Сымон Рак-Міхайлоўскі

14 красавіка 1885 г. у Вялейскім павеце нарадзіўся Сымон Рак-Міхайлоўскі, беларускі палітык, сябра Рады БНР, пасол Сэйму у міжваеннай Польшчы, член ЦВК БССР, расстраляны НКВД у 1938 г.

У 1900—1904 вучыўся ў Маладэчанскай настаўніцкай сэмінарыі; потым настаўнічаў на Маладэчаншчыне. У час рэвалюцыі 1905—1907 за распаўсюджаньне сацыял-дэмакратычнай літаратуры зьняволены на 3 месяцы ў Вялейцы, потым вымушаны зьехаць у Крым. У 1912 у Фэадосіі скончыў пэдынстытут. Вярнуўся на радзіму. Арганізоўваў беларускія школы. Стаў чальцом Беларуская Сацыялістычнай Грамады.

З пачаткам Першай сусьветнай вайны ў 1914 мабілізаваны ў расейскае войска. Ваяваў на Румынскім фронце. Пачаў публікавацца ў 1915 (артыкул “З думак у паходзе” ў “Нашай ніве”).

Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у Менску. Узначаліў Цэнтральную вайсковую раду.

З 1918 сябра Рады БНР. У 1918—1919 сябра Беларускай Вайсковай Камісіі.

У 1918—1920 жыў у Гародні, працаваў у беларускай гімназіі. Рэгулярнай публіцыстычнай творчасьцю пачаў займацца з 1919. У 1920—1922 дырэктар Беларускай настаўніцкай сэмінарыі ў Барунах. Адначасова, з восені 1920, настаўнік Віленскай беларускай гімназіі.

У 1922 абраны дэпутатам польскага Сэйму ад Блёку Нацыянальных Меньшасьцяў. Ад 1923 – чалец Цэнтральнай школьнай рады (з 1926 — Галоўнай управы) Таварыства Беларускае Школы. З 1925 намесьнік старшыні ЦК Беларускай Сялянска-Работніцкае Гамады. Ад 1926 сябра КПЗБ. Рэдактар “Бюлетэня пасольскага клюбу БСРГ”; сябра Беларускага выдавецкага таварыства ў Вільні.

Арыштаваны польскімі ўладамі па справе БСРГ 15 студзеня 1927. Віленскім акруговым судом 22 траўня 1928 на “працэсе 56-і” асуджаны да 12 гадоў турмы. Паводле рашэньня апэляцыйнага суду вызвалены ў 1930. Увайшоў у склад камітэту “Змаганьне”.

З-за пагрозы новага арышту пераехаў у кастрычніку 1930 у БССР, жыў у Менску.

Зь лютага 1931 і да арышту працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музэю. Уступіў у ВКП(б). У 1931—1932 быў чальцом ЦВК БССР.

Арыштаваны ГПУ БССР 16 жніўня 1933 у Менску па адрасе вул. К. Маркса, 2-і Дом Саветаў, па справе “Беларускага нацыянальнага цэнтру”. 9 студзеня 1934 рашэньнем судовай калегіі ОГПУ СССР як “арганізатар і кіраўнік контррэвалюцыйнай арганізацыі БНЦ”, прысуджаны да расстрэлу; прысуд заменены на 10 гадоў лягероў. Адпраўлены на Салаўкі. 5 верасьня 1937 этапаваны ў Менск, дзе 14 лістапада 1938 “асобай тройкай” НКВД БССР прыгавораны да расстрэлу.

Рэгабілітаваны ваенным трыбуналам савецкай Беларускай Вайсковай Акругі 18 красавіка 1956. Асабовая справа Р. № 10182-с (спынена 16.8.1956) захоўваецца ў архіве КДБ РБ.

Быў жанаты, гадаваў дваіх дзяцей. У Маладэчне яго імем названая вуліца.