Матар’ялы XXVI Сэсіі Рады БНР

XXVI Сэсія Рады БНР прайшла ў Нью-Ёрку 3 лістапада 2007 г. Удзельнічалі радныя зь некалькіх краінаў Эўропы й Паўночнай Амэрыкі.

Зраніцы адбылося паседжаньне Прэзыдыюму Рады БНР. Папаўдні пачала працу сама сэсія. Пачалася яна ўшанаваньнем памяці тых радных, якія адыйшлі ў лепшы сьвет цягам апошніх двух гадоў, ад часу правядзеньня папярэдняй сэсіі.

Удзельнікі сэсіі зацьвердзілі прыняцьце чатырох новых сябраў Рады БНР.

На сэсіі былі прынятыя рэзалюцыя і пастанова, тэксты якіх друкуюцца ніжэй.

Рэзалюцыя XXVI Сэсіі Рады БНР

Пра захаваньне беларускіх гістарычных здабыткаў

1. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) прызнае варожай беларускім нацыянальным інтарэсам палітыку пануючай улады ў Рэспубліцы Беларусь (РБ), скіраваную на падаўленьне беларускай гістарычнай памяці.

2. Палітычны рэжым РБ спалучае эканамічную эксплюатацыю Беларусі са зьнішчэньнем, у тым ліку карыстаючыся гаспадарчай матывацыяй, рысаў яе адметнага гістарычнага і культурнага аблічча. Распачатая ў 1994 годзе новая вайна ўладаў супраць беларускай гісторыі сёньня перанесеная на матэрыяльныя здабыткі нацыянальнае спадчыны. Яскравым прыкладам сталася руйнаваньне гістарычнай забудовы Горадні, зьнішчэньне помнікаў у Менску.

3. Рада БНР надае вялікае значэньне захаваньню матэрыяльных сьведчаньняў нацыянальна-культурнай гісторыі краіны. Помнікі, што ствараюць краявід беларускіх местаў і мястэчак, умацоўваюць сьвядомасьць нацыянальна-гістарычнай пераемнасьці беларускай гісторыі. Пасьля нязьлічоных стратаў ад войнаў ды дзесяцігодзьдзяў сыстэматычнай “саветызацыі”, асаблівую каштоўнасьць набываюць захаваныя архітэктурныя ляндшафты з часоў перад захопам беларускіх земляў Расейскай імпэрыяй і перадсавецкіх часоў.

4. Рада БНР зазначае, што адвольныя адміністрацыйныя рашэньні ўладаў выклікаюць востры пратэст сярод грамадзка-актыўных грамадзян, перадусім моладзі. Рада БНР падтрымлівае і высока ацэньвае грамадзянскую мужнасьць змагароў за захаваньне нацыянальнай спадчыны Беларусі.

5. Рада БНР указвае на недапушчальнасьць ужываньня гаспадарчых матываў для зьнішчэньня гістарычных і архэалягічных помнікаў. Няздольнасьць бачыць каштоўнасьць гэтых аб’ектаў для будучыні нацыянальна-культурнага быцьця беларускага народу – яскравае сьведчаньне антынацыянальнага характару сёньняшніх уладаў у Беларусі.

6. Рада БНР нагадвае аб грамадзянскай адказнасьці спэцыялістаў і ўрадоўцаў пры прыняцьці рашэньняў аб захаваньні гістарычнай спадчыны. Пасьля аднаўленьня дэмакратычнага ладу ў Беларусі роля і дзеяньні службовых асобаў РБ у прычыненьні шкоды аб’ектам гістарычнай спадчыны павінны быць прадметам юрыдычнага разгляду, каб вызначыць іх легітымнасьць ды магчымыя падставы для прыцягненьня адпаведных асобаў да судовай грамадзянскай ці крымінальнай адказнасьці.

7. Рада БНР таксама зьвяртае ўвагу беларускіх і замежных інвэстараў-удзельнікаў адпаведных праектаў на рызыку заангажаваньня ў гаспадарчых праектах з палітычным падтэкстам, магчымых на падставе адміністрацыйных рашэньняў ды рэалізаваных насуперак вострым пратэстам грамадзка-актыўных грамадзян, бо вынікі такіх праектаў могуць падлягаць праўнаму перагляду ў будучым.

Пастанова XXVI Сэсіі Рады БНР

Аб падтрымцы беларускай моладзі

У апошні час рэжым Лукашэнкі ўзмацніў рэпрэсіі супраць актывістаў адраджэнскіх моладзёвых арганізацыяў, якія найактыўней змагаюцца за Незалежнасьць Беларусі, за захаваньне беларускай мовы і культуры, нацыянальных традыцыяў. Супраць беларускіх моладзёвых актывістаў распачатыя крымінальныя справы, сотні чалавек караюцца арыштамі і штрафамі, звальненьнямі з працы і выключэньнямі з навучальных устаноў. Некалькі лідэраў асуджаныя на працяглыя тэрміны зьняволеньня.

У сваёй нянавісьці да ўсяго беларускага рэжым дайшоў да таго, чаго не было нават у камуністычныя часы: моладзь арыштоўваюць ужо за адно толькі выкарыстаньне беларускай мовы. Працягваецца і перасьлед тых, хто ўздымае Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, асьвечаны стагодзьдзямі беларускай гісторыі, хто вымаўляе змагарны лёзунг “Жыве Беларусь!”.

Адначасна ўлада стварае і фінансуе зь бюджэту (за сродкі падаткаплацельшчыкаў) моладзеёвыя структуры, якія стаяць на пазыцыях падтрымкі рэжыму, адрынаюць нацыянальныя каштоўнасьці і спрыяюць расейскай асыміляцыі моладзі.

Рада БНР выказвае падтрымку ўсім тым моладзёвым актывістам, якія знаходзяць у сабе сьмеласьць выступаць у абарону беларускай Незалежнасьці, нацыянальных і дэмакратычных каштоўнасьцяў. Рада БНР зьвяртаецца да парлямэнтаў і ўрадаў з заклікам ужыць усе магчымыя сродкі ціску на афіцыйны Менск дзеля як найхутчэйшага вызваленьня Зьмітра Дашкевіча, Артура Фінькевіча, іншых палітзьняволеных, спыненьня крымінальнага і адміністрацыйнага перасьледу моладзёвых актывістаў.

You may also like...