Дэклярацыя Рады Случчыны, 28-29.11.1920

28-29 лістапада 1920 г., пасьля першых баёў беларускіх войскаў з бальшавікамі, Рада Случчыны зрабіла новую дэклярацыю, у якой пацьвярджала прыхільнасьць асноўным пунктам палітычнай праграмы беларускага незалежніцкага руху:

***

У момэнт самаадзначэньня ўсіх народаў і барацьбы іх за сваю самастойнасць і свабоду Беларусі Рада Случчыны, выпалняючы волю сялянства, паслаўшага яе і даверыўшага ёй абарону незалежнасьці нашай Бацькаўшчыны Беларусі, падымае сьцяг барацьбы за свабодную незалежную Беларусь і заяўляе ўсяму міру:

1. Беларусь павінна быць вольнай незалежнай Народнай Рэспублікай у яе этнаграфічных межах.

2. Асноўныя законы Беларускай Народнай Рэспублікі будуць выпрацаваны Белар[ускім] Устан[оўчым] Соймам, сазваным на аснове агульнага, роўнага, простага, патаемнага і прапарцыянальнага выбарчага права.

3. Прызнаваючы, што земля павінна належаць працоўнаму народу і што прыватная ўласнасць на зямлю касуецца, Рада Случчыны думае, што нормы землекарыстаньня (землепользование) маюць быць выпрацаваны толькі Бел[арускімі] Уст[аноўчы]мі зборамі. Да разьвязаньня ж гэтага пытаньня ў Уст[аноўчым] Сойме ўсе пастановы Часовай улады павінны згаджацца з вышэйпаказаным прынцыпам. Усе ж лясы і нутра зямлі павінны быць уласнасьцю Рэспублікі.

4. Да сазыва Устан[оўчага] Сойму павінны быць прыняты самыя шырокія меры для абароны правоў і інтарэсаў працаўнікоў, як, напрыклад, аб увядзеньнi найбольшага 8–мі гадзін[авага] дня, кантроля над дабрабытам, мінім[ума] зараб[отнай] платы і г.д.

5. У мэтах барацьбы з вырастаючай спэкуляцыяй і ўпарадкаваньня тавараабмену паміж местам і вёскаю Рада Случчыны прыме меры к разьвіцьцю на шырокіх пачатках усіх відаў коопэрацыі.

6. Уперад да скончаньня развязваньня гэтага пытаньня ў Уст[аноўчы]м Сойме прызнаем на тэрыт[орыі] Бел[арусі] свабоду слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў, рэлігій, незачэпнасьць асобнасьці і памяшчэньняў.

7. Прыдаючы першаступеннае значэньне народнай прасьвеце, РС будзе старацца к агульнаму абучэньню ў самым шырокім маштабе.

8. У рубяжох БНР прызнаюцца правы ўсіх меншасьцяў на нац[ыянальную] пэрсан[альную] аўтаномію.

Абвяшчаючы аб гэтым і зьяўляючыся выразіцельніцай волі народа, Рада Случчыны дакляруе цьвёрда стаяць за незалежнасьць і свабоду роднае Беларусі і бараніць інтарэсы сялянства ад насільляў з боку чужаземных захватчыкаў, у выпадку патрэбнасці нават сілаю аружжа, нягледзячы на лічэбную перавагу праціўніка, думаючы, што наша справа — справа праўдзівая, а праўда заўсёды закрасуе.

Копія з чарнавіка, складзеная ў м.Семежава.
(З запісаў Васіля Русака).

Дэклярацыя Рады Случчыны – копія з чарнавіка

(Н. Стужынская. Беларускія матэрыялы ў фондах Рускага замежнага гістарычнага архіва. Вяртанне–6. C. 307.

Ілюстрацыя: актывісты беларускага нацыянальнага руху на Случчыне, 1920 г.)

You may also like...