ПАМЯЦЬ ПРА ДРУГУЮ СУСЬВЕТНУЮ ВАЙНУ ПАВІННА БЫЦЬ ПАДМУРКАМ МІРУ, СВАБОДЫ І ДЭМАКРАТЫІ – ЗАЯВА РАДЫ БНР

(English translation)

У гэты дзень 80 гадоў таму гітлераўская Нямеччына напала на сталінскі СССР, пачаўшы найбольш драматычны для Беларусі этап Другой Сусьветнай вайны.

У сваёй заяве да 70-годзьдзя ад заканчэньня Другое Сусьветнае вайны Рада БНР адзначала:

“У вайне загінула больш за чвэрць жыхароў Беларусі. Гэтая лічба ўключае загінулых з усіх бакоў фронту, а таксама ўсіх загінулых цывільных жыхароў. Істотную частку ахвяраў (да 800 тысяч) склалі беларускія габрэі, якіх нямецкія нацысты мэтанакіравана вынішчалі.

Вайна пачалася для Беларусі ў верасьні 1939 году, калі нацыстоўская Нямеччына і сталінскі СССР пасьля падпісаньня Пакту Молатава-Рыбэнтропа ўдвох напалі на Польшчу, і на ўсіх этапах суправаджалася масавым тэрорам супраць мірнага насельніцтва, учыненага ўсімі бакамі канфлікту.

Перамога над нацыянал-сацыялістычнай Нямеччынай, важны ўнёсак у якую зрабілі беларусы, выратавала мільёны людзей ад прамой пагрозы фізычнага вынішчэньня. На жаль, у выніку вайны Беларусь не атрымала свабоды, але на амаль 50 гадоў засталася пад савецкай акупацыяй, якая суправаджалася русіфікацыяй і рэпрэсіямі супраць іншадумцаў, у тым ліку супраць прыхільнікаў дзяржаўнага сувэрэнітэту Беларусі.”

Рада БНР паўторна выказвае рашучае асуджэньне ўсіх таталітарных ідэалёгіяў XX стагодзьдзя, перадусім гітлераўскага нацыянал-сацыялізму побач з савецкім камунізмам.

Рада БНР салідарызуецца з рашэннямі Нюрнбэрскага трыбуналу ў асуджэньні даказаных вайсковых злачынстваў, зьдзейсьненых на тэрыторыі Беларусі нямецкімі войскамі і іхнымі хаўрусьнікамі, у тым ліку як беларусамі, так і расейскімі нацыяналістамі і прадстаўнікамі іншых краінаў. Рада БНР асуджае ўсе арганізацыі, прызнаныя злачыннымі рашэньнем Нюрнбэрскага трыбуналу.

Разам з тым, Рада БНР асуджае прапагандысцкае злоўжываньне тэмаю трагедыі Другой Сусьветнай вайны з боку таталітарнага савецкага рэжыму і ягоных сучасных спадкаемцаў.

Камуністычныя ўлады выкарыстоўвалі калясальную траўму беларускага народу ад вайны дзеля маніпуляваньня нашым народам, распальвання варажнечы да іншых краінаў, прыхаваньня памяці пра масавы савецкі палітычны тэрор і масавыя савецкія вайсковыя злачынствы, а таксама дзеля ўмацаваньня сваёй злачыннай антыбеларускай улады.

Рада БНР заяўляе, што былы прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка ёсьць адзіным галавой сучаснай эўрапейскай дзяржавы, які зьяўляецца адкрытым ідэйным пасьлядоўнікам як савецкага, так і гітлераўскага рэжымаў.

А. Лукашэнка публічна рабіў антысэміцкія заявы і заявы пра непаўнавартаснасьць беларускай мовы, культуры і дзяржаўнасьці.

А. Лукашэнка публічна выказваў захапленьне палітычнымі практыкамі А. Гітлера і за амаль тры дзесяцігодзьдзя свайго незаконнага кіраваньня выбудаваў палітычную сыстэму Беларусі ў адпаведнасьці з гітлераўскімі прынцыпамі пагарды да дэмакратычных свабодаў і правоў чалавека, пагарды да парлямэнцкай дэмакратыі, а таксама канцэнтрацыі абсалютнае ўлады ў адных руках.

Праўдзівая памяць пра Другую Сусьветную вайну і яе ахвяраў, пра злачынствы нацыянал-сацыялістычнага і камуністычнага рэжымаў на тэрыторыі Беларусі, павінна быць падмуркам усьведамленьня каштоўнасьці міру, свабоды і дэмакратыі для беларусаў і людзей усяго сьвету.

You may also like...