ЗАЯВА РАДЫ БНР У СУВЯЗІ З ТАК ЗВАНЫМІ ПАРЛЯМЭНЦКІМІ ВЫБАРАМІ

Рада БНР канстатуе, што акцыя, арганізаваная ў Рэспубліцы Беларусь 25 лютага 2024 году незаконным прарасейскім рэжымам Лукашэнкі, ня мае нічога супольнага зь легітымнымі  выбарамі ў легітымны ворган заканадаўчай і прадстаўнічай улады.
Парлямэнтарызм у Беларусі праіснаваў толькі некалькі гадоў у першай палове 90-х і быў зьнішчаны з прыходам да ўлады прарасейскага стаўленіка Лукашэнкі. Менавіта на загад Лукашэнкі ў красавіку 1995 году ў залі парлямэнту былі зьбітыя дэпутаты Беларускага Народнага Фронту, а лістападзе 1996 пры непасрэднай падтрымцы Крамля Лукашэнка зьдзейсьніў дзяржаўны пераварот, зламаўшы Канстытуцыю і ўсталяваўшы рэжым аднаасобнага кіраваньня.
Ад таго часу тое, што ў Рэспубліцы Беларусь лічыцца заканадаўчым і прадстаўнічым ворганам, увасабляе сабой зьдзек з самога прынцыпу парлямэнтарызму, бо так званыя дэпутаты не абіраюцца на свабодных выбарах і цалкам падпарадкаваныя Лукашэнку і ягоным спэцслужбам. З гэтае прычыны ніякія законы і ніякія міжнародныя пагадненьні, прынятыя альбо ратыфікаваныя гэтым антыканстытуцыйным органам, ня могуць лічыцца легітымнымі.
Сёлетнія так званыя выбары адбыліся пры фактычнай акупацыі Беларусі Расеяй, ва ўмовах татальнага тэрору і поўнай ліквідацыі непраўладных палітычных і грамадзкіх інстытутаў. Прызначаныя адміністрацыяй «дэпутаты» ня могуць быць прадстаўнікамі беларускага народу. Усе пастановы гэтых «дэпутатаў» ня будуць мець легітымнай сілы.
Рада БНР перакананая, што толькі на свабодных, дэмакратычных, пазбаўленых фальсыфікацыяў выбарах у сапраўды незалежнай нацыянальнай беларускай дзяржаве, пры наяўнасьці грамадзкіх і міжнародных назіральнікаў, беларускі народ зможа ў поўнай ступені выявіць сваю волю.

25 лютага 2024

You may also like...