Першы Ўсебеларускі Кангрэс

5 сьнежня 1917 г. у Менску пачаў сваю працу Першы Ўсебеларускі Кангрэс (Зьезд) – першая ў найноўшай гісторыі прадстаўнічая агульнабеларуская канфэрэнцыя, на якой беларускае грамадзтва мела выказаць сваю пазыцыю па пытаньні далейшага разьвіцьця краю. На зьезьдзе была сфармаваная Рада, якая потым ператварылася ў Раду БНР і дзейнічае па сёньняшні дзень.

Паседжаньні адбываліся ў пэрыяд 5—17 сьнежня 1917 году з матэрыяльнай падтрымкай уладаў Савецкае Расеі. Зьезд сабраў шматлікіх беларускіх палітычных дзеячоў, якія прадстаўлялі Менскую, Магілёўскую, Віцебскую, Смаленскую, Гарадзенскую губэрні і беларускамоўныя паветы Ковенскай, Віленскай і Бранскай губэрняў. Сярод дэлегатаў былі прадстаўнікі земстваў, беларускіх палітычных партый, дэпутаты Ўсерасейскага Ўстаноўчага Сходу, абраныя ад беларускіх губэрніяў на дэмакратычных выбарах за два тыдні перад гэтым, і многія іншыя.

Да 14 сьнежня было зарэгістравана 1872 дэлегаты. Старшынёю зьезду быў абраны кіраўнік Беларускай Вайсковай Рады Ян Серада.

Зьезд ухваліў шэраг момантаў, між іншым абвясьціў права беларускага народу на незалежнасьць і самавызначэньне, а таксама прыняцьце дэмакратычнай форму ўраду.

У ноч зь 17 на 18 сьнежня Зьезд пасьпеў прыняць першы пункт свае выніковае рэзалюцыі:

“Першы Усебеларускі Зьезд пастанаўляе: неадкладна ўтварыць з свайго складу орган краёвай улады ў асобе Усебеларускага Савета сялянскіх, салдацкіх, рабочых дэпутатаў, які часова становіцца на чале кіравання краем”

Адразу пасьля прыняцьця гэтага пункту войскі Савецкае Расеі гвалтоўна разагналі Зьезд.

Зьезд выбраў сваю Раду, у склад якой увайшоў 71 прадстаўнік розных палітычных партыяў. Рада Зьезду і яе Выканаўчы камітэт працягвалі дзейнасць у падполлі. Пазней яны адыгралі важную ролю ў абвяшчэнні БНР і ўтварылі Раду Беларускае Народнае Рэспублікі, якая дзейнічае і па гэты дзень.

You may also like...