Ці была БНР паўнавартаснай дзяржавай? Аналіз з пункту гледжаньня права

БНР была дзяржавай з пункту гледжаньня міжнароднага права. Таму мы можам сьмела адзначаць 25 сакавіка як дзень станаўленьня беларускае дзяржаўнасьці.

У момант абвяшчэньня БНР у 1918 годзе існавала зусім іншая сыстэма міжнароднага права – так званае клясычнае міжнароднае права. Сучасная сыстэма міжнароднага права ўсталявалася толькі пасьля Другой сусьветнай вайны. БНР існавала ў той час, калі вайна была інструмэнтам вырашэньня канфліктаў, а анэксія лічылася цалкам законным спосабам набыцьця тэрыторыяў (хоць Расея сёньня вяртае нас у тую рэальнасьць). Ды і пра ўнівэрсальнасьць правоў чалавека ніхто ня чуў.

Менавіта таму сучасныя нормы і ўяўленьні аб тым, што такое дзяржава, нельга ўжываць да сытуацыі абвяшчэньня БНР. У праве ёсьць прынцып інтэртэмпаральнасьці – паводле яго, сытуацыю трэба ацэньваць праз нормы міжнароднага права ў тым выглядзе, у якім яны існавалі ў адпаведны час, а ня ў тым, як яны існуюць сёньня.

Ці магла БНР абвяшчаць незалежнасьць?

Абвяшчэньне незалежнасьці як такое не забароненае міжнародным правам. У нашыя дні пра гэта сказаў Міжнародны Суд ААН у кансультацыйным заключэньні з нагоды абвяшчэньня незалежнасьці Косава ў 2008 годзе. Вядома, не забаронена гэта было і ў 1918-м. Асабліва, калі ўлічыць, што гэта быў час распаду імпэрый і стварэньня новых дзяржаваў.

Ці была БНР дзяржавай?

У пытаньні пра тое, што такое дзяржава, найбольш часта спасылаюцца на Канвэнцыю Монтавідэё аб правах і абавязках дзяржаваў 1933 года. Яна як раз і вызначае правасуб’ектнасьць дзяржаваў з пункту гледжаньня міжнароднага права.

Артыкул 1 Канвэнцыі сярод прыкметаў дзяржавы вызначае:

(А) пастаяннае насельніцтва;

(Б) пэўную тэрыторыю;

(В) урад;

(Г) здольнасьць да ўступленьня ў адносіны з іншымі дзяржавамі.

Так, Канвэнцыя была прынятая пасьля абвяшчэньня БНР. Але замацаваныя ў ёй прыкметы можна лічыць звычаем – яны і цяпер ужываюцца ў міжнародным праве. У агульнай тэорыі права пад прыкметамі дзяржавы разумеюць тэрыторыю, насельніцтва і ўладу, а «міжнароднікі» дадаюць наяўнасць міжнародных сувязяў.

Сваім насельніцтвам БНР лічыла беларусаў, а тэрыторыяй – месцы, дзе беларускае насельніцтва мае колькасную перавагу. Трэцяя Устаўная грамата БНР абвяшчала яе тэрыторыяй «усе землі‚ дзе жыве і мае лічбенную перавагу беларускі народ‚ а ласьне: Магілеўшчыну‚ беларускія часьці Меншчыны‚ Гарадненшчыны (з Горадняй‚ Беластокам і інш.)‚ Віленшчыны‚ Віцебшчыны‚ Смаленчшыны і сумежных часьцяў суседніх губэрняў‚ заселеных беларусамі».

Безумоўна, у той час БНР кантралявала ня ўсе землі, правы на якія заяўляла. Але і цяпер ёсьць нямала дзяржаваў, якія ня маюць кантролю над часткай сваёй тэрыторыі і лічаць яе «часова акупаванай». У якасьці самых блізкіх нам прыкладаў можна прывесьці Ўкраіну, Грузію ці Малдову.

Ўрад у БНР таксама быў: дзейнічалі Народны сакратарыят і Рада, якія і ажыцьцяўлялі ўладу ў БНР.

Праціўнікі БНР звычайна заяўляюць, што рэспубліка “ня мела ўласнай Канстытуцыі, выразна акрэсльеных дзяржаўных межаў, праваахоўных і судовых органаў, уласнай фінансавай і падатковай сыстэмы і шэрагу іншых найважнейшых атрыбутаў дзяржавы”. Але стварэньне органаў дзяржаўнай улады, як і напісаньне Канстытуцыі, патрабуе часу, якога БНР ня мела. Тым больш, што і цяпер некаторыя дзяржавы ня маюць Канстытуцыі як асобнага прапісанага юрыдычнага дакумэнта – так што гэты аргумэнт наогул ня мае дачыненьня да права.

Трэба ўлічваць, што абвяшчэнне БНР адбывалася ва ўмовах вайны і пры пастаянных тэрытарыяльных прэтэнзіях суседзяў. Таму абмежавацца Сакратарыятам і Радай было цалкам разумным рашэньнем. Тым больш, што яны ажыцьцяўлялі рэальнае кіраўніцтва краінай: улады БНР займаліся гандлем, выдавалі пашпарты, прымалі скаргі ад насельніцтва, рабілі прызыў у войска і нават уступалі ў адносіны з іншымі дзяржавамі.

БНР рассылала сваіх консулаў і дыпляматаў. У Коўне, Рызе, Канстантынопалі, Кіеве, Адэсе, Празе, Бэрліне, Гданьску, Капэнгагене ды іншых гарадах працавалі дыпляматычныя і вайскова-дыпляматычныя місіі БНР, консульствы і прадстаўніцтвы. Паміж БНР і Украінскай Народнай Рэспублікай адбыўся абмен консульствамі, а ў Кіеве была адчыненая Беларуская гандлёвая палата.

Так што фармальным крытэрам Канвэнцыі Монтавідэё 1933 г. БНР адпавядае. Таму мы смела можам называць яе дзяржавай.

БНР не была нікім прызнаная. Чаму яна ўсё роўна лічыцца дзяржавай?

Так, БНР афіцыйна ніколі не была прызнаная ніводнай дзяржавай, што існавала ў той момант. Менавіта на гэты аргумэнт часта спасылаюцца для доказу адсутнасьці дзяржаўнасьці БНР.

Канвэнцыя Монтавідэё 1933 года заявіла, што існаваньне дзяржавы не залежыць ад прызнаньня іншымі дзяржавамі. У гэтым выпадку ўжываецца дэкляратыўная тэорыя прызнаньня. Расейскі навуковец Фёдар Мартэнс яшчэ ў канцы 19 стагодзьдзя пісаў, што “дзяржава ўзьнікае і існуе самастойна; прызнантнем яе толькі канстатуецца яе нараджэньне”. Зараз дэкляратыўная тэорыя прызнаньня таксама пераважае ў міжнародным праве.

Хоць БНР і ня мела прызнаньня de jure, наяўнасьць консульстваў у іншых дзяржавах і гандлёвыя адносіны з імі можна лічыць прызнаньнем de facto, што зьяўляецца адной з формаў міжнародна-прававога прызнаньня.

Гісторыя сучаснай Беларусі пачынаецца менавіта з БНР. Бо менавіта абвяшчэньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, колькі б яна ні існавала, паказала імкненьне беларускага народу да атрыманьня дзяржаўнасьці.

Крыніца: Аляксандра Багуслаўская, “Беларусский журнал”, 24 сакавіка 2018 г.

Арыгінал

You may also like...