21 сакавіка 1840 г. нарадзіўся Францішак Багушэвіч

Францішак Багушэвіч

21 сакавіка 1840 г. каля Вільні нарадзіўся Францішак Багушэвіч, беларускі паэт, адзін з заснавальнікаў сучаснае беларускае літаратуры, удзельнік паўстаньня 1863—1864 гадоў, адзін з натхняльнікаў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху пачатку 20. стагодзьдзя.

Паходзіў зь небагатай шляхецкай сям’і, дзіцячыя гады правёў у асяродзьдзі, блізкім да сялянскага.

Пачатковую адукацыю атрымаў у Віленскай гімназіі, якую скончыў 26 ліпеня 1861 году. Яшчэ гімназістам Ф. Багушэвіч не застаўся абыякавым да гісторыі і культуры краю, усталяваў сувязі з музэем старажытнасьцяў у Вільні, перадаўшы туды ў 1865 г. некалькі прадметаў краязнаўча-археалягічнага характару.

У тым жа годзе паступіў у Пэтэрбурскі ўнівэрсытэт на фізыка-матэматычны факультэт, аднак праз усяго два месяцы быў выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваньнях.

Вярнуўся на радзіму, працаваў настаўнікам у в. Доцішкі Лідзкага павету. Уступіў у мясцовае рэвалюцыйнае таварыства «пянтковічаў».

Актыўны ўдзельнік паўстаньня 1863—1864 гадоў, быў паранены ў баі ў Аўгустоўскіх лясах. Ягоныя бацька, сястра і брат Апалінар дапамагалі рэвалюцыянэрам.

Ратуючыся ад рэпрэсіяў, вымушаны быў хавацца, а потым пераехаў ва Ўкраіну, дзе пражыў шмат гадоў. З 1865 па 1868 гг. навучаўся ў Нежынскім юрыдычным ліцэі. Пасьля служыў у Чарнігаве і ў Кралявецкім павеце (цяпер Сумская вобласьць) судовым сьледчым.

21 ліпеня 1871 г. загадам Міністэрства юстыцыі ён быў прызначаны судовым сьледчым у Гразявецкі павет Валагодзкай губэрні. Праз год ён вяртаецца ва Ўкраіну, каб сем месяцаў папрацаваць старшым сьледчым Барзьнянскага павету і перайсьці на службу ў Канатоп.

У 1883 годзе каранацыя новага імпэратара Аляксандра III суправаджалася шырокай амністыяй: тысячы паўстанцаў, у тым ліку Багушэвіч, вярнуліся на радзіму. 25 сакавіка 1884 Ф. Багушэвіч зь сям’ёю вярнуўся ў Вільню, дзе працаваў у судовай палаце.

Пісаў артыкулы ў часопіс «Kraj» па-польску. Менавіта ў віленскі пэрыяд разгарнулася яго літаратурная і публіцыстычная дзейнасьць.

Увосень 1891 г. у Кракаве выходзіць першы зборнік паэта «Дудка беларуская» пад псэўданімам Мацей Бурачок. Пры жыцьці паэта пад псэўданімамі былі таксама надрукаваныя вершаваны зборнік «Смык беларускі» (Познань, 1894) і апавяданьне «Тралялёначка» (Кракаў, 1892).

У 1898 г. Багушэвіч звольніўся са службы і пераехаў жыць у в. Кушляны (цяпер Смаргонскі раён), дзе і памёр у 1900 г. Пахаваны ў вёсцы Жупраны Ашмянскага раёну.

Лёс іншых твораў Багушэвіча — зборнікаў «Скрыпачка беларуская» і «Беларускія апавяданні Бурачка» дагэтуль ня высьветлены. У некаторых нэкралёгах па аўтару згадвалася, што кніжка пасьпела выйсьці ў сьвет і нават з партрэтам аўтара, але ніводнага асобніка выданьня дагэтуль ня выяўлена.

You may also like...