Язэп Лёсік

Язэп Лёсік, II Старшыня Рады БНР

Акадэмік, лінгвіст і пэдагог, шматгадовы палітычны вязень у царскай Расеі і ў СССР. Аўтар шэрагу навуковых працаў і літаратурных твораў.

Нарадзіўся 18 лістапада 1884 году ў вёсцы Мікалаеўшчына Менскага павету ў сялянскай сям’і. У 1902 г. скончыў пэдагагічную вучэльню ў Ноўгарадзе-Северскім (Чарнігаўская губэрня). Пасьля працаваў выкладчыкам расейскае мовы ў Бабруйску і ў мястэчку Грамяч Чарнігаўскай губрэрні.

За ўдзел у рэвалюцыйных выступленьнях у 1905 Я. Лёсіка арыштавалі, але яму ўдалося зьбегчы і некалькі гадоў хавацца ад перасьледу. У 1911 Я. Лёсіка паўторна арыштавалі, прысудзілі яму бестэрміновае высяленьне ў Іркуцкую губэрню (Сыбір).

Будучы ў ссылцы, Язэп Лёсік заняўся самаадукацыяй, супрацоўнічаў з «Нашай Нівай», падтрымліваў сувязь зь пісьменьнікамі і грамадзкімі дзеячамі ў Беларусі.

Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі, у сакавіку 1917 г., Я. Лёсік вярнуўся ў Беларусі, дзе ўключыўся ў дзейнасьць беларускага нацыянальнага руху. У 1917—1918 гг. рэдагаваў газэту «Вольная Беларусь».

Я. Лёсік быў адным з актыўных удзельнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Як яе прадстаўнік увайшоў у склад створанага Беларускага Нацыянальнага Камітэту, потым абраны ў прэзыдыюм Цэнтральнай рады беларускіх арганізацыяў і Вялікай беларускай рады.

У сьнежні 1917 г. Язэп Лёсік удзельнічаў у Першым Усебеларускім кангрэсе. Ён увайшоў у склад Рады БНР і быў адным з ініцыятараў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году. З траўня 1918 году па сьнежань 1919 г. Язэп Лёсік займаў пасаду Старшыні Рады БНР. Як кіраўнік беларускай дзяржавы Я. Лёсік імкнуўся дабіцца прызнаньня незалежнасьці БНР на міжнароднай арэне, а таксама прадухіліць страту Беларусьсю тэрыторыяў. Камунікаваў з прадстаўнікамі Нямеччыны, Польшчы, ЗША і іншых краінаў, меў сустрэчу з кіраўніком Польшчы Юзафам Пілсудзкім.

У ліпені 1920 г., пасьля паўторнай акупацыі Менску бальшавікамі, Язэп Лёсік адышоў ад палітычнай дзейнасьці і заняўся навуковай, культурнай, адукацыйнай і літаратурнай працай. Зь ліпеня 1921 году выкладаў у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце і ў Беларускім пэдагагічным тэхнікуме.

У 1922 годзе Я. Лёсік абраны чальцом Інбелкульту. Прыняў удзел у рабоце Тэрміналягічнай камісіі Інбелкульту, і з пачатку 1930-х гадоў ён займаў пасаду яе прэзыдэнта. У 1927 годзе ён быў прызначаны дырэктарам Інстытуту беларускай мовы, і ў 1928 годзе — чальцом і акадэмікам Акадэміі навук Беларусі.

У 1922 годзе быў выдадзены падручнік «Практычная граматыка беларускае мовы» аўтарства Я. Лёсіка, які быў нэгатыўна прыняты акупацыйнымі савецкімі ўладамі. У пачатку лістапада 1922 году Лёсік быў арыштаваны, але ў сьнежні быў выпушчаны пасьля ўмяшаньня наркама асьветы Ўсевалада Ігнатоўскага.

14 ліпеня 1930 г. Язэп Лёсік быў арыштаваны па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». 6 сьнежня 1930 г. Савет народных камісараў БССР на патрабаваньне бюро Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі пазбавіў яго тытулу акадэміка. Пастановай Калегіі ОГПУ СССР Я. Лёсік быў сасланы на 5 гадоў у Саратаўскую вобласьць, дзе ён выкладаў расейскую мову і літаратуру ў пэдагагічных тэхнікумах. У лістападзе 1934 г. Я. Лёсік атрымаў амністыю без права вяртаньня ў Менск.

25 чэрвеня 1938 году Я. Лёсік быў арыштаваны па справе «Контррэвалюцыйнай арганізацыі палітссыльных у Саратаве». 31 сакавіка 1940 году на спэцыяльным пасяджэньні НКВД быў прыгавораны да пяці гадоў ГУЛАГу. Памёр на наступны дзень у Саратаўскай турме: паводле афіцыйнай вэрсіі ад сухотаў, паводле іншай крыніцы ён быў застрэлены адразу пасьля абвяшчэньня прысуду. Месца пахаваньня невядомае.

Язэп Лёсік быў пасьмяротна рэгабілітаваны: 8 кастрычніка 1958 году па другім прысудзе праз Акруговы суд Саратава і 10 чэрвеня 1988 году — Вярхоўным Судом БССР па першым прысудзе. У 1990 годзе яму вярнулі званьне акадэміка. Групавая справа Лёсіка і іншых разам з фотаздымкамі захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі (№ 20951-с).