Цімох Вострыкаў

28 жніўня 1922 г. на Гомельшчыне нарадзіўся Цімох Вострыкаў – дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву, прадстаўнік Рады БНР, палітычны вязень у СССР.

Цімох Вострыкаў нарадзіўся ў вёсцы Баршчоўка Добрускага раёну Гомельшчыны ў заможнай сялянскай сям’і. У 1939 г. ягоны бацька Якім Вострыкаў за адмову ўступаць у калгас быў асуджаны на 3 гады турмы.

У 1940 г. Цімох скончыў двухмесячныя настаўніція курсы і працаваў як настаўнік у Маларыцкім раёне Берасьцейскай вобласьці. Пасьля пачатку савецка-нацыстоўскай вайны ў 1941 г. ён быў мабілізаваны ў Савецкую армію і патрапіў у нямецкі палон. Ён апынуўся ў лягеры для ваннапалонных, аднак адтуль уцёк у Гомель. У 1942 г. Вострыкаў тры месяцы адпрацаваў у якасьці “остарбайтэра” электразваршчыкам у Нямеччыне, аднак яму ўдалося сымуляваць хваробу, падмануць нямецкія ўлады і вярнуцца назад у Гомель. Пасьля вяртаньня ён працаваў у бацькавай гаспадарцы і некалькі разоў пазьбягаў мабілізацыі ў пронямецкія збройныя фармаваньні.

У 1943 г. перад наступаючымі вайскамі СССР Вострыкаў зьехаў у Нямеччыну. У 1944 г. ён патрапіў у амэрыканскую акупацыйную зону, а ў 1945 г., каб унікнуць прымусовай рэпатрыяцыі грамадзянаў СССР, зьмяніў у дакумэнтах месца нараджэньня на Заходнюю Беларусь, каб выдаць сябе за грамадзяніна міжваеннай Польшчы.

У 1946 г. бацька Вострыкава зноў асуджаны, на гэты раз па фальшывым даносе аб супрацоўніцтве зь нямецкімі ўладамі. Ён пазьней загінуў у ГУЛАГу.

У гэты час, з 1946 па 1948 гг., Цімох вычуўся ў Міхельсдорфскай беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Нямеччыне. У гімназіі ён пазнаёміўся з многімі будучымі дзеячамі беларускай эміграціі, канчаткова стаўшы сьвядомым беларусам. Разам з аднакашнікамі Вострыкаў выдаў і распаўсюдзіў 12 нумароў часопіса “Наперад”.

У канцы 1948 г. разам с сябрамі-выдаўцамі Вострыкаў паехаў у Ангельшчыну працаваць на вугальных шахтах. Працаваўшы там два гады, у 1950 г. Вострыкаў сустрэў Барыса Рагулю, які запрапанаваў яму і ягоным сябрам навучаньне у Лювэнскім унівэрсытеце ў Бэльгіі, дзе Цімох правучыўся паўтары гады на фізкультурным факультэце.

У 1951 г. Вострыкаў прайшоў спэцпадрыхтоўку на амэрыканскай вайсковай базе ў Бадвэрысгофэне пад Мюнхенам, і ў ноч з 26 на 27 жніўня 1952 г. дэсантаваўся на тэрыторыю акупаванай Беларусі як прадстаўнік Рады БНР.

Група была выкрытая за адзін тыдзень, магчыма, у выніку здрады. Вострыкаў быў засуджаны на тэрмін у 23 гады лягероў агульнага рэжыму, які ён цалкам адбыў у чатырох розных лягерах у Мардовіі. У кожным лягеры яму ўдавалася стварыць беларускае асяродзьдзе колькасцю ў прынамсі паўсотні чалавек, у якім была арганізаваная культурна-асьветніцкая дзейнасьць і змаганьне за правы вязьняў. У лягерах Вострыкаў пачаў пісаць гістарычную працу па гісторыі ВКЛ.

Вызваліўся ў 1975 г. і да пачатку 1980-х гадоў працаваў будаўніком, пакуль ня выйшаў на пэнсію. У дзевяностыя гады Вострыкаў пачаў актыўна займацца грамадзка-культурнай дзейнасьцю на Гомельшчыне, выступаў у грамадзкіх і дзіцячых устанавах з публічнымі декцыямі на гістарычныя тэмы.

Памёр 13 лістапада 2007 у Гомелі. Да самай сьмерці ня быў рэабілітаваны афіцыйнымі ўладамі.

Глядзі таксама

Верш Цімоха Вострыкава:

 

Жыве Літва — Беларусь!

Маці краіна — наша дзяржава,
Нас ты зьяднала дружбаю зноў.
Бела-чырвона-белы сьцяг славы
Велічна ўзьняўся наноў.

Мы, беларусы, колісь — літвіны
Доўгім змагарным шляхам ішлі
Выгнаць хапугаў, каб іх краіне,
Даць дабрачыннасць жыцьці.

Спадчыну нашу — дзедавы гоні
Ў бітвах за праўду Бог ратаваў.
Люд акрылёны роднай “Пагоняй”
Гонар і волю каваў.

Нашых абшараў — цуда прыроды,
Мы не дадзім іх ніколі на зьдзек.
Дай жа нам, Божа, шчырае згоды,
Моцнай дзяржавы вавек!