Павал Вэнт

17 чэрвеня 1880 у Менскай губэрні нарадзіўся генэрал Павал Вэнт, беларускі вайсковец і дыплямат.

Нарадзіўся ў шляхецкай лютэранскай сям’і. Скончыў Кадэцкі корпус, Міхайлаўскае артылерыйскае вучылішча, Электра-Тэхнічныя Курсы (інстытут), Ваенна-аўтамабільную школу, Мікалаеўскую ваенную акадэмію з дадатковым курсам Генэральнага штаба.

Падчас Грамадзянскай вайны ў Расеі — начальнік штаба Заходняй арміі, камандэр Крымскага коннага палка.

Пасля выдзяленьня, са згоды французаў, Урадам УНР сродкаў на фармаваньне беларускіх вайсковых частак, у Адэсе пачалося фармаваньне беларускае дывізіі, яе камандэрам быў прызначаны П. Вэнт, якому неўзабаве прысвоілі генэральскі чын.

Камандэр Асобнай беларускай дывізіі на поўдні Расеі і прадстаўнік БНР пры штабе войскаў Кааліцыі. Падчас эвакуацыі ў канцы сакавіка — пачатку красавіка 1919 г. французаў і «белых» з Адэсы, мусіла эвакуявацца і беларуская дывізія, аднак камандэр дывізіі П. Вэнт застаўся ў Адэсе.

Бальшавікі на базе дывізіі пачалі фармаваньне беларускай савецкай брыгады, якая хутка налічвала ўжо 10 тысяч байцоў, камандаваў брыгадай генэрал П. Вэнт.

Нацыянальна настроеныя беларускія афіцэры выступалі за перадысьлякацыю брыгады ў Менск, але гэта не было дазволена. У Адэсе пачалося паўстаньне М. Грыгор’ева, да якога далучыўся Павал Вэнт. Пасьля падаўленьня паўстаньня Вэнт зьехаў з Адэсы.

Пазьней Вэнт быў інструктарам Генэральнага штаба летувіскай арміі і вайсковым радцам пры Вайскова-дыпляматычнай місіі БНР у Эстоніі і Латвіі, генэрал-маёрам БНР.

Быў асабіста ўпаўнаважаны Радай народных міністраў БНР весьці перамовы з урадам Эстоніі пра прызнаньне Эстоніяй незалежнасьці БНР і пра пасярэдніцтва Эстоніі ў перамовах з урадам Савецкай Расіі. У рамках сваёй працы Вэнт вёў ліставаньне з камандэрам Асобнага атрада БНР у Эстоніі — генэралам Станіславам Булак-Балаховічам па пытаньнях фармаваньня атрада.