Мэдаль да 100-годзьдзя БНР уручаны С. Шушкевічу, С. Алексіевіч, Ул. Арлову, Р. Гарэцкаму, С. Антончыку

18 чэрвеня ў Менску адбылося ўручэньне Мэдалёў да стагодзьдзя БНР Станіславу Шушкевічу, Уладзімеру Арлову, а таксама Радзіму Гарэцкаму, Сяргею Антончыку і Сьвятлане Алексіевіч.

Станіслаў Шушкевіч – Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі XII скліканьня, першы галава адроджанай незалежнай беларускай дзяржавы з 1991 па 1994 гг., падпісант ад імя Беларусі Белавескіх пагадненьняў і першых дзяржаватворчых дакумэнтаў Беларусі.

Сяргей Антончык – дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі XII скліканьня, сябра Апазыцыі БНФ, якая сталася галоўным рухавіком дэмакратычных пераменаў у Беларусі ў 1990 – 1991 гг.

Уладзімер Арлоў – выбітны літаратар і гісторык, адзін з найбольш яскравых папулярызатараў беларускае гісторыі, аўтар шматлікіх мастацкіх і навукова-папулярных твораў.

Радзім Гарэцкі – выбітны беларускі навуковец-геоляг, сябра Акадэміі Навук Беларусі, а таксама шматгадовы грамадзкі актывіст, сябра Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” і Таварыства беларускае мовы імя Ф. Скарыны, публіцыст.

Сьвятлана Алексіевіч – сусьветна вядомая беларуская пісьменьніца і журналістка, ляўрэят Нобэлеўскае прэміі па літаратуры, якая распавяла сьвету пра выпрабаваньні, празь якія ў XX стагодзьдзі прайшлі беларусы разам з іншымі народамі былога СССР. Сьвятлана Алексіевіч не змагла асабіста прысутнічаць на цырымоніі з-за хваробы, мэдаль ёй будзе перададзены Ул. Арловым.

Уручэньне адбылося ў будынку, дзе 25 сакавіка 1918 г. была прынятая Трэцяя ўстаўная грамата Рады БНР (цяперашняя вул. Валадарскага, дом 7).