З нагоды гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла падпісала дэкрэты аб узнагароджаньні адзнакамі Рады БНР.

За асабісты гераізм, выяўлены ў змаганьні з расейскімі агрэсарамі за волю народаў Украіны і Беларусі Ордэнам Жалезнага рыцара ўзнагароджаная добраахвотніца Марыя Зайцава (пасьмяротна). Імя гэтай дзяўчыны, якая была цяжка параненая сілавікамі ў часе народнага пратэсту супраць узурпацыі ўлады Лукашэнкам у 2020 годзе, а потым ваявала на фронце і гераічна загінула, увойдзе ў гісторыю беларускай нацыі як сымбаль няскоранасьці і адданасьці ідэалам свабоды.
Чатыры асобы ўзнагароджаныя мэдалём Ордэну Пагоні.
Ксёндз Вячаслаў Барок у барацьбе дабра са злом застаўся на баку сваіх вернікаў, якія праглі свабоды. Ён быў адным з тых сьвятароў, якіх кінулі за краты ў 2020 годзе за грамадзянскую пазыцыю. Ён працягвае несьці Боскае слова да беларусаў у касьцёле сьв. Аляксандра ў Варшаве.
Тацьцяна Гацура-Яворская — стваральніца і кіраўніца рэабілітацыйнага Цэнтру «Ланка» (у Беларусі вядомае як «Зьвяно»), яна ўратавала жыцьці сотняў добраахвотнікаў, якія змагаюцца з расейскімі агрэсарамі ва Ўкраіне.
Алег Грузьдзіловіч вызначаўся сваёй адданасьцю нацыянальнаму Адраджэньню яшчэ ў пачатку 90-х гадоў. Вэтэран незалежнай журналістыкі, ён застаўся верным прынцыпам свабоды слова і быў зьняволены за сваю прафэсійную дзейнасьць.
Крысьціна Шыянок дапамагала эвакуацыі і лячэньню ў Чэскай Рэспубліцы параненых у выніку злачынных дзеяньняў лукашэнкаўскіх сілавікоў, а таксама пацярпелых ад рэпрэсій беларускіх мэдыкаў. Цяпер яна ўзначальвае Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Празе і імкнецца, каб тэма змаганьня за незалежнасьць Бацькаўшчыны, лёс палітычных вязьняў заставаліся пад увагай чэскіх палітыкаў.
Віншуем узнагароджаных і зычым ім плённай працы на карысьць Беларусі!
Вечная слава тым, хто аддаў жыцьцё за свабоду і Незалежнасьць!