ЗАЯВА РАДЫ БНР АБ НЕАДКЛАДНЫМ ВЫВАДЗЕ РАСЕЙСКІХ ВОЙСКАЎ ЗЬ БЕЛАРУСІ
З самага пачатку паўнамаштабнай вайны Масквы супраць Кіеву Рада БНР выказала сваю падтрымку ўкраінскаму народу ў змаганьні з агульным ворагам — імпэрскай Расеі, і асудзіла ўдзел нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі. Гэтая пазыцыя заставалася нязьменнай усе гады, цягам якіх за свабоду Ўкраіны змагаліся ў тым ліку і беларускія добраахвотнікі.
У кантэксьце цяперашняй падрыхтоўкі міжнароднай дамовы, Рада БНР вітае крокі да ўсталяваньня міру, якія не супярэчаць прынцыпам міжнароднага права і сувэрэнітэту Ўкраіны.
Пры гэтым Рада БНР зьвяртае ўвагу ўдзельнікаў перамоўнага працэсу, што сапраўдны, трывалы мір у рэгіёне немагчымы без гарантыяў незалежнасьці Беларусі, аднаўленьня ў ёй канстытуцыйных нормаў і правядзеньня свабодных выбараў.
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выступае за неадкладны вывад расейскіх войскаў (у тым ліку і ядзернай зброі) з тэрыторыі Беларусі і лічыць неабходным зафіксаваць гэта ў міжнароднай дамове.

