Выступ Заступніка Старшыні Рады БНР М. Пачкаева на мітынгу ў Лёндане

11 ліпеня Заступнік Старшыні Рады БНР і Старшыня Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі Мікалай Пачкаеў выступіў на мітынгу салідарнасьці з Беларусьсю на Трафальгарскай Плошчы ў Лёндане.

Пераклад ягонага выступу з ангельскай мовы:

“Я хачу выказаць вялікую ўдзячнасьць арганізатарам, а таксама нашым брытанскім сябрам, такім як праф. Алан Флаўэрс, якія салідарызуюцца з намаганьнямі аднавіць дэмакратыю ў Беларусі напрацягу многіх гадоў [праф. Флаўэрс быў папярэднім выступоўцам].

Надзвычай прыемна бачыць на мітынгу столькі новых маладых беларусаў, якія мабыць упершыню прыйшлі да беларускага грамадзкага актывізму ў гэтым годзе.

Я прадстаўляю Згуртаваньне Беларусаў у Вялікай Брытані, арганізацыю, заснаваную ў 1946 годзе. Шматгадовы досьвед Згуртаваньня ў Вялікай Брытаніі, і дзейнасьць Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, дае нам пэўныя ўзоры, мець якія на ўвазе будзе карысна і ўсім, хто бярэ ўдзел у беларускім грамадзкім жыцьці ўпершыню.

Важна бачыць сябе ня проста ўдзельнікам цяперашняй кампаніі, але носьбітам паходні, беларускага сьцягу, напрацягу доўгай гісторыі беларускай нацыянальнай і дэмакратычнай справы.

Згуртаваньне ў Вялікай Брытаніі, Рада БНР, несьлі гэты сьцяг нават праз самыя цёмныя для беларускай справы сталінскія, хрушчоўскія, брэжнеўскія часы, калі мара пра нейкую незалежную дэмакратычную Беларусь здаваля фантастычнай. У канцы 1980х нашых папяпэднікаў на Захадзе ўважалі “старымі дзівакамі” – але ў 1991 Беларусь сталася незалежнай.

Дзякуючы несупыннай працы дыяспары праз 40 гадоў на Захадзе дзяржаўныя службоўцы і зацікаўленыя палітыкі ведалі ў 1991 пра тое, што Беларусь – адметная краіна, а ня проста мэханічна адрэзаны кавалак рускамоўнага савецкага народу, і гэта толькі дапамагала прызнаньню на Захадзе незалежнасьці Беларусі і ўспрыняцья на Захадзе, як нартуральнага выбару, першапачатковаму намеру Рэспублікі Беларусь [у 1991-4 годзе] вярнуцца ў рэчышча агульна-эўрапэйскага жыцьця.

Таму важна быць гатовымі не спыніцца пасьля 9 жніўня. Не вярнуцца проста да прыватнага прафэсыйнага жыцьця і калі будуць вызваленыя ўсе палітычныя вязьні – праз меншы ці большы час пасьля 9 жніўня.

Мы не павінны сыйсьці з беларускага грамадзкага актывізму на Захадзе нават тады, калі Беларусь вернецца да дэмакратыі. Бо тады Беларусь будзе патрабаваць нашай падтрымкі і каб хутчэй атрымаць належнае ёй месца ў эўра-атлянтычнай супольнасьці дэмакратычных нацыяў – даганяючы час пасьля таго, як Лукашэнка стрымліваў яе ад руху да гэтага натуральна належнага ёй месца ў сьвеце напрацягу чвэрці стагоддзя.”

You may also like...