Вячаслаў Бортнік атрымаў амэрыканскую Прэзыдэнцкую ўзнагароду за валянтэрскую службу

Сябра Прэзыдыму Рады БНР Вячаслаў Бортнік атрымаў амэрыканскую Прэзыдэнцкую ўзнагароду за валянтэрскую службу (President’s Volunteer Service Award), срэбная ступень.

Узнагароду кожны год уручае прэзыдэнт ЗША асобам, якія актыўна праявілі сябе на грамадзкай добраахвотніцкай працы. Сп. Бортнік адзначаны перадусім як актывіст і адзін зь лідараў беларускае дыяспары ў ЗША.

Вячаслаў Бортнік

Вячаслаў Бортнік пракамэнтаваў:

“Для мяне валянтэрства заўсёды было ладам жыцьця. Шмат займаўся дабраахвотніцтвам і ў Беларусі, і калі пераехаў у ЗША. Дзяржаўная атэстацыйная камісія, разглядаючы маю кандыдатуру на ўзнагароду, перадусім улічыла маю працу ў Беларуска-Амэрыканскім Задзіночаньні (БАЗА)”.

Прэзыдэнцкая ўзнагарода за добраахвотніцкую працу была заснаваная ў 2003 годзе і адмініструецца Прэзыдэнцкай радай па службе й грамадзянскаму ўдзелу (President’s Council on Service and Civic Participation). Узнагарода ўручаецца прыватным асобам, сем’ям і арганізацыям, якія знаходзяцца па тэрыторыі ЗША, і мае бронзавую, срэбную і залатую ступені, а таксама найвышэйшую ступень – Прэзыдэнцкую прэмію “Заклік да службы” (за валянтэрскую службу цягам жыцьця).

You may also like...