Дэклярацыя аб сувэрэнітэце Беларусі – 27.07.1990

Сьвяткаваньне Дня незалежнасьці Беларусі, 1992 г.

27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай ССР.

Паводле Дэклярацыі, Беларусь абвяшчалася сувэрэннай дзяржавай, “якая ўсталявана на аснове ажыцьцяўленьня беларускай нацыяй яе неад’емнага права на самавызначэньне, дзяржаўнасьці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэньні свайго лёсу”. Сілу канстытуцыйнага закона Дэклярацыя набыла толькі 25 жніўня 1991 г.

З 1991 па 1996 гг. 27 ліпеня адзначалася ў якасьці Дня Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.

Тэкст дэклярацыі:

ДЭКЛАРАЦЫЯ

Вярхоўнага Савета
Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі
Аб дзяржаўным суверэнітэце
Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі

Прынята на першай сесіі
Вярхоўнага Савета Беларускай ССР
дванаццатага склікання 27 ліпеня 1990 года

Вярхоўны Савет Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі,выяўляючы волю народа Беларускай ССР,

усведамляючы адказнасць за лёс беларускай нацыі,

пацвярджаючы павагу годнасці і правоў людзей усіх нацыянальнасцей, якія жывуць у Беларускай ССР,

сведчачы павагу да суверэнных правоў усіх народаў Саюза ССР і свету,

лічачы рэспубліку паўнапраўным і незалежным членам сусветнага супольніцтва,

дзейнічаючы ў адпаведнасці з прынцыпамі Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і іншымі агульнапрызнанымі міжнародна-прававымі актамі,

урачыста абвяшчае поўны дзяржаўны суверэнітэт Беларускай ССР як вяршэнства, самастойнасць і паўнату дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі, правамоцнасць яе законаў, незалежнасць рэспублікі ў знешніх зносінах і заяўляе аб рашучасці стварыць прававую дзяржаву.

Артыкул 1

Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка – суверэнная дзяржава, якая ўсталявана на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад’емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу.

Неад’емныя правы Беларускай ССР як суверэннай дзяржавы рэалізуюцца ў адпаведнасці з агульнапрызнанымі нормамі міжнароднага права. Беларуская ССР ахоўвае і абараняе нацыянальную дзяржаўнасць беларускага народа.

Беларуская ССР мае свой герб, сцяг і гімн.

Любыя гвалтоўныя дзеянні супраць нацыянальнай дзяржаўнасці Беларускай ССР з боку палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў ці асоб праследуюцца па закону.

Артыкул 2

Грамадзяне Беларускай ССР усіх нацыянальнасцей складаюць беларускі народ, які з’яўляецца носьбітам суверэнітэту і адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў рэспубліцы. Яго поўнаўладдзе рэалізуецца непасрэдна і праз прадстаўнічыя органы дзяржаўнай улады.

Права выступаць ад імя ўсяго народа рэспублікі належыць выключна Вярхоўнаму Савету Беларускай ССР.

Артыкул 3

Дзяржаўны суверэнітэт Беларускай ССР сцвярджаецца ў імя вышэйшай мэты – свабоднага развіцця і дабрабыту, годнага жыцця кожнага грамадзяніна рэспублікі на аснове забеспячэння правоў асобы ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Беларускай ССР і яе міжнароднымі абавязацельствамі.

Артыкул 4

Грамадзянства Беларускай ССР з’яўляецца неад’емнай часткай яе суверэнітэту. Рэспубліка ахоўвае гонар, здароўе, правы і законныя інтарэсы сваіх грамадзян, забяспечвае іх сацыяльную абароненасць. Яны знаходзяцца пад яе абаронай, будучы за межамі Беларускай ССР. Рэспубліка прымае ў грамадзянства і вырашае пытанне аб выхадзе з грамадзянства.

Артыкул 5

Зямля, яе нетры, іншыя прыродныя рэсурсы на тэрыторыі Беларускай ССР, паветраная прастора з’яўляюцца ўласнасцю беларускага народа, якому належаць выключныя правы валодання, карыстання і распараджэння імі.

Вызначэнне прававога рэжыму ўсіх відаў маёмасці адносіцца да выключнай кампетэнцыі Беларускай ССР.

Беларуская ССР мае права на сваю долю ў агульнасаюзнай маёмасці адпаведна ўкладу беларускага народа і як рэспубліка – заснавальніца Савецкага Саюза, якая была яго правадзейным суб’ектам, мае права на сваю долю ад алмазнага, валютнага фондаў і залатога запасу СССР.

Беларуская ССР утварае Нацыянальны банк, падпарадкаваны Вярхоўнаму Савету рэспублікі, стварае сваю фінансава –крэдытную сістэму, пацвярджае права ўласнасці на спецыялізаваныя банкі, якія знаходзяцца на яе тэрыторыі на момант прыняцця гэтай Дэкларацыі, арганізуе ўласныя падатковую і мытную службу, мае права на стварэнне ўласнай грашовай сістэмы.

Артыкул 6

Тэрыторыя Беларускай ССР з’яўляецца непадзельнай і недатыкальнай і не можа быць зменена або выкарыстана без згоды Беларускай ССР.

Усе пытанні аб граніцах вырашаюцца толькі на аснове ўзаемнай згоды паміж Беларускай ССР і сумежнымі суверэннымі дзяржавамі шляхам заключэння адпаведных дагавораў, якія падлягаюць ратыфікацыі Вярхоўным Саветам Беларускай ССР.

Артыкул 7

На тэрыторыі Беларускай ССР устанаўліваецца вяршэнства Канстытуцыі Беларускай ССР і законаў Беларускай ССР.

Усе грамадзяне і асобы без грамадзянства, дзяржаўныя органы, прадпрыемствы, установы і арганізацыі, якія знаходзяцца або дзейнічаюць на тэрыторыі Беларускай ССР, абавязаны выконваць заканадаўства Беларускай ССР.

Размежаванне заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады з’яўляецца важнейшым прынцыпам існавання Беларускай ССР як прававой дзяржавы.

Вышэйшы нагляд за дакладным і аднастайным выкананнем законаў Беларускай ССР ажыццяўляецца Генеральным пракурорам Беларускай ССР, які назначаецца Вярхоўным Саветам Беларускай ССР.

Артыкул 8

Беларуская ССР самастойна ўстанаўлівае парадак арганізацыі на тэрыторыі рэспублікі аховы прыроды, выкарыстання прыродных рэсурсаў і забяспечвае народу рэспублікі экалагічную бяспеку.

Беларуская ССР мае права на пакрыццё страт, нанесеных ёй дзеяннямі саюзных органаў, саюзных рэспублік і іншых дзяржаў.

Беларуская ССР патрабуе ад Урада СССР безумоўнай і тэрміновай кампенсацыі страт, звязаных з пераадоленнем наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

Сваю свабоду і суверэнітэт Беларуская ССР у першую чаргу выкарыстоўвае на выратаванне народа Беларускай ССР ад вынікаў Чарнобыльскай катастрофы.

Артыкул 9

Беларуская ССР самастойная ў рашэнні пытанняў культурнага і духоўнага развіцця беларускай нацыі, іншых нацыянальных супольнасцей рэспублікі, у стварэнні ўласнай сістэмы інфармацыі, адукацыі і выхавання.

Беларуская ССР забяспечвае функцыяніраванне беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, захаванне нацыянальных традыцый і гістарычнай сімволікі.

Нацыянальныя, культурныя і гістарычныя каштоўнасці на тэрыторыі Беларускай ССР з’яўляюцца выключна ўласнасцю рэспублікі і яе грамадзян.

Артыкул 10

Беларуская ССР мае права на ўласныя Узброеныя Сілы, унутраныя войскі, органы дзяржаўнай і грамадскай бяспекі, падкантрольныя Вярхоўнаму Савету Беларускай ССР.

Беларуская ССР мае суверэннае права вызначаць парадак і ўмовы праходжання яе грамадзянамі вайсковай службы, службы ў органах дзяржаўнай і грамадскай бяспекі, вырашаць пытанні размяшчэння войск і ўзбраення на сваёй тэрыторыі.

Ніякія вайсковыя фармаванні іншых краін, іх ваенныя базы і пабудовы не могуць быць размешчаны на тэрыторыі Беларускай ССР без згоды яе Вярхоўнага Савета.

Беларуская ССР ставіць мэтай зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а рэспубліку – нейтральнай дзяржавай.

Артыкул 11

Беларуская ССР самастойна ажыццяўляе правы на дабраахвотныя саюзы з іншымі дзяржавамі і свабодны выхад з гэтых саюзаў.

Беларуская ССР прапануе неадкладна прыступіць да распрацоўкі Дагавора аб саюзе суверэнных сацыялістычных дзяржаў.

Артыкул 12

Палажэнні дадзенай Дэкларацыі рэалізуюцца Вярхоўным Саветам Беларускай ССР шляхам прыняцця новай Канстытуцыі (Асноўнага Закона) Беларускай ССР, законаў Беларускай ССР.

27 ліпеня 1990 года
г. Мінск

You may also like...