Першы беларускі ўрад – 20.02.1918 г.

20 лютага 1918 г. пасьля адступленьня зь Менска бальшавісцкіх войскаў Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду сфармаваў першы Беларускі ўрад (Народны Сакратарыят).

Сакратарыят абвясціў сябе вярхоўнай уладай у краі да “склікання на дэмакратычных асновах Устаноўчага Сходу Беларусі”. У кастрычніку 1918 Народны Сакратарыят быў перайменаваны ў Раду Народных Міністраў БНР і ў наступным быў вядомы як Урад БНР. Сёньня функцыі Ўраду БНР у выгнаньні выконвае Прэзыдыюм Рады БНР.

Спачатку ва ўрад на чале зь Язэпам Варонкам уваходзілі 7 чалавек, але пасьля іх колькасьць была даведзеная да 15-ці. Паводле ўспамінаў Кастуся Езавітава, склад першага ўраду БНР быў наступны:

Язэп Варонка — старшыня і народны сакратар (міністар) міжнародных справаў,

Іван Макрэяў — народны сакратар унутраных справаў,

Аркадзь Смоліч — народны сакратар асьветы,

Яўхім Бялевіч — народны сакратар справядлівасьці,

Янка Серада — народны сакратар народнай гаспадаркі,

В. Рэдзька — народны сакратар шляхоў зносін,

Тамаш Грыб — народны сакратар земляробства,

Палута Бадунова — народны сакратар апекі,

А. Карач — народны сакратар пошты і тэлеграфу,

Пётра Крэчэўскі — народны сакратар кантролю,

Гелі Белкінд — народны сакратар фінансаў,

Павал Злобін — сакратар расейскіх справаў,

Майсей Гутман — «першы таварыш» (першы намесьнік) старшыні і сакратар габрэйскіх справаў,

Канстантын Езавітаў — «другі таварыш» старшыні і народны сакратар вайсковых справаў,

Лявон Заяц — загадчык справаў Народнага Сакратарыяту

You may also like...