоў таму, распараджацца сёньня Вашым лёсам, Вашай зямлёю, Вашай будучыняю?

Якое права мае ён судзіць беларускіх дзеячоў, якія правініліся толькі сваёй ахвярнасьцю і сваёй заклапочанасьцю доляю беларускага народу?

Якое права ён мае страшыць вас, перасьледаваць сумленных людзей, як злачынцаў?

Якое права ён мае зьнявольвац Вас, кідаць у турмы Вашых дзяцей, марнаваць іхнае і вашае жыцьцё?

Хто яму даў гэтае права?

Хачу паўтарыць тут словы Папы Паўла II да свайго польскага народу ў цяжкія часы ягонай гісторыі: ”Ня бойцеся!”

Вы мацнейшыя! Паслухайце тых, хто ў турме меў час перадумаць падзеі апошніх 17 гадоў дыктатуры. Яны вераць ў Вас. Паверце ім! Бо толькі ў адзінстве народ зможа вызваліцца з няволі.

Прыйшоў час, калі нам трэба ачуняць, дарагія браты і сёстры – Беларусы, каб не загінуць!

Жыве Беларусь!

 

Івонка Сурвілла,
старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Зварот да Беларускага Народу з нагоды Дня Волі 2011

Дарагія Суродзічы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі вітаю вас з нашым слаўным Днём Волі – угодкамі абвешчаньня незалежнасьці беларускай дзяржавы 25-га сакавіка 1918 году.

Наш край аднавіў сваю незалежнасьць у 1991-м годзе, на мапе сьвету зьявілася Рэспубліка Беларусь. Аднак гэта сталася магчымым толькі таму што нашыя продкі здолелі ў 1918 годзе гучна заявіць сьвету, што “ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржавай”. Дзень 25-га сакавіка застанецца назаўсёды нашым найвялікшым нацыянальным сьвятам, сьвятам нашай ідэнтычнасьці, нашай гістарычнай памяці, нашай дзяржаўнасьці.

Гэтымі днямі ўсе мы яшчэ перажываем падзеі, зьвязаныя з прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі: фальшаваньне вынікаў галасаваньня, зьбіцьцё мірных дэманстрантаў, зьняволеньне соцен людзей, у тым ліку апазыцыйных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта. Дык хачу нагадаць вам словы ведамага беларускага сьвятара а. Аляксандра Надсана: “На долю беларусаў выпала шмат цяжкіх выпрабаваньняў. Колькі разоў, здавалася, яны стаялі на краі загубы. Тое, што ня гледзячы на ўсё яны выжылі, сьведчыць аб вялікай духовай сіле нашага народу”.

Сёньня гэта духовая сіла ўвасабляецца ў тых дзяўчатах і хлапцох, жанчынах і мужчынах, што дзясяткамі тысяч выйшлі на Плошчу 19-га сьнежня, і ў тых людзях, якія актыўна ўключыліся ў кампанію салідарнасьці зь вязьнямі рэжыму і якія выступаюць з патрабаваньнем новых – сумленных – выбараў. Яны не дазволяць, каб Беларусь, незалежная беларуская дзяржава, загінула. Спробы дыктатара запалохаць людзей прымяненьнем супраць іх збройнай сілы скончацца ягонай паразай.

Краіна наша выстаіць і зойме сваё годнае месца між дзяржаваў сьвету. Я моцна ў гэта веру й заклікаю кожнага з Вас далучыцца за тых новых сілаў у нашым народзе, якія супрацьстаяць варожым нам ідэалёгіям і мэнталітэту. Разам мы пераможам усе цяжкасьці на шляху да волі і дабрабыту.

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла,
старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Rada BNR expresses concern regarding repressions in Belarus after presidential elections

Statement

by the Rada of the Belarusian Democratic Republic in Exile

28th December 2010

The Rada of the Belarusian Democratic Republic (the BNR Rada) expresses its concern regarding the brutal repressions against opposition activists, political and human rights organisations, as well as journalists of the independent mass media, which have been unfolding in Belarus in the wake of the so-called presidential “elections” of 19 December, and which are currently gaining in scale. These repressions have involved not only the activists themselves but also their family members.

Continue reading Rada BNR expresses concern regarding repressions in Belarus after presidential elections

Rada BNR protests extraordinary brutal actions of the Lukashenka regime

Statement

by the Rada of the Belarusian Democratic Republic in Exile

20th December 2010

The Rada of the Belarusian Democratic Republic (the BNR Rada) protests the extraordinary brutal actions perpetrated by the anti-Belarusian regime of Lukashenka against the participants of peaceful street protests in Miensk on 19 December 2010.

Continue reading Rada BNR protests extraordinary brutal actions of the Lukashenka regime

Заява Рады БНР з нагоды падзеяў у Менску 19 сьнежня 2010 году

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выказвае пратэст з прычыны надзвычай брутальных дзеяньняў лукашэнкаўскага антыбеларускага рэжыму супраць удзельнікаў масавых акцыяў у Менску 19 сьнежня.

Рада БНР заклікае кіраўніцтвы краінаў Захаду не прызнаваць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, паколькі яны былі сфальшаваныя, а афіцыйна абвешчаны іх “пераможца” Аляксандар Лукашэнка ня меў канстытуцыйнага права балятаваца ў якасьці кандыдата.

У Беларусі павінны быць праведзены новыя прэзыдэнцкія выбары без удзелу Лукашэнкі, з удзелам прадстаўнікоў апазыцыйных кандыдатаў у выбарчых камісіях і пад максымальным кантролем міжнароднай супольнасьці.

Рада БНР заклікае краіны Захаду і міжнародныя арганізацыі выступіць у абарону прыхільнікаў дэмакратыі ў Беларусі. Рада БНР патрабуе неадкладнага вызваленьня Уладзімера Някляева, зьвезанага са шпіталя, іншых затрыманых кандыдатаў у прэзыдэнты і ўсіх затрыманых апазыцыйных актывістаў.

З Днём Герояў (2010)

Дарагія Суродзічы,

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі віншую вас з 90-мі ўгодкамі Слуцкага Збройнага Чыну, з нашым слаўным Днём Герояў.

Случакі, як ніхто ў нашай гісторыі, заслугоўваюць героямі звацца. Мелі яны адвагу і мужнасьць змагацца за ідэал, за волю для сваёй зямлі. Слуцкі Збройны Чын застаўся назаўсёды ў нашай памяці не таму, што ён быў збройным – зброі случакі мелі вельмі мала, — а таму, што дзесяць тысяч беларусаў вырашылі бараніць да апошняга сваю дзяржаву. Былі гатовыя аддаць жыцьцё, каб жыла беларуская Беларусь.

Шмат мы перажылі за гэтыя 90 год. Маем сваю дзяржаву, але кволая яна яшчэ, а агрэсіўны ўсходні сусед ня можа дачакацца зручных абставінаў, каб ізноў яе захапіць. Дарагія суродзічы, памятайма прыклад нашых слаўных продкаў. Разам з Радай БНР і з усімі змагарамі за волю і Незалежнасьць, будзьма гатовыя бараніць наш край. Я веру, што абаронім мы яго ў пачатку гэтага, 21-га стагодзьдзя, ня зброяй, а нашай рашучасьцю і нашай салідарнасьцю. Да нашага моцнага пачуцьця справядлівасьці, да нашай нецярпімасьці да крыўдаў і зьнявагаў, хапіла б дадаць крыху любові і талерантнасьці адных да другіх , ды забыцца пра свае ўласныя інтарэсы ды амбіцыі, каб перамагчы ўсе перашкоды на нашым шляху да зьдзяйсьненьня ідэалаў нашых слаўных случакоў.

Дык дапамажы нам Божа!

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Лістапад, 2010 г.

Зварот да Беларускага Народу з нагоды Дня Волі – 2010

Дарагія суродзічы-беларусы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі вітаю Вас з нашым вялікім Нацыянальным Сьвятам – Днём волі, і жадаю Вам правесьці яго зь верай і надзеяй на лепшую будучыню. Беларускі народ даможацца волі і дэмакратыі, так як дамогся незалежнай дзяржавы.

У вольным сьвеце мы ведалі, што ніякае зло ня можа быць вечным. Чыталі Трэцюю Ўстаўную Грамату Рады БНР, якая абвяшчала незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі і верылі, што калі ў 1918 годзе ў такіх цяжкіх умовах наш народ здолеў выказаць сваё жаданьне быць вольным між вольнымі народамі сьвету, дык ён знойдзе ў сабе сілы ператрываць зьдзек і няволю савецкіх часоў ды адродзіць ізноў сваю Незалежную Дзяржаву.

Сёння хацела б падзяліцца з Вамі вытрымкай з Трэцяй Устаўной Граматы, якую ўважаю асабліва натхняльнай:

Цяпер мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці, якое гвалтам накінулі расейскія цары на наш вольны і незалежны край. Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнаю вольнаю дзяржавай. На моцы гэтага трацяць сілу ўсе старыя дзяржаўныя зьвязі, якія далі магчымасьць чужому ўраду падпісаць і за Беларусь трактат у Берасьці, што забівае насьмерць беларускі народ, дзелячы зямлю яго на часткі.

Дарагія суродзічы! Памятайма гэтыя словы. Толькі свая незалежная вольная дзяржава абароніць край ад захопніцкіх замахаў на яго, зь якіх бы бакоў яны не ішлі. Толькі дэмакратычны ўрад здолее забясьпечыць народу мірную вонкавую палітыку. Толькі свая ўлада выратуе ад заняпаду і нішчэньня нацыянальную мову і культуру.

З глыбіні сэрца жадаю Вам вытрываласьці, любові да свайго прыгожага краю, веры ў будучыню і мужнасьці, якая характарызуе ўсіх вольных духам людзей. Прыдзе час, калі наш народ будзе сьвяткаваць сваё вялікае Сьвята Незалежнасьці і Свабоды ды з гонарам успамінаць продкаў, якія 25 сакавіка 1918 году скінулі з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці.

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла,
старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

RADA BNR APPLAUDS THE COURAGEOS ACT OF SIARHIEJ KAVALENKA

RADA BNR APPLAUDS THE COURAGEOS ACT OF SIARHIEJ KAVALENKA

January, 16 2010

The Rada of the Belarusian Democratic Republic (BNR) in Exile applauds the courageous act of the Belarusian patriots in Vitebsk, who on January 7th raised the prohibited white-red-white flag to the top of the city’s Christmas tree, the tallest in the country. The BNR Rada demands the immediate release of Siarhiej Kavalenka, an activist of the Conservative Christian Party of BPF who was arrested for this act.

Continue reading RADA BNR APPLAUDS THE COURAGEOS ACT OF SIARHIEJ KAVALENKA

Rada of the Belarusian Democratic Republic. Official website